Скаргу Сяргея Каваленкі разгледзяць у ААН

Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу палітзняволенага Сяргея Каваленкі на яго першы прысуд. 7-га студзеня 2010 года ён узняў нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй елцы ў Віцебску. І быў асуджаны за гэта па артыкуле аб хуліганстве на 3 гады абмежавання волі ў хатніх умовах, без накіравання ў спецыяльную ўстанову адчыненага тыпу. Аднак 19 снежня 2011 года ён быў арыштаваны нібыта за парушэнне ўмоваў пакарання і паўтора асуджаны на 2 гады і 1 месяц пазбаўлення волі.

Пра тое, што першы прысуд будзе разгледжаны ў Камітэце па правах чалавека ААН, жонка Сяргея Каваленка, Алена, даведалася з адмысовага ліста з гэтай арганізацыі

– Прынятая да разгляду скарга Сяргея, ёй прысвоены нумар. Гэта скарга яшчэ па справе 2010 года. Незадоўга да таго, як яго арыштавалі, 5 снежня 2011 года, ён яе высылаў. Толькі цяпер прыйшоў адказ, значыць лёд крануўся.

Па словах Алены Каваленкі, другі прысуд, па якім яе муж быў пазбаўлены волі, таксама абскардзяць у Камітэце па правах чалавека ААН. Але пасля таго, як усе магчымасці абскарджання ў Беларусі будуць вычарпаныя.

Пасля арышту Сяргей Каваленка ў знак пратэсту правёў беспрэцэдэнтна працяглую галадоўку. Улады былі вымушаны падтрымліваць жыццё палітзняволенага праз прымусовыя кропельніцы і ін’екцыі, а потым пачалі прымусова выводзіць яго з галадоўкі.

Зараз Сяргей Каваленка адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі №19.

racyja.eu

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікалай Аўтуховіч
  • Тацяна Елавая
  • Леанід Сьвецік
  • Зьміцер Паліенка