Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі распавёў сайту palitviazni.info пра апошнія затрыманні, крымінальную справу і палітвязня Сяргея Ціханоўскага.

“Кампанія толькі пачынаецца, яшчэ два месяцы наперадзе, і за гэты час можа адбыцца багата драматычных падзей”, – адзначае праваабаронца.

Нагадаем, што 29 мая ў Гродне на пікеце па зборы подпісаў быў затрыманы разам з паплечнікамі блогер Сяргей Ціханоўскі, які з’яўляецца кіраўніком ініцыятыўнай групы сваёй жонкі.

Усе яны затрыманы ў межах крымінальнай справы за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Пасля заканчэння трох сутак на волю ніхто з затрыманых не выйшаў, бо тэрмін утрымання пад вартай падоўжаны да 10 сутак з моманту затрымання.

Да 8 чэрвеня затрыманым мусяць прад’яўвіць абвінавачванні альбо вызваліць.

Праваабарончая супольнасць прызнала Сяргея Ціханоўскага палітычным зняволеным.

– Затрыманні і крымінальная справа – гэта не пачатак, а працяг рэпрэсій, якія былі ў краіне ўвесь час, – кажа Алесь Бяляцкі. – Яны то сцішваюцца, то нарастаюць, але ніколі не знікалі.

Але, улічваючы, што стартавала прэзідэнцкая кампанія, і настроі людзей зусім не такія, на якія разлічваў Аляксандр Лукашэнка (а, магчыма, нават і не падазраваў яшчэ два месяцы таму), то зараз сілавікам дадзена каманда ўжываць розныя правакацыйныя прыёмы ці для нейтралізацыі, ці для запалохвання сваіх апанентаў.

У дадзенай сітуацыі мы бачым, што вастрыё гэтых рэпрэсій накіравана на Сяргея Ціханоўскага і ягонай каманды.

– Сяргей Ціханоўскі прызнаны палітвязнем…

– Сама падстава яго зняволення не прававая, яна мае палітычны аспект. Задача ўладаў – прыбраць найбольш актыўную апазіцыйную частку беларускага грамадства з вуліцы. Такім чынам хочуць пазбавіць іх новага лідара, напалохаўшы большасць людзей.

Дарэчы, падчас пікетаў мы бачым цікавы феномен. Подпісы за Святлану Ціханоўскую з’яўляюцца адначасова пратэстнымі подпісамі супраць дзеючага беларускага кіраўніка. Галасы пратэсту аддаюць людзі палітычна незаангажаваныя, з розных слаёў грамадства і абсалютна па ўсёй краіне. Нельга сказаць, што толькі ў сталіцы народ выступае за Ціханоўскага, бо паўсюль, дзе ідзе збор подпісаў, людзі актыўна выказваюць свой пратэст.

Гэта новая з’ява ў нашым грамадска-палітычным жыцці, штосьці падобнае было толькі ў 1994 годзе, калі Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам.

– Зняволенне Сяргея Ціханоўскага – гэта была арганізаваная правакацыя?

– Гэта відавочна. Улічваючы тыя відэакадры, якія мы бачылі, большасць людзей наогул не мелі ніякага дачынення да гэтага справакаванага канфлікта, і спадзяюся, што яны будуць вызвалены.

З іншага боку зразумела, што такім чынам улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах.

Паглядзім, якая на гэта будзе рэакцыя грамадства, таму што былі выпадкі, калі масштабнымі рэпрэсіямі ўдавалася збіць хвалю акцый пратэста, як было ў 2017 годзе падчас “Маршаў дармаедаў”. Затым была вялікая крымінальная “справа патрыётаў”, але, калі пратэсты закончыліся, то гэтая гучная справа нават не дайшла да суда.

Сёняшняя сітуацыя ў нечым нагадвае 2017 год, хаця зараз напружанне ў грамадстве значна большае. Большы накал дадаюць менавіта прэзідэнцкія выбары.

Вельмі крыўдна, што ўлады гуляюць не па правілах і ўжываюць псеўдазаконныя метады барацьбы са сваімі апанентамі.

Кампанія толькі пачынаецца, яшчэ два месяцы наперадзе, і за гэты час можа адбыцца багата драматычных падзей і непрыемных інцыдэнтаў.

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Стральцоў
  • Зьміцер Ус
  • Тацяна Елавая
  • Уладзімер Някляеў
  • Уладзімер Кобец