
За 30 дзён знаходжання ў штрафным ізалятары Зміцер Дашкевіч атрымаў больш за 300 лістоў са словамі падтрымкі. У пятніцу з лідарам “Маладога фронту” ў глыбоцкай калоніі №13 сустрэлася яго адвакат.
Адвакат гутарыла з падабаронным праз шкло і ў прысутнасці супрацоўнікаў турмы. Па словах нявесты Дашкевіча Настассі Палажанкі, на здароўе палітычны вязень не скардзіўся, хоць да гэтага часу невядома, за якія канкрэтна правіны ён быў пакараны ізалятарам.
– Няма такіх дадзеных, з-за якіх яго пасадзілі. Проста праз невыкананне тых патрабаванняў, якія мае да яго адміністрацыя. Ён выйшаў у аўторак увечары са штрафнога ізалятара, дзе падчас знаходжання атрымаў каля 300 лістоў, на якія, безумоўна, будзе адказваць. Гэта сведчыць пра людскую падтрымку. Здароўе яго здавальняючае: ні добрае, ні кепскае. Трымаецца ён добра. Паколькі ў штрафным ізалятары была забаронена любая карэспандэнцыя, то будзе знаёміцца з тым, што адбывалася за гэты час.
За люты бягучага года адміністрацыя глыбоцкай турмы двойчы змяшчала Зміцера Дашкевіча ў штрафны ізалятар. У сувязі з гэтым актывісты “Маладога фронту” заявілі пра беспрэцэдэнтны ціск на свайго лідара.
На волю Зміцер Дашкевіч, затрыманы за дзень да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, мае выйсці сёлета 18 снежня.
racyja.com