
Праваабаронцы называюць вырак Алесю Бяляцкаму неправавым і маюць намер абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе Беларусі. На думку юрыстаў, сённяшняе рашэнне Мінскага гарадскога суда – гэта працяг палітычнага ціску на Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Па словах праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча, дакументы аб выплаце Бяляцкім матэрыяльнай шкоды, якія былі прадстаўлены суду, аўтаматычна давалі суддзям падставы змяніць пакаранне. А паводле довадаў абароны пераслед Бяляцкага наогул павінен быў быць спынены, аднак у судзе гэтага не адбылося.
– Адбылося абсалютнае прававое бязмежжа. Нават калі аналізаваць гэтую сітуацыю з кропкі гледжання права, сёння гэта было цалкам праігнаравана таму, што дакументы, якія былі прадстаўлены ў суд, прадугледжвалі хаця б мінімальную, але змену прысуду. А тое, што адбылося, не мае нічога супольнага з крымінальным працэсам. Гэта, безумоўна, палітычная расправа над найбольш вядомым беларускім праваабаронцам.
Паводле судовага рашэння, ужо ад сённяшняга дня Алесь Бяляцкі можа быць накіраваны ў адну з папраўчых калоній, дзе будзе вымушаны адбываць пакаранне.
Паплечнікі Бяляцкага з Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў бліжэйшы час маюць намер вывезці ўсю маёмасць з офісу праваабарончай арганізацыі, бо пасля ўступлення прысуду ў сілу ў любую хвіліну яна можа быць сканфіскавана ўладамі.
Прысуд старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесю Бяляцкаму пакінулі без зменаў, а касацыйную скаргу – без задавальнення.
racyja.com