Крыж Зміцера Дашкевіча

Зміцер Дашкевіч… Хто не чуў пра гэтага мужнага чалавека! Яму ўсяго 31 год. Тры з іх ён правёў за кратамі, у тым ліку больш за паўгода — у карцары. Недзе з паўгода, калі не больш, — на так званых сутках.Нязломны лідар зарэгістраванага ў Празе (Чэхія) міжнароднага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Малады фронт” нядаўна атрымаў трэці тэрмін — за злоснае парушэнне рэжыму зняволення. Як сведчыць вядомы беларускі дысідэнт, былы савецкі палітзняволены мардоўскіх лагераў Сяргей Ханжанкоў, нават у паслясталінскім СССР вязняў не судзілі за парушэнне рэжыму, а пераводзілі ў ізалятар на 15 сутак, у памяшканне камернага тыпу — да шасці месяцаў, у турму — да трох гадоў ці да заканчэння тэрміну пакарання.

Хоць на календары XXI стагоддзе, сённяшняя Беларусь усё больш нагадвае Савецкі Саюз сталінскіх часоў: права беларусаў “людзьмі звацца” мужна адстойвае за кратамі прадстаўнік старадаўняга беларускага шляхецкага роду Зміцер Дашкевіч. Ён сімвалізуе моладзь, якая ахвяруе сабою дзеля Беларусі і з’яўляецца носьбітам волі, веры і сілы. Менавіта гэтыя якасці нараджаюць маладафронтаўскія каштоўнасці свабоды, справядлівасці і салідарнасці.

Нараджэнне

Сваё нараджэнне Зміцер апісаў так: “У год 1981-ы ад нараджэння Хрыстовага, год абрання на пасаду Рональда Рэйгана, каторы ахрысціў Савецкі Саюз “імперыяй зла”, год першага пераводу гадзіннікавых стрэлак у Савецкім Саюзе на летні час, год забароны прафсаюза “Салідарнасць” і абвяшчэння ваеннага становішча ў Польшчы, год, у які габрэі падабраліся бліжэй да Еўфрату, канчаткова абвясціўшы аб анексіі Галанскіх вышынь у Сірыі, адваяваных імі яшчэ ў 1967-м, год стварэння легендарнага рок-гурта “Кіно”, вось у гэтыя цікавыя часіны і выпала мне з’явіцца на свет 20-га дня месяца ліпеня.

Няспынны рух па жыцці пачаўся ад самага нараджэння. Спакойна пражываючы ва ўлонні маці дзевяць месяцаў у Магаданскім краі, запатрабаваў я з’явіцца на свет на генетычнай Бацькаўшчыне. З гэтай пазіцыяй бацькі павінны былі лічыцца і таму адправіліся ў падарожжа да родных мясцін. У гэтым шляху і ўбачыў я ўпершыню, дзякуй Богу, не магаданскія вышыні, а краявіды беларускага Палесся. Адбылося гэта на Гомельшчыне, у Ельску, каля якога, у вёсцы Багуцічы, пражываюць мае стрыечныя бабуля і дзядуля, у каторых мы якраз і спыніліся 20 ліпеня. Тата, канешне ж, не мог дапусціць, каб гэта сталася афіцыйным біяграфічным месцам майго нараджэння, бо ёсць надта вялікім патрыётам сваёй малой радзімы — Івацэвіччыны, у якой юрыдычна мяне і прапісаў. Таму афіцыйнае месца майго нараджэння, якое я мушу паўтараць перад пачаткам кожнага судовага пасяджэння, гучыць наступным чынам: вёска Кушняры Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Тое недалёка ад вобласці Гомельскай, і таму я пагадзіўся.

Забяспечыўшы такім чынам мяне фактычным і юрыдычным месцамі нараджэння, бацькі паехалі далей таптаць снягі Магаданшчыны. Першыя свае крокі зрабіў там і я, адклаўшы ў памяці і магаданскія ўзвышшы, і снягі, і кедры. Назад на радзіму бацькі вярталіся напрыканцы 1986 года, хаця і планавалі раней. Аднак абставіны склаліся такім чынам, што выбух чарнобыльскага рэактара мы прамінулі сустрэць, знаходзячыся яшчэ на Далёкім Усходзе. 87-ы ж год мы сустрэлі ўжо ў невялічкім гарадку Старыя Дарогі, што на Міншчыне, дзе я пражыў да 1999 года. У 2000 годзе я пераехаў у Мінск, дзе ў 2001-м далучыўся да дзейнасці “Маладога фронту”.

Выбітны беларускі паэт і ўдзельнік апошняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі Уладзімір Някляеў назваў Дашкевіча нацыянальным героем, цвёрдым і мужным рамантыкам, гатовым на ўсё дзеля Радзімы. Гэта, на думку Някляева, у Зміцера ад бацькі.

Продкі

Успамінае бацька Зміцера Вячаслаў Уладзіміравіч:

— Я раней лічыў, што Зміцеру, магчыма, перадаліся мае гены, бо я ніколі не мог лізнуць там, дзе трэба было брахаць. Але ў Бібліі неяк прачытаў, што гены бацькі могуць знікаць праз пакаленне, а гены маці — вечныя…

Родам я з вёскі Кушняры, што ў шасці кіламетрах ад Івацэвічаў. У нашай сям’і было шэсць сыноў, бацькі займаліся сельскай гаспадаркай, прычым тата лічыўся адукаваным і разумным чалавекам, бо скончыў чатыры класы царкоўна-прыхадской школы. Акрамя таго, ён служыў у польскім войску і так выдатна вывучыў польскую мову, што яго па вымаўленні не адрознівалі ад карэннага варшавяніна. Бацькі жылі някепска, мелі пяць гектараў ворнай зямлі і адзін гектар сенажаці, добрыя сад і пчальнік, а таксама самы вялікі дом у Кушнярах.

