Лісты даходзяць не ад усіх палітвязьняў

Андрэя Саньнікава трымаюць у памяшканьні камэрнага тыпу Бабруйскай калёніі. Больш за два месяцы няма лістоў і тэлефанаваньняў ад Міколы Статкевіча. Зьміцер Дашкевіч пакуль у карантыне, і лісты ад яго таксама не даходзяць. У Зьмітра Бандарэнкі зноў праблемы са здароўем, ён у мэдсанчастцы.

Ірына Халіп атрымала першы ліст з Бабруйскай калёніі ад Андрэя Саньнікава. Да гэтага ён дасылаў толькі казкі для сына Даніка, распавяла жонка палітвязьня:

«Літаральна сёньня адвакат тэлефанаваў у Бабруйскую калёнію і даведаўся, што Андрэя перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу. Шчыра кажучы, я ня ведаю, гэта горш ці гэта лепш. Вядома ж, там сумна, але, магчыма, цяпер гэта і ня так дрэнна. Ён адзін у камэры, можа думаць, чытаць, пісаць казкі для сына. Памятаю, калі Мікіта Ліхавід трапіў у ПКТ пасьля штрафных ізалятараў, ён пісаў, што там умовы амаль такія ж, як на «Валадарцы».

Марына Адамовіч, грамадзянская жонка Міколы Статкевіча, усхваляваная адсутнасьцю лістоў і тэлефанаваньняў і ўражаньнямі сьвёкра, які наведаў сына ў Шклоўскай калёніі:
Ён распавядаў бацьку, што прыходзіць тэлефанаваць, чакае з усім атрадам, а потым, празь дзьве гадзіны чаканьня, кажуць: «А вам не паложана…

«Ніякіх зьвестак няма ўжо два з паловай месяцы. Але то з адвакатам мы езьдзілі, то бацька на мінулым тыдні быў на кароткатэрміновым спатканьні… Я пакуль узяла паўзу, зараз, мабыць, пачну зноў бамбіць скаргамі, так бы мовіць. Проста мана ўжо пераўзыходзіць усякія межы. Начальнік калёніі спадар Ермаліцкі абяцаў і магілёўскім праваабаронцам, што Міколу дазволяць напісаць, патэлефанаваць. Але ўсё дакладна так, як і было. Ён распавядаў бацьку, што прыходзіць тэлефанаваць, чакае з усім атрадам, а потым, празь дзьве гадзіны чаканьня, кажуць: «А вам не паложана…»

Няма лістоў і ад Зьмітра Дашкевіча, які дагэтуль знаходзіцца ў карантыне Глыбоцкай калёніі, распавяла ягоная нявеста Наста Палажанка:

«Але, здаецца, усё ў парадку ў яго. Мы тэлефанавалі ў калёнію, кажуць, што ў яго ўсё добра, працягвае знаходзіцца ў карантыне. Але пакуль лістоў няма ўвесь гэты тыдзень».

Маці Эдуарда Лобава спадарыня Марына — пад уражаньнем пасьля доўгатэрміновага спатканьня з сынам:

«Трымаецца добра, дарэчы, больш бадзёра, чым я на свабодзе. Настрой у яго нармальны, падпісваць прашэньне аб памілаваньні не зьбіраецца, ілюзіямі на хуткае вызваленьне сябе ня цешыць. Пастаянна ў іх толькі адзін атрад на пілараме працуе. Ён выконвае розныя гаспадарчыя даручэньні — дроваў, напрыклад, накалоць для сталоўкі».

Зьміцер Бандарэнка па-ранейшаму знаходзіцца ў мэдсанчастцы Магілёўскай калёніі. Жонка Зьмітра Вольга кажа:

«Піша, што вельмі холадна. За 10 дзён было тры ператрусы. Некаторыя палаты выбарачна абшуквалі, а яго кожны раз абшуквалі. Апошнім разам было ажно чатыры кантралёры. Кажа, што на прагулкі ня водзяць. З нагой у яго дрэнна, казаў, што два тыдні рабілі фізіяпрацэдуры, зараз зрабілі перапынак. Ішоў па калідоры, ледзь ня ўпаў, зачапіўся пальцамі, нага стала горш дзейнічаць. Так што са здароўем няважна. Кажа, што некаторыя праблемы нават абвастрыліся, хаця апэрацыю зрабілі».

svaboda.org

, , , , - у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яна Палякова
  • Вадзім Кабанчук
  • Павал Сырамолатаў
  • Алег Федаркевіч
  • Павал Красоўскі