Такіх Мужчынаў кахаюць такія дзяўчаты, як Наста

Як і ўсякае сапраўднае каханне, гэтая гісторыя была прадвызначаная.

Пакладзі мяне як пячатку на сэрца сваё,
пакладзі на руку,
як пярсцёнак,
бо каханне, як смерць, — моцнае,
рэўнасць, як пекла, —
лютая,
стрэлы яго —
стрэлы агнявыя,
яно — полымя непагаснае.
Найвышэйшая
Песня Саламонава 8:6

Як і ўсякае сапраўднае каханне, гэтая гісторыя была прадвызначаная.

Яму пайшоў чатырнаццаты год — узрост абмежаванай адказнасці паводле крымінальнага кодэкса, — калі ў Беларусі зацараваў Лукашэнка.

Па тэлеку перадавалі інаўгурацыю, краіна адзначала надыход самаўладдзя на бліжэйшыя гадоў васямнаццаць, а ён, адзінае дзіцё беларускай сям’і, выхаваны ў Магаданскай вобласці, пратусіў свой дзень нараджэння ў двары, з хлопцамі, з якімі хадзіў біцца на «раён». Пройдуць тыя самыя 18 гадоў, і апошнія дні нараджэння ён будзе сустракаць за кратамі: то ў Шклове, то ў Горках, то ў Глыбокім — бо хоча быць вольным нават у зняволенні.

Яна ў тым самым 1994-м яшчэ блукала пешкі пад сталом, але дзень яе нараджэння, 2 жніўня, праз тыдзень пасля абвяшчэння Дэкларацыі незалежнасці, на Іллю і Дзень дэсантніка, з адпаведным знакам задыяка ды імем, якое перакладаецца як «уваскрасенне» — не пакідалі ніякіх сумневаў: расце львіца, спецназ у спадніцы, гатовая адчыняць неба для праліўных дажджоў і абвяшчаць кары загрузлым у грэху царствам.

Ён, вулічны баец з сэрцам Робін Гуда, кінуўшы свой аграрны ўнівер, прыехаў у Мінск змагацца з рэжымам — і выклікаў бы «на разы» любога, хто асмеліўся б сказаць, што ён не мае сілаў змяніць тут і цяпер увесь свет.

Яна, гламурная сталічная дзяўчынка, у якой раптам уваскрэсла дэсантніца з прарочым дарам, крычала на дэманстрацыях ды прарывалася праз кардоны ў пошуках сэнсу жыцця — і ўрэшце знайшла яго ў Маладым Фронце.

Калі вы думаеце, што ў гэты момант успыхнула палкая жарсць і позна ўвечары пасля шточацвярговай сходкі ў эмэфаўскай штаб-кватэры ўжо можна рыўком завешваць шторку — значыць, нічога вы не ведаеце ані пра МФ, ані пра нашых герояў, ані пра сапраўднае каханне.

Увогуле, гісторыі шчаслівых маладафронтаўскіх раманаў — юрыста-«вясноўца» Валянціна Стэфановіча і завадатаркі эмэфаўскіх чырлідараў, стваральніцы сайта dzietki.org Аліны Шалінай, рэдактара «Маладзёвага весніка», прыгажуна Цімы Дранчука і маладафронтаўскага амура, журналісткі «Камсамолкі» Волі Анцыповіч, віртуознага праграмайстра Аляксея Чарняева і харызматычнай кіраўніцы няўрадавых арганізацый Алёны Валынец, палітвязня, паэта Алеся Кіркевіча, якога забіралі за Плошчу праз некалькі дзён пасля вяселля з Надзеяй Крапівінай — часам круцейшыя за сюжэт фільма «Жыве Беларусь!».

Але «Дашкевіч+Палажанка» — love story, накалам і драматызмам параўнальная хіба што са шчасцем Барбары Радзівіл, таемна павянчанай з каралём Жыгімонтам Аўгустам, ці каханнем з-пад шыбеніцы Кастуся Каліноўскага да «Марысі чарнабровай».

Вакол Змітра, нашчадка вядомага шляхецкага роду, адкуль ваявода ВКЛ Яўстах Дашкевіч і кампазітар, аўтар музыкі да «Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» ды «Сабачага сэрца» Уладзімір Дашкевіч, — сотні захопленых паплечніц ды прыхільніц у фронце, на працы, у царкве… Вакол пякучай брунеткі, стылёвай Настачкі, у сябрах, у сацыяльных сетках ды на вечарынах — сотні прыгожых, забяспечаных, густоўна апранутых хлопчыкаў. Няўрымслівы, дзёрзкі і ўпарты Зміцер. Настойлівая, моцная «сталёвая лэдзі» — Настачка. Абое — яскравыя лідары. У кіраўніцтве МФ ужо праблісквала немінучая схватка.