Што помніцца з дзяцінства? Па расповедах родных, калі ў верасні 1939 года ў Заходнюю Беларусь прыйшлі саветы, да моста на бальшаку сустракаць Чырвоную Армію сабраліся сяляне з трох навакольных вёсак. Людзі апрануліся ў лепшае, як у царкву. І нейкі чырвонаармеец вылез з танка, паглядзеў навокал і сказаў: “А чего это нас одно кулачьё встречает? А где трудовой люд?” Ён, мабыць, лічыў, што працоўныя сяляне не павінны так хораша выглядаць…

Пасля свайго прыходу саветы адчынілі ўсе турмы, дзе было шмат крымінальнікаў. Адзін з іх яшчэ пры паляках нашу хату абакраў: узяў сувой палатна і яшчэ нешта. І на судзе маці назвала тое, што скраў гэты злодзей. Пасля вызвалення з-за кратаў былы крымінальнік прыйшоў да маці і сказаў: “Гэта шчасце тваё, што ты нічога не прыбавіла, а назвала толькі тое, што я ўзяў. Інакш табе была б труба!”

Вайна, акупацыя, восень… Трымаюся за матчыну спадніцу, бо страшна: наляцелі эсэсаўцы-карнікі і сагналі ў наш двор процьму людзей — амаль усю вёску, каля якой пачынаўся вялікі суцэльны лес, што ідзе на Гродзеншчыну. Аказваецца, партызаны недалёка спалілі мост на бальшаку, што звязваў Кушняры і іншыя вёскі з Івацэвічамі. На вуліцы холадна, але адзін з карнікаў, паказваючы на наша вялізнае гумно, па-польску кажа: “Зябка? Хутка сагрэецеся ў той стадоле”. Ён меў на ўвазе, што хутка ўсіх спаляць у гумне. І тады стараста — мой стрыечны дзед, жонка каторага была маёй хроснай маці, — хуценька запрог каня і пачаў па вёсцы збіраць тое, што людзі давалі: масла, яйкі, малако, смятану — цэлы воз прывёз, каб адкупіцца ад карнікаў. Людзі крычалі, што яны невінаватыя, бо немцы рабуюць днём, а партызаны — ноччу. Так яно, дарэчы, і было. Карацей, ледзьве адкупіліся…

Пасля вайны вельмі цанілася жывіца — смала сасновая, каторую збіралі і прадавалі нават у Англію. Бацька спачатку быў возчыкам жывіцы, а потым — майстрам участка хімлясгаса. На наш двор бочкі з жывіцай звозілі з бліжніх участкаў, а з дальніх — у зямлянкі ва ўрочышчах Мацееўка і Пыхава Гара, што каля Воўчых Нор, дзе зараз месціцца калонія. У гэты час на пачатку 1950-х гадоў у нашай хаце, частка якой па дамоўленасці пераходзіла пад праўленне калектыўнай гаспадаркі, арганізоўваўся калгас. Бацька адразу заявіў: “Забірайце жонку, забірайце дзяцей, забірайце ўсю гаспадарку, але я ў калгас не пайду!” Пры гэтым бацька напісаў заяву ў калектыўную гаспадарку ад імя жонкі, і на наступны дзень усе вясковыя жанчыны прынеслі такія ж заявы. Але ніводны мужчына ў калгас не пайшоў. Тату зноў пачалі ўгаворваць, каб напісаў заяву, і паабяцалі, што ён застанецца на сваёй працы, паколькі жывіца — стратэгічная сыравіна. Урэшце бацька згадзіўся, і на наступны дзень усе мужчыны прынеслі заявы ў калгас, якому надалі імя Андрэя Жданава…

Адносіны паміж бацькамі былі вельмі цёплыя. Бацька быў старэйшы за маці, апякаў яе з дзяцінства і нікому не дазваляў да яе дакранацца, нават на танцах. Такія ж добрыя адносіны былі і да дзяцей. Бацькі былі веруючыя, і мы ніколі не чулі ад іх брыдкаслоўя. Маці казала: “Нікому не жадай дрэннага, інакш раней ці пазней усё гэта вернецца да цябе”. Малітвамі лячыла людзей ад спалоху і ўдару. Як і бабуля, маці была абсалютна непісьменная, і пасля вайны мы з старэйшымі братамі навучылі яе грамаце па праграме лікбезу, і яна пачала чытаць друкаваныя літары і нават распісвацца. Увогуле, маці не ведала свайго таты, бо яна нарадзілася праз паўгода пасля таго, як ён з’ехаў уАмерыку. Калі ж я стаў камсамольцам, дык не ўтойваў гэты факт у сваіх анкетах і прасіў маці, каб знайшла дзеда. Але яна адмовілася: “Я тады не была яму патрэбная, а мне ён цяпер зусім не патрэбны. Я ўжо выгадавалася, вырасла, у самой дзеці…” Бацька не дажыў сем месяцаў да 90 год, а маці пражыла на дзесяць гадоў менш. Абодва пахаваны ў Кушнярах, як і іх бацькі…

Першыя сем класаў я вучыўся па-беларуску, а з восьмага — у рускамоўнай сярэдняй школе ў Івацэвічах. Найбольш запомнілася смерць Сталіна 5 сакавіка 1953 года. У гэты дзень мяне выклікалі па рускай літаратуры, а я не ведаў і павінен быў атрымаць двойку. Раптам вучылку выклікалі, праз некаторы час яна прыйшла і плача: “Іосіф Вісарыёнавіч памёр!..” А я — двойку не атрымаў.

