
Зьміцер Дашкевіч дагэтуль знаходзіцца ў Глыбоцкай калёніі, дзе 28 жніўня над ім адбыўся новы суд, які дадаў актывісту да пакараньня яшчэ год зьняволеньня. Паводле Насты Палажанкі, нявесьце і паплечніцы Зьмітра Дашкевіча яго хутчэй за ўсё адправяць па этапе ў Віцебскі СІЗА у ноч на 4 верасьня. Наста адзначае, што ў лістах, якія прыходзілі ад Зьмітра напярэдадні суду ён выявіў сябе аптымістам, як заўсёды.
«Лісты нармальныя ад яго ішлі. Зьміцер цудоўна разумеў, з чым ён сутыкнецца. У яго ёсьць такі прынцып. Што трэба настройваць сябе на горшае і тады нішто не засмучае. Гэтак было і на волі. Ён заўжды казаў, што лепш рыхтавацца да горшага, а калі лепшае застане, то і радасьці больш. Таму, мяркую, Зьміцер рыхтаваўся, што ён атрымае максымум і нейкім чынам быў гатовы. Але фактам ёсьць і тое, што такі прысуд — гэта бязьмежжа».
Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны дадаткова на год калёніі нібыта за непадпарадкаваньне адміністрацыі Глыбоцкай калёніі. Цяпер атрымліваецца, што на волю палітвязень мусіць выйсьці не раней за жнівень 2013 года, хаця мусіў вызваляцца сёлета ў сьнежні.
svaboda.org