Але Госпад вырашыў усё нечакана.

Тут было ўсё: і ягонае паліто, аддадзенае ёй у РАУСе, калі разводзілі па камерах, і раніца на даху, дзе падымалі бел-чырвона-белы сцяг — «Горад наш!» — і палітычныя спрэчкі да хрыпаты, і замерлыя на паўслове перасохлыя вусны, і раптоўнае прадонне ў позірку.

Пяшчота. Рэўнасць. Крыўды. Дараванні.

Зміцер, які на адных «сутках» адседзеў у суме паўгода, асуджаны ў 2006-м на паўтара года за кіраўніцтва незарэгістраваным Маладым Фронтам, за дзень да Плошчы ў выніку правакацыі адпраўляецца ў турму і глядзіць у вочы следчым, якія з крывой усмешкай расказваюць яму пра Настачку.

Настачку, студэнтку паліталогіі ЕГУ, намесніцу старшыні МФ, у 2007-м асуджаную паводле той жа 193.1, схопленую пасля Плошчы, вязуць у «амерыканку», дзе даюць чытаць паказанні на Змітра.

І, здавалася б, усяго-ткі справаў… Яму — напісаць адзін сказ у пустой паперцы, а ёй — папрасіць яго не ўпірацца, забраць ягоны пашпарт ды ехаць чакаць, пакуль адчыніцца ЗАГС.

Але насамрэч каханне — гэта калі ты гатовы аддаць сябе на спаленне дзеля таго, каб застацца вартым каханага.

Зміцер не хоча даседжваць ціхенька свае тры месяцы да снежня — і не выконвае незаконных загадаў, і адмаўляецца падпарадкоў-вацца адміністрацыі, ідзе на прынцып. Ён ведае, што змаганне можа затрымаць сустрэчу з каханай на гады — але паводзіць сябе як Мужчына.

Менавіта такіх Мужчынаў кахаюць такія дзяўчаты, як Наста.

Можна толькі здагадвацца, як разрываецца яе сэрца. Але маладая выцірае слёзы, каб ніхто не бачыў, знарок выстаўляе ў фэйсбук усмешлівую фотку і зноў едзе з адвакатам у калонію, складае бясконцыя скаргі, ладзіць марафон салідарнасці, штодня абзвоньвае праваабаронцаў, кіруе Маладым Фронтам — і піша, піша Змітру лісты.

Дойдзе? Ці ён зноў у ізалятары, дзе перапіска забароненая?..

Пакуль Зміцер сядзеў, Настачка двойчы (пад умоўным тэрмінам!) трапляла на «суткі» за акцыі ягонай падтрымкі.

З васьмі гадоў знаёмства чатыры яны па розныя бакі турэмных сценаў.

Дашкевіч, невінаваты і абвінавачаны, апляваны і асуджаны, цягне свой крыж. Як Ісус.

Ён і яна — са знакамітай евангельскай царквы «Ян Прадвеснік». Яна ўвесь час моліцца за яго. Ён кожны свой ліст завяршае цытатай з Бібліі.

І як гартуецца, як кшталтуецца дух на гэтых крыжовых шляхах, сярод чалавечай роспачы і злосці, у смуродных адстойніках, у бяссонных, ахрыплых этапах, «прэс-хатах» ды карцарах, дзе не паспіш на бетоннай падлозе ад холаду… У якую волю, якую моц пераплаўляецца страчанае здароўе ды спалены час…

І якое каханне выкоўваецца сярод гэтых векавых камянёў ды ржавых кратаў!

Якое новае жыццё спее ў гэтых сэрцах, што не бачаць адзін аднаго, але так моцна б’юцца разам!

Толькі любоў, якая перасягае разуменне, і пачуццё, гатовае ахвяраваць сабой, урэшце падымаюць сцяг па-над цэлай краінай.

Пакуль жывыя такія сэрцы, пакуль беларусы і беларусачкі здольныя так аддаваць сябе адно аднаму — нас будуць біць, таптаць, высмейваць і рваць адчаем.

Але пакуль яны жывыя, такія сэрцы, як у Змітра і Настачкі, — нікому, вы чуеце, нікому не ўдасца перамагчы ў беларусах Бога.

Павел Севярынец, Куплін.

nn.by

, , - у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Атрошчанкаў
  • Тацяна Елавая
  • Ірына Халіп