У школе мне запомніўся адзін цікавы настаўнік — выкладчык астраноміі. Яму было 70 год, а ён з намі стометроўку бегаў і, калі ў класе хто чыхне, дык скажа: “Будзьце здаровыя!” А яшчэ ён любіў гаварыць пра тое, што чым цямней ноч, тым ярчэй зоркі. Зоркі ж на небе я вельмі часта любіў разглядаць. І цяпер таксама…

Пачаў працаваць гадоў з шасці. Спачатку паводзіў каня і абганяў бульбу, потым баранаваў, затым сеяў і хадзіў за сошкай. Гадоў у 14–15 ужо ўсё рабіў, у тым ліку касіў і араў. Пасля дзявятага класа лета працаваў на ўборцы каноплі, а пасля школы скончыў курсы шафёраў у Баранавіцкім аўтамотаклубе, але давялося змяніць прафесію, бо з-за няшчаснага выпадку страціў нагу і з 18 год хаджу з пратэзам. У Мінску адвучыўся на кінамеханіка і больш за два гады з перасоўнымі кінапраектарам і электрастанцыяй вандраваў па сельскіх клубах і школах. Потым працаваў у Івацэвічах рознарабочым, мулярам і, урэшце, з чацвёртай (!!!) спробы паступіў на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Можа, гэта адбылося б і з першай спробы, але я, як Раман — герой трылогіі Міколы Стэльмаха “Хлеб і соль”, не з тых людзей, хто выстаўляе сваю бяду напаказ, як жабрак сваё калецтва…

Дарэчы, мая проба пяра адбылася яшчэ падчас вучобы ў школе. У райцэнтры неяк купіў гнілы селядзец, але прадаўшчыца адмовілася яго забраць і нават даць кнігу скаргаў. Тады пайшоў у рэдакцыю раённай газеты “Кастрычнік” і з дапамогай мясцовых журналістаў напісаў невялічкую нататку “Тухлы селядзец і кніга скаргаў”. Калі ж яна была апублікаваная і я ўбачыў у газеце сваё прозвішча, гэта мяне вельмі заінтрыгавала і вырашыла мой далейшы лёс.

Вучыўся заўзята (першыя два гады — завочна) і працаваў старшым кінамеханікам раённага кінатэатра, а потым перавёўся на стацыянар, дзе вельмі старанна грыз навуку і атрымліваў часцей за ўсё чацвёркі і пяцёркі. Двойчы падчас летніх вакацый у складзе студэнцкага будаўнічага атрада БДУ ездзіў у Чапаеўскі раён Уральскай вобласці, дзе будаваў лазню і краму, за што быў адзначаны медалём “За асваенне цалінных зямель”.

Пра шмат што даводзілася пісаць падчас стажыроўкі ў сваёй раёнцы і “Звяздзе”, якая тады была органам ЦК КПБ, а таксама падчас працы на Магілёўшчыне ў Горацкай раённай газеце “Ленінскі шлях”.

Так, для івацэвіцкай раёнкі я напісаў фельетон, у якім крытыкаваў начальніка мясцовай міліцыі за тое, што даішнікі злавілі п’яным за рулём дырэктара раённага кінатэатра, а назаўтра аддалі яму правы. Усе свае прыгоды, звязаныя з падрыхтоўкай гэтай публікацыі, я выклаў у матэрыяле “Як я пісаў фельетон”, каторы занёс у “Звязду”. Аднак у апошні момант галоўны рэдактар газеты зняў з паласы мой матэрыял за тое, што я асмеліўся крытыкаваць начальніка раённай міліцыі. Пры сустрэчы з рэдактарам я заявіў, што за кожнае слова ў сваім матэрыяле адказваю сваім сумленнем і сваёю галавою, на што пачуў у адказ: “А што мне твая галава, мне свая важней…” І чаму я мог навучыцца ў такіх людзей падчас практыкі?

Хоць у газеце “Ленінскі шлях” я працаваў адказным сакратаром, часта даводзілася і самому пісаць артыкулы. Аднойчы прыйшла ў рэдакцыю нейкая жанчына і запытала, чаму яе ліст доўга не друкуюць. Аказалася, што гэтая жанчына перад вайной выйшла замуж за афіцэра, які потым служыў у Брэсцкай крэпасці і загінуў пры яе абароне. А сама яна з двума малымі дзецьмі пешшу прайшла праз усю акупаваную Беларусь і дайшла аж да Смаленшчыны. Больш за месяц я збіраў матэрыялы пра лёс гэтай сям’і: размаўляў з жанчынай і яе дзецьмі, пісаў лісты ў музей Брэсцкай крэпасці і ваенныя архівы. Вынікам стала публікацыя “Дзеці ішлі на ўсход”, якая была прызнана лепшым артыкулам месяца і адзначана рэдактарам павышаным ганарарам.

