
Кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў перадало ў КДБ хадайніцтва аб змяненні меры стрымання фотажурналісту Антону Сурапіну.
«Мы, Літвіна Жанна Мікалаеўна (старшыня БАЖ. — БелаПАН.) і Бастунец Андрэй Леанідавіч (намеснік старшыні), па арт. 121 КПК Рэспублікі Беларусь хадайнічаем аб змяненні меры стрымання, прымененай да Сурапіна Антона Андрэевіча, які абвінавачваецца ў садзейнічанні незаконнаму перасячэнню дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 371 КК), і вызваленні яго з-пад варты пад наша асабістае паручыцельства. Даём гарантыі, што Сурапін А.А., знаходзячыся на волі, не схаваецца ад органа крымінальнага пераследу і суда, не будзе перашкаджаць расследаванню справы або разгляду яе судом і не будзе займацца злачыннай дзейнасцю», — гаворыцца ў паручыцельстве.
БАЖ адзначае, што, згодна з Крымінальным кодэксам, паручыцца за зняволенага могуць два або больш раней не судзімых грамадзян краіны, якія «заслугоўваюць даверу».
У сувязі з гэтым БАЖ «прапаноўвае ўсім неабыякавым грамадзянам таксама падпісаць адпаведнае паручыцельства і накіраваць яго ў КДБ Беларусі (г. Мінск, пр. Незалежнасці, 17)».
20-гадовы Антон Сурапін быў затрыманы КДБ 13 ліпеня па справе аб незаконным перасячэнні мяжы шведскім лёгкаматорным самалётам.
Інцыдэнт адбыўся раніцай 4 ліпеня. Над Івянцом і Мінскам былі скінутыя сотні плюшавых мядзведзяў. Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total. Такім чынам яна хацелі падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.
Студэнт Інстытута журналістыкі БДУ Сурапін першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фотаздымкі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. У дачыненні да маладога чалавека распачата справа па ч. 3 арт. 371 КК, ён абвінавачваецца ў «дапамаганні наўмыснаму незаконнаму перасячэнню мяжы, учыненаму арганізаванай групай асоб».
belapan.com