Башарымаву і Сурапіну афіцыйна прад’яўленыя абвінавачванні

КДБ прапануе арганізатарам «плюшавага дэсанту» прыехаць у Мінск для дачы паказанняў.

Пра гэта паведаміў Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў Камітэта дзяржбяспекі, паведамляе БелТА.

«У інтарэсах аб’ектыўнага расследавання крымінальнай справы і высвятлення ўсіх акалічнасцяў парушэння паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі Камітэтам дзяржаўнай бяспекі прапануецца падданым Швецыі, якія прынялі ўдзел у арганізацыі і ажыццяўленні незаконнага перамяшчэння праз дзяржаўную мяжу, прыбыць у Мінск для ўдзелу ў следчых дзеяннях у якасці падазраваных, у тым ліку для правядзення вочных ставак», — заявілі ў КДБ.

У камітэце таксама патлумачылі, што па выніках гэтых дзеянняў будуць прыняты канчаткова адпаведныя працэсуальныя рашэнні ў дачыненні да беларускіх грамадзян, якія праходзяць па крымінальнай справе.

У КДБ дадалі, што камітэтам заведзена і расследуецца крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.371 КК Рэспублікі Беларусь па факце незаконнага перасячэння 4 ліпеня дзяржмяжы Беларусі падданымі Каралеўства Швецыі на лёгкаматорным самалёце. Па падазрэнні ў дапамаганні ў здзяйсненні гэтага злачынства затрыманыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь А. А. Сурапін і С. А. Башарымаў, якім прад’яўленае абвінавачванне па ч.6 арт.16 (дапамога ў здзяйсненні злачынства) і ч.3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) КК Беларусі.

* * *

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня.

Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Мінска больш чым 800 цацак з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэння мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасці не толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створана камісія прэзідэнта, якая занялася праверкай усіх злучэнняў і вайсковых часцей Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасад старшыню Дзяржпагранкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна.

Падставай для звальнення стала «неналежнае выкананне службовых абавязкаў па арганізацыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Пра няпоўную службовую адпаведнасць папярэджаныя міністр абароны Юрый Жадобін і начальнік Генштаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Пётр Ціханоўскі. Аб’яўлена вымова дзяржсакратару Савета бяспекі Леаніду Мальцаву і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.

Па справе аб «плюшавай бамбардзіроўцы» былі затрыманыя 20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фотаздымкі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў, і Сяргей Башарымаў, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы — удзельнікі акцыі маглі або планавалі здымаць жыллё.

Ёсць таксама звесткі, што па справе затрымліваліся дзве дзяўчыны. Гэта сяброўка Башарымава Ірына Лагойка, якая суткі правяла ў СІЗА КДБ. З яе ўзята падпіска аб невыдаванні тайны следства. А таксама 16-гадовая Кацярына Скурат, якая нібыта першай сфатаграфавала плюшавых мішак і прыслала фотаздымкі Сурапіну. Дзяўчыну дапыталі ў прысутнасці бацькоў і адпусцілі.

19 ліпеня заснавальнік піяр-кампаніі Studio Total Пер Кромвел зрабіў заяву для беларускіх уладаў.

Ён заявіў аб недачыненні кагосьці з беларускіх грамадзян да «плюшавага дэсанту» і выказаў гатоўнасць прыехаць, у выпадку неабходнасці, у Беларусь для дачы паказанняў.

belapan.com

Іншыя палітычныя вязьні