Доўга давялося змагацца за аднаўленне на працы аднаго настаўніка вясковай школы, які быў нашым селькорам і старшынёй цэхавай групы народнага кантролю ў саўгаснай брыгадзе. Аднойчы рабочыя саўгаса заявілі гэтаму настаўніку, што ім няправільна налічылі грошы за пераборку бульбы. Настаўнік звярнуўся да сакратара цэхавай партарганізацыі — дырэктара школы, які адмахнуўся ад заявы рабочых. І тады настаўнік напісаў у “Ленінскі шлях” невялікую заметку пра пазіцыю сакратара цэхавай партарганізацыі. Пасля гэтай публікацыі на настаўніка пачаліся ганенні, якія скончыліся звальненнем са школы. Разам з карэспандэнтам абласной газеты мы паехалі ў гэтую вёску і прагледзелі ўвесь журнал дырэктара па ўліку працы настаўнікаў, з якога вынікала, што звальненне было помстай за публікацыю. Нягледзячы на новыя артыкулы ў абарону настаўніка ў раёнцы і абласной газеце, а таксама ўсе мажлівыя высілкі па аднаўленні звольненага праз суд, ён застаўся без працы і быў выключаны з партыі. Дзесьці знайшлі архіўныя дакументы, што настаўнік у маладосці хварэў на шызафрэнію, хаця пасля гэтага скончыў тэхнікум і інстытут, а затым 10 год бездакорна працаваў у школе. Па гэтым пытанні мы ўжо вырашылі пісаць у абкам КПБ, як мяне выклікалі на пасяджэнне бюро райкама партыі. І першы сакратар райкама мне кажа: “Дык хто, таварыш Дашкевіч, мае рацыю — выканкам раённага савета і бюро райкама ці вы?” На што я адказаў, што па гэтым пытанні праўда выключна на маім баку, а не на іхнім. Так яно і адбылося. Пасля нашага ліста ў абкам КПБ настаўніку замест выключэння з партыі толькі паставілі на від, але ж на працы не аднавілі. І ён прадаў сваю хату і з’ехаў з вёскі…

У 1976 годзе я згадзіўся з прапановай парторга газеты папрацаваць на ўборачнай у адной з гаспадарак раёна падчас летняга адпачынку, які ў мяне складаў 36 рабочых дзён, у тым ліку 12 — за актыўнае донарства. Пайшоў у калгас “Праўда” памочнікам камбайнера да рахманага, працавітага механізатара Якава Галухіна, які проста не ўмеў дрэнна рабіць… Працаваў я з ім тры сезоны — 1976, 1977 і 1978 гадоў. Прычым у 1978 годзе нас вырашылі “пагнаць” на рэспубліканскі рэкорд — на “Ніве СК-5” намалаціць тысячу тон збожжа. Тыдзень мы працавалі на поўдні раёна і паціху рухаліся на поўнач. Выгружаліся толькі на хаду, нават на хаду спрабавалі запраўляцца. Працавалі ад золку да цямна, а больш дакладна — ад расы да расы нароўні з ўсімі механізатарамі. Бо старшыня калгаса разумеў, што нас нельга пасылаць на лепшыя ўчасткі, каб пазбегнуць лішняй гаворкі. Неяк прыязджае да нас старшыня і просіць паспрабаваць падняць раней зжатыя валкі збажыны, якая пачала прарастаць травою на полі каля шашы Горкі–Шклоў–Магілёў, дзе праз дзень павінна ехаць нейкая дэлегацыя. Падняць гэтыя валкі не змаглі тры экіпажы камбайнаў, але мы згадзіліся, замянілі жатку на падборшчык і пашуравалі. А збожжа моцна прарасло, на нейкім участку падборшчык як схопіць валок, дык цягне метраў дзесяць. І тут трэба імгненна зарыентавацца, каб камбайн не забіла і ён не заглух. Не раз так і было. Дык я хадзіў наперадзе і разрываў прарослыя валкі. З-за гэтага недаглядзеў: зляцеў ланцуг саломанабівальніка і зламаўся яго вал. Пакуль камбайнер з шафёрам ездзілі за новым валам, я разабраў зламаны. Але яны ў спешцы ўзялі іншы вал — для “Коласа”. Прайшло яшчэ колькі гадзін, пакуль прывезлі тое, што трэба. Працавалі мы на гэтым полі ўсю ноч. Пад раніцу я ўжо проста падаў. Добра, што мяне змяніў брат камбайнёра, і мы ўсё-такі даканалі тыя валкі…

Апошнія пяць гектараў аўсу мы зжалі халоднай ветранай ноччу ўжо ў кастрычніку і за сезон намалацілі 1262 тоны збожжа. За гэты рэкорд наш экіпаж атрымаў стос розных грамат, у тым ліку ад ЦК КПБ, Савета міністраў і Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

Бацькі

— У гэты час у “Ленінскі шлях” на практыку прыйшла мая будучая жонка і маці Зміцера — студэнтка журфака БДУ Вольга Шкала, — працягвае Вячаслаў Уладзіміравіч. — Я як паглядзеў на яе, як яна на мяне паглядзела — і ўсё тут было вырашана. Сама яна родам з палескай вёскі Багуцічы. Пасля таго як яе бацька памёр ва ўзросце 37 год, яна з маці жыла спачатку ў Новакузнецку, а потым у вёсцы Расна Горацкага раёна. Каб паступіць на журфак, тады быў патрэбны працоўны стаж. І Вольга два гады працавала рабочай спіртзавода, затым год вучылася на падрыхтоўчым аддзяленні БДУ і, нарэшце, стала студэнткай. 7 красавіка 1979 года мы з Вольгай ажаніліся, і я паехаў на Далёкі Усход.

