
“…Прыгожая гэта постаць, хоць на няшчасце, скрыўленая чужымі ўплывамі”. “…Не звяртаючы ўвагі ні на агульныя інтарэсы краіны, ні на яе сродкі, усё яшчэ думаў раздуваць паўстанне”. Гэта не пра Зміцера, не. Акурат так Каліноўскага апісвалі сучаснікі.
Тады багата хто лічыў паўстанне памылкай і катастрофай. Аднак імёны гэтых экспертаў ад “рэальнай палітыкі” ведаюць хіба дасведчаныя гісторыкі таго перыяду – чалавек 10-15 у Беларусі. З Каліноўскім жа вымушаныя былі лічыцца ўсе, нават бальшавікі – называць вуліцы яго імем, узгадваць у падручніках.
Наступны, 2013 год, абвешчаны годам “Памяці Паўстанцаў” (150-годдзе Паўстання 1863 года), з тым жа поспехам мог быць абвешчаны годам “Салідарнасці з Палітвязнямі”. Вось яны, побач, у клетцы ў судовай лаве: сучасны Каліноўскі, Урублеўскі, Траўгут – пасміхаюцца перад камерай “Белсата”. Сапраўды, нам лягчэй шанаваць мёртвых герояў, чым жывых: мёртвыя як што прамаўчаць, жывыя – не…
“У Дашкевіча нічога няма акрамя Маладога Фронту”, — даводзілася некалі чуць на кухнях апазіцыйных офісаў. Потым яго мясілі берцамі на асфальце ў цэнтры Мінска, а яны крычалі ў гучнагаварыцелі сваё вечнае: “Не паддавайцеся на правакацыі!” Зараз ён на нарах гарадзенскай турме, яны – як і раней – на кухнях ды офісах Мінска, Варшавы, Прагі…
Падобнай была карціна і ў канцы паўстання ў 1864-ым: лідэры паўстання адмаўляліся ад пасад, з падробнымі пашпартамі выязджалі ў Англію (як Уладзіслаў Малахоўскі)… Ён не з’ехаў і ўзяў адказнасць на сябе, дакараючы ўчорашніх паплечнікаў: “…вы, баязліўцы, падаючы духам, жадаеце даць Расіі сродак пераканаць іх (заходнія дзяржавы, якія вялі перамовы з Расіяй – аўт.), што ў нас толькі дзяцінства і няма сапраўднага патрыятызму”. А хто ж любіць крытыку?
Радыкальны, канфліктны, гарачы, просталінейны, часам неабачны ў выбары людзей, Каліноўскі перамог, нягледзячы на фактычную паразу паўстання. Як перамог Дашкевіч у 2010-ым, не дайшоўшы нават да Плошчы, затрыманы за адзін дзень да яе. І прыцягвае перамагаць зараз – бітву за бітвай, ратуючы гонар апазіцыі, моладзевых арганізацый, Беларусі.
…Калі ў нашых апанентаў сканчаюцца аргументы кшталту: “грантавая апазіцыя”, “слабакі”, “няўдахі”, застаецца апошні козыр – “вечныя рэвалюцыянеры”. Альбо “Бесы” – мовай Дастаеўскага. “Бесы” – паўстанне пустэчы, рэвалюцыя дзеля рэвалюцыі, за якой больш нічога няма, бездань…
Але Дашкевіч – не герой з пыльных старонак, і не бяздушны “робат” сусветнай рэвалюцыі. Вельмі чалавечае аблічча Зміцера, якое своечасова знікала пад рулямі фотаапаратаў і відэакамер, вядомае кожнаму, хто быў у яго ў гасцях. Найперш гаспадар цябе карміў – традыцыя, выпрацаваная хіба турмой (мая бабуля рабіла таксама, перажыўшы вайну на выпаленай ушчэнт Полаччыне). Кот Леапольд – “Леапольдушка” – таксама адметнасць кватэры на Партызанскай: дастаткова ўзгадаць як Дзіма абзваньваў гарадскія інстанцыі, вызваляючы ката з дрэва: “Алё, алё… коцік мой – на сасну залез… Што? Як не займаецеся? Ды ў нармальнай краіне вас бы…” Мы са смеху клаліся покатам. Ну і кніжкі канешне: любімая сацыялогія, філасофія, Купала, Гілевіч, Багдановіч…
Пытанне рэвалюцыі, бунту, страйку, вываду людзей на Плошчу – актуальнае заўжды. Аднак калі Вы, дарагі чытач, толькі марыце аб гэтым – дапамажце тым, хто за гэта зараз сядзіць у турме. “Башляйце” хаця б раз на месяц на перадачкі, адвакатаў, жыццё сем’яў палітвязняў, якіх пазбавілі сына альбо мужа (у Мінску на офісе БНФ ёсць адмысловая скрынка для ахвяраванняў). Ды напішыце хаця б ліст!
Адрасы палітвязняў, куды можна пісаць і рабіць грашовыя пераводы і іншую інфармацыю – знойдзеце ў сеціве.
mfront.net