Павел Севярынец: Кінуць за краты мяне могуць у любы момант

Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец распавёў сайту palitviazni.info, як яму далі 15 сутак і адправілі дадому.

“Калі б захацелі, каб я не пайшоў на акцыю 20 снежня, то адправілі б у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў”, – кажа палітык.

Нагадаем, што 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу пройдуць перамовы па паглыбленай інтэграцыі паміж кіраўнікамі Беларусі і Расіі. У гэты ж дзень у Мінску апазіцыя запланавала акцыю ў абарону незалежнасці краіны.

А напярэдадні з некаторымі лідарамі дэмакратычных сілаў сталі адбывацца дзіўныя рэчы.

“Сёння я ішоў на адно палітычнае мерапрыемства і ля станцыі метро “Пушкінская” ў 11.20 сем АМАПаўцаў падыйшлі да мяне і затрымалі, – распавядае Павел Севярынец. – Адвезлі ў Савецкі РУУС. Там забралі ўсе рэчы, аформілі пратаколы за ўдзел у акцыях 7 і 8 снежня па артыкуле (парушэнне парадку правядзенне масавых мкерапрыемстваў).

Затым мяне павезлі ў Савецкі суд, гадзіну чакалі, пакуль закончыцца абед, але, у рэшце рэшт, суддзя пры маім поўным маўчанні аформіў мне 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыях 7 і 8 снежня. Наколькі я зразумеў, за заклікі прыйсці на акцыі будуць асобныя пратаколы і суды”.

Пасля гэтага Паўла Севярынца ізноў адвезлі ў Савецкі РУУС:

“У райаддзеле завялі ў падвал і там нейкі таварыш падпалкоўнік у медалях тлумачыў мне пад запіс відэакамеры, што 7 і 8 снежня дэманстранты парушалі закон, і ён заклікае мяне закон не парушаць 20 снежня, паколькі будуць навагоднія ёлкі і дзеткі”.

Палітык мяркуе, што гэта паказвае: альбо ўлады зацікаўлены, каб акцыя 20 снежня адбылася, альбо рыхтуюцца нейкія правакацыі.

“Магчыма, адно і другое, – не выключае палітык. – Але гэта проста цырк, інакш і не назавеш. Мне далі 15 сутак арышту, а значыцца могуць кінуць за краты ў любы момант.

Натуральна, што такімі папярэджаннямі мяне не напалохаеш, але, як мне падаецца, улады такім чынам хацелі даць сігнал, што 20 снежня плошча будзе адкрытая, а