Пра яго я марыў больш за пяць год — хацеў на “край свету”, свет пабачыць…

Пісаў лісты галоўным рэдактарам абласных газет у Паўднёва-Сахалінск, Петрапаўлаўск-Камчацкі, Анадыр і Магадан. Але мае лісты накіроўваліся ў рэдакцыі мясцовых раёнак, дзе журналістаў не хапала. Таму я атрымліваў адказы з раёнак Камчаткі, Сахаліна і Чукоткі. Аднак я марыў працаваць у абласной газеце, і не таму, што перарос раёнку, а таму, што хацеў павандраваць па вобласці. Але ж у абласных газетах, відаць, ніхто не хацеў купляць ката ў мяшку. Урэшце я атрымаў запрашэнне на працу ў пасёлак Ягаднае Магаданскай вобласці і падумаў: вечная мерзлата — і нейкае Ягаднае там?

Спачатку на Далёкі Усход адправіўся сам, Вольга пасля заканчэння першага курса перавялася на завочнае аддзяленне, а потым прыехала да мяне. Працавала прыбіральшчыцай, у бібліятэцы, статыстыкам райкама партыі, загадчыкам аддзела абаронна-масавай і спартыўнай работы райкама камсамола і некаторы час — журналістам раёнкі. Воленька была чалавекам бязмежна верным, праўдзівым, духоўным і самаахвярным. Яна была закаханая ў мяне. І хто б да яе ні заляцаўся, яна ўсім казала: “Прабачце, у мяне ёсць Слава…” Прычым гэтая вернасць на генетычным узроўні была арганічнай часткай яе асобы. Да гэтай пары маёй настольнай кнігай з’яўляецца Біблія, якую напаўгалодная Вольга прывезла ў 1993 годзе з Адэсы на Далёкі Усход, набыўшы гэтую кнігу за апошнія грошы. Яна заўсёды клапацілася пра нас з сынам, старалася аддаваць нам усё лепшае, часам — за кошт сябе. Я добра памятаю, як яна мне прывезла з семінара ва Уладзівастоку прыгожы вельветавы касцюм — вельмі модны на пачатку 1980-х гадоў…

На Калыме я працаваў спачатку загадчыкам эканамічнага аддзела газеты, а потым рэдактарам раёнкі ў Амсукчане. Пісаў пра рознае, у тым ліку пра здабычу золата і будаўніцтва Калымскай ГЭС — першай у свеце на вечнай мерзлаце. Машынны зал станцыі будавалі ў скале, праз якую былі вырублены вялізныя тунэлі, дзе маглі размінуцца два 40-тонныя БелАЗы. Дарэчы, на гэтых машынах перакрывалі Калыму, у тым ліку і бацька з сынам — патомныя вадзіцелі. І галава сям’і на маё пытанне пра наш беларускі вялікагрузны самазвал сказаў наступнае: ”Залатая машына! Пры належным доглядзе няма ёй цаны. Зручная ў кіраванні, манеўраная, лёгка бярэ груз, што перавышае нарматыўны”.

Аднойчы атрымліваю “Правду” і бачу ў рубрыцы “Там, дзе ўладарыць капітал” два здымкі: негр прыбірае тратуар каля хмарачосу, а жанчына калупаецца ў нейкай скрыні. У подпісах пад здымкамі гаварылася, што гэтым людзям не хапае пенсіі на жыццё і таму мужчына вымушаны месці вуліцу каля банка, дзе ў яго няма рахунку, а жанчына, каб нечым пажывіцца, калупаецца ў сметніку. Мяне гэта вельмі абурыла, і я адразу напісаў ліст сваім калегам у “Правду” пра тое, што не кожны савецкі дворнік мае банкаўскі рахунак і што ў Савецкім Саюзе таксама можна знайсці чалавека, каторы калупаецца ў сметніку. Ліст я закончыў пытаннем: чаму ж я магу навучыцца ў маіх старэйшых калег? Прыкладна праз месяц я атрымаў афіцыйны адказ з “Правды” пра тое, што мае “бясспрэчна каштоўныя заўвагі будуць улічаны ў далейшай працы”. А пра сябе падумаў, што нейкаму добраму чалавеку трапіў мой ліст, а мог бы і ў псіхушку загрымець за спробу вучыць галоўную газету ЦК КПСС.

На радзіму спачатку вярнуўся адзін, паколькі не ведаў, дзе буду працаваць і жыць. Было гэта напрыканцы 1985 года. А Вольга з сынам заставаліся на Поўначы. Яны прыехалі да мяне толькі летам наступнага года, калі я атрымаў кватэру ў Старых Дарогах.

