
У калоніі дзе адбывае свой тэрмін палітвязень Алесь Бяляцкі, чакаюць прыезду высокага начальніка з Мінска. Праваабаронца Таццяна Равяка распавяла пра змест апошняга ліста, які яна атрымала на днях ад Алеся Бяляцкага.
Ён піша, што ў калоніі чакаецца прыезд нейкага высокага начальніка з Мінска. З-за гэтага ўсіх зняволеных пачалі ўзмоцнена карміць кашай з тушонкай. Тушонку ўжо з’елі, а начальнік пакуль не прыехаў”, – падзялілася праваабаронца. І хоць Алесь піша пра гэта з гумарам, відаць, што гэта нейкі знак таго, што падзеі вакол яго адбываюцца:
– Канешне ў сваіх лістах ён вельмі аптымістычны, з гумарам, піша вельмі спакойныя лісты. Заўсёды адзначае, што не скардзіцца, што такі вось лёс. Ён нават наадварот піша, што трэба дапамагчы вось гэтаму чалавеку, варта звярнуць увагу вось на гэтую праблему. Канешне такія яго просьбы не застаюцца без увагі, мы вельмі прыслухоўваемся да таго, што нам раіць Алесь. Ён застаецца ў кантэксце тых спраў, якія адбываюцца на волі. Радок з ягонага ліста: “Для мяне самае галоўнае, што вясна працягваецца”.
Алесь не ўдакладняе, што гэты начальнік будзе займацца пытаннямі амністыі. Але паколькі такія звесткі маюцца, то можам лічыць, што гэты прыезд магчыма звязаны таксама і са справай Алеся Бяляцкага, – кажа Таццяна Равяка. Кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 гады турмы ў лістападзе мінулага года. Яго прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе атрыманыя грошы, якія былі на яго рахунку, ішлі на праваабарончую дзейнасць. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб банкаўскіх рахунках, якую перадалі афіцыйнаму Мінску Літва і Польшча.
racyja.eu