Сын вучыўся ў школе, праяўляў здольнасці да журналістыкі. Яшчэ ў восьмым класе ён напісаў вельмі цікавую гумарэску пра тое, як галосныя літары спрачаліся з зычнымі, дзе чыё месца павінна быць. Дарэчы, яна была апублікавана ў старадарожскай раёнцы. А пасля рэферэндуму 14 мая 1995 года, калі ў краіне было ўведзена двухмоўе, Зміцер стаў размаўляць выключна па-беларуску.

Спачатку я быў супраць яго актыўнай палітычнай дзейнасці. Пасля Плошчы ў сакавіку 2006 года на Зміцера завялі крымінальную справу, а ў ліпені адпусцілі ў ЗША. Перад гэтай вандроўкай я спецыяльна прыязжаў у Мінск, і мы гутарылі з сынам у скверы насупраць будынка КДБ. Зміцер распавёў пра праграму паездкі, а я яму настойліва раіў не вяртацца назад, бо тут яго абавязкова пасадзяць. І тады ён мне сказаў: “Тата, я свой шлях выбраў самастойна і прайду яго да канца, чаго б мне гэта ні каштавала. І давай гэтую тэму закрыем”. І мы яе закрылі. Вось такі Зміцер: не можа лізнуць там, дзе трэба брахаць.

Судовы працэс па другой крымінальнай справе свайго адзінага сына сэрцайка ягонай маці не вытрымала, і 25 красавіка 2011 года — на другі дзень праваслаўнага Вялікадня — Вольга Васільеўна адышла ў лепшы свет на 55-м годзе жыцця. Здаўна лічыцца, што ў такія вялікія святы пакідаюць свет найбольш прыстойныя людзі. Светлая ёй памяць!

З Божай ісцінай

Распавядае нарачоная Дашкевіча, намесніца старшыні “МФ” Наста Палажанка:

— Я пераканана, што жыццё Зміцера і ён сам вельмі змяніліся пасля таго, як у 2001 годзе хлопец далучыўся да “Маладога фронту”. Спачатку ён хацеў у “зубры” (незарэгістраваны маладзёжны рух “Зубр”. — М.Г.), бо пра іх хоць нешта чуў, а пра “Малады фронт” — не. І аднойчы вечарам Дашкевіч папрасіў аднога свайго знаёмага пазнаёміць з “зубрамі”, якія, па ягоных меркаваннях, мусілі збірацца на сядзібе Партыі БНФ. Яна тым вечарам была закрытая, тады Зміцер прыйшоў на наступны, хацеў запісацца ў “Зубр”, але сустрэў Паўла Севярынца, каторы напачатку доволі падазрона ўспрыняў Дашкевіча: Паўла збянтэжыў вельмі нашараваны бліскучы абутак хлопца, што ў той час сярод моладзі лічылася прыкметай “чэкісцкага паходжання”.

На пачатку 2000-х гадоў Дашкевіч працаваў на Чэрвеньскім рынку сталіцы, дзе разам з сябрамі-маладафронтаўцамі стаў паспяхова гандляваць, у асноўным кавай і гарбатай.

І калі на Чэрвеньскім рынку мы збіралі подпісы ў падтрымку Зміцера, зняволенага яшчэ па першай крымінальнай справе, многія гандляры ўспаміналі добрым словам хлопца, які калісьці развозіў у тэрмасах каву і гарбату прадаўцам і пакупнікам, знямелым ад зімняга холаду ці стомленым ад летняй спёкі.

Хаця вучоба Дашкевіча на аддзяленні беларускай філалогіі Віленскага педагагічнага ўніверсітэта перарывалася шматлікімі пасадкамі, ён вучыўся добра і адказна. Шмат чытаў ва ўсе часы, купляў сур’ёзныя кнігі і ўпарта з імі працаваў. Пра гэта сведчаць шматлікія пазнакі на старонках выданняў і выпісаныя з іх найбольш важныя думкі. У вагоне метро ці ў іншым грамадскім транспарце складана было пабачыць Зміцера без кнігі. Яго цікавіць шмат што, у тым ліку беларуская і руская класіка, паліталогія і філасофія, сацыялогія і педагогіка, а таксама розная літаратура хрысціянскага зместу. Я і сёння з задавальненнем карыстаюся яго бібліятэкай, бо сама вучуся па спецыяльнасці “паліталогія” ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільнюсе.

У сталенні асобы Зміцера як унутрана свабоднага чалавека галоўную ролю адыграла вера ў Бога, уцаркаўленне. На лёс Дашкевіча значна паўплываў пастар мінскай царквы “Ян Прадвеснік” Яраслаў Лукасік, якога беларускія ўлады пяць год таму выслалі з краіны. Асаблівае ўражанне зрабілі на Зміцера казані і лекцыі пастара Яраслава пра залаты век Беларусі ў XVI стагоддзі. Дашкевіч прыйшоў да высновы, што краіна зменіцца, стане паспяховай і моцнай тады, калі людзі прымуць евангельскія каштоўнасці ў падмурак свайго жыцця і жыцця краіны.

Зміцер вельмі любіць Беларусь, і покліч “Люблю Беларусь!”для яго не пустыя словы. Гэты чалавек з Божай ісцінай, добрым і мудрым сэрцам, каторы не ідзе на кампрамісы са злом, ён звыкся называць рэчы сваімі імёнамі, ён не баіцца прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць, а таксама ісці на канфлікт, калі ўпэўнены ў сваёй праваце. Пры гэтым Дашкевіч здольны прызнаваць свае памылкі. У сваіх учынках ён зыходзіць з моцнага каштоўнаснага падмурка і разумее — не будзе мець плён тое, што не будуецца на адпаведным грунце. Так, скандальна прагучала заява Зміцера на адным з кангрэсаў дэмакратычных сіл пра тое, што “Малады фронт” ніколі не падтрымае камуністаў, бо не можа быць моцным аб’яднанне на грунце палярных каштоўнасцяў. Ён, як і многія іншыя, упэўнены, што ў краіне не будзе перамен і масавыя палітычныя рэпрэсіі могуць вярнуцца, пакуль прыхільнікі ідэалогіі і практыкі камунізму не пакаюцца за злачынствы супраць беларускага народа, а сам камунізм не будзе асуджаны на нашай зямлі. Зміцер прынцыповы ў гэтым пытанні, і, на маю думку, яго прынцыповасць некаторыя блытаюць з радыкальнасцю. Дашкевіч даволі дыпламатычны палітык, здольны дамаўляцца, але з падмурка каштоўнасцяў ён ніколі не сыходзіў. І гэтая паслядоўнасць Зміцера шмат каму не падабаецца. У тым ліку і ўладам. Яны бачаць, хто з апазіцыйных палітыкаў прыстасоўваецца, хто ў адказны момант трусіць, а хто ідзе да канца згодна са сваім сумленнем і таму ўяўляе сабой небяспеку.

Грамадства павінна адчуваць сувязь з палітвязнямі і адказнасць за гэтых людзей, турбавацца іх лёсам і разумець, што яны пайшлі на крыж і пакуты не дзеля нейкіх выгод і асабістай кар’еры, а за права кожнага беларуса быць грамадзянінам свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Калі такое разуменне будзе, грамадства знойдзе адпаведныя формы салідарнасці з палітзняволенымі, што прывядуць да іх вызвалення. А гэта можа адбыцца менавіта тады, калі праблема палітвязняў стане балючым мазалём для першай асобы дзяржавы ў выніку моцнай кампаніі салідарнасці як у самой Беларусі, так і за яе межамі. У гэтым плане еўрапейская супольнасць робіць шмат, і тут — слова за беларусамі. Гаворка ідзе, між іншым, і пра вядомых людзей з імёнамі, якія не баяцца страціць свае пасады і неабыякавыя да трагічнай падзеі, што адбылася ў краіне 19 снежня 2010 года. Менавіта голас гэтых вядомых людзей здольны абудзіць грамадства да адкрытай дыскусіі па праблеме наяўнасці палітвязняў, якая можа быць вырашана толькі кіраўніком дзяржавы.

І не трэба забываць, што Беларусь эканамічна і палітычна стаіць на месцы, пакуль у ёй ёсць палітвязні. Гэта трэба добра разумець і кіраўніцтву краіны. Бо палітвязні адлюстроўваюць пазіцыю вялікай часткі беларусаў, можа, нават і іх бальшыні. У такой сітуацыі ўлады павінны паважаць меркаванне шматлікіх айчынных іншадумцаў і не імкнуцца насіллем вырашаць праблему палітычнай актыўнасці нязгодных. І памятаць, што насіллем нельга замірыць нацыю.

Зміцер натхняе іншых

Пра сумесную дзейнасць з Дашкевічам у “МФ” успамінае яго сябра, журналіст Барыс Гарэцкі:

— Я прыйшоў у “Малады фронт” на “Чарнобыльскім Шляху” 26 красавіка 2001 года, а пазнаёміўся з Дашкевічам напрыканцы гэтага года, калі пачалася абарона Курапатаў. Наша знаёмства працягнулася ўзімку 2002 года на адмысловых курсах, якія праводзіў лідар арганізацыі Павел Севярынец. У гэты час нас абодвух — спачатку мяне, а потым Зміцера — уключылі ва ўправу “Маладога фронту” ў аддзел масавых вулічных акцый, які пазней узначаліў Дашкевіч. У 2003 годзе Зміцер стаў фактычным кіраўніком Мінскай гарадской арганізацыі “Маладога фронту”, быў на пахаванні Васіля Быкава і нёс труну.

Трэба адзначыць, што Дашкевіч прыйшоў у “Малады фронт” цалкам сфарміраванай і вельмі прынцыповай асобай, значна больш прынцыповай, чым многія маладафронтаўцы. Гэта адбылося таму, што Зміцер жыў у Мінску самастойна, не мог абаперціся на бацькоў і сам стварыў сабе рабочае месца. Вось чаму гэты вельмі начытаны чалавек хутка стаў маладзёжным лідарам.

У 2003 годзе падчас актыўнай кампаніі па пашырэнні арганізацыі сталі звычайнымі штотыднёвыя начныя вылазкі па расклейцы ўлётак з заклікам ісці ў “Малады фронт”. За гэтыя вылазкі, што праводзіліся з нашым удзелам па ініцыятыве Дашкевіча, ён не раз трапляў на суткі. Вельмі любіў па начах вывешваць на гарадскіх дахах бел-чырвона-белыя сцягі. Гэта была яго каронная акцыя, што звычайна праводзілася разам з Артурам Фінькевічам. Аднойчы ўзімку ноччу ў Мінску Дашкевіч з Севярынцам палезлі на дах дома па вуліцы імя Сурганава. А паколькі дах быў зледзянелы, Зміцер ледзь не зваліўся. Павел быў вельмі ўзрушаны тым, як спраўна, упэўнена і спакойна Дашкевіч зрабіў гэтую небяспечную справу і вывесіў сцяг. Адначасова Зміцер гандляваў на Чэрвеньскім рынку. У 2004 годзе мы з Фінькевічам далучыліся да Дашкевіча і сталі працаваць на рынку разам. Акрамя гандлю займаліся падрыхтоўкай розных акцый, а падчас парламенцкай выбарчай кампаніі сабралі больш за тысячу подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне Дашкевіча кандыдатам у дэпутаты.

У 2005 годзе Зміцер фактычна ўзначаліў “Малады фронт”. Менавіта пры Дашкевічу ён стаў успрымацца грамадствам як моцная арганізацыя вулічных акцый. Звычайна Зміцер сядзеў за кратамі тры разы на вясну, у тым ліку пасля недазволенага шэсця на Дзень Волі (25 сакавіка) і эксцэсаў на “Чарнобыльскім Шляху” (26 красавіка). Памятаю, як мы хаваліся на даху, як збягалі ад міліцыянтаў, як амапаўцы выносілі Дашкевіча нагамі наперад з Купалаўскага сквера. У 2005–2006 гадах працавалі вельмі актыўна і распаўсюджвалі ўсе апазіцыйныя матэрыялы. Дарэчы, за гэта мы былі затрыманы 31 снежня 2006 года і навагоднюю ноч сустрэлі ў міліцэйскім пастарунку. Потым была прэзідэнцкая выбарчая кампанія 2006 года. Паездкі па краіне, сустрэчы з кандыдатамі, супрацьстаянне, Плошча, затрыманні, суды і арышты… Менавіта ў 2006 годзе ў “Малады фронт” прыйшло шмат моладзі. Пасля Плошчы на мяне, Сержука Лісічонка, Алега Корбана і Дашкевіча завялі крымінальную справу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Ува ўсіх адбыліся ператрусы. Мы хадзілі пад падпіскай аб нявыездзе. Улетку 2006 года пасля вяртання з Амерыкі Дашкевіча затрымалі і пасадзілі ў СІЗА. Стала зразумела, што Зміцера будуць ”закрываць”. Потым над Дашкевічам адбыўся суд, на які прыйшла неймаверная колькасць людзей. Шмат каго я бачыў упершыню. Пасля суда Зміцер быў закратаваны і выйшаў на волю толькі зімою 2008 года.

Перыяд з 2003-га па 2006 год, калі Дашкевіч быў арганізатарам дзёрзкіх вулічных акцый, стаў выдатным, залатым для “Маладога фронту”. Тады не было прэвентыўных затрыманняў і крымінальнага пераследу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Тады для дэмакратаў былі больш спрыяльныя магчымасці, і ўсе ўсё ведалі, нягледзячы на адсутнасць шырокага доступу ў інтэрнэт для распаўсюджвання інфармацыі.

Да гэтай пары Зміцер застаўся рамантыкам і не ператварыўся ў прагматычнага палітыка. У іншым выпадку Дашкевіч зараз не сядзеў бы за кратамі, а ўдзельнічаў у розных акцыях. На жаль, будучыня Беларусі не за Зміцерам, а за палітыкамі-прагматыкамі. Так адбываецца ва ўсіх краінах. Але няма жыцця без герояў. Так, пісьменнікі арыентуюцца на Янку Купалу і Якуба Коласа, мастакі — на Язэпа Драздовіча, а палітыкі — на Уінстана Чэрчыля. У кожнай супольнасці і нацыі мусіць быць свой герой. І вельмі добра, што ў беларусаў ёсць свой маральны ўзор — Зміцер Дашкевіч, які не скарыўся і ніякім чынам не разглядае мажлівасці кан’юнктурнага выхаду з-за кратаў. Зміцер гатовы ісці сваім, вельмі цярністым шляхам. Вось чаму такія людзі, як Дашкевіч, натхняюць іншых.

nv-online.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

24.12.2020 Зміцер Дашкевіч: Я натхніўся, што трэба і далей асвятляць палітвязняў лістамі з волі

28.09.2020 Зміцер Дашкевіч: На мяне паабяцалі скласці восем пратаколаў

22.07.2020 Зміцер Дашкевіч: Калі раней кандыдатаў у прэзідэнты саджалі ў турму ў дзень выбараў, то зараз за два месяцы да гэтага

12.11.2019 Зміцер Дашкевіч: Людзі павінны ўмець карыстацца зброяй

24.10.2019 Зміцер Дашкевіч: Правакатару, які распыліў пярцовы газ абаронцу Курапат, далі толькі штраф…

15.10.2019 Зміцер Дашкевіч: Рэклама гэтаму мерапрыемству не патрэбна

23.07.2019 Зміцер Дашкевіч: Гэта быў адзіны выразна палітычны артыкул у Крымінальным кодэксе

11.06.2019 Зміцер Дашкевіч: Ад змены складнікаў у рэпрэсіўным беларускім апараце нічога не зменіцца

27.03.2019 Зміцер Дашкевіч: У ізалятары сядзеў, як у прыбіральні…

26.03.2019 Мікола Статкевіч: Арышты выбітных музыкаў – красамоўныя сведчанні пра канец нават уяўнай “лібералізацыі”

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Круткін
  • Павал Красоўскі
  • Алесь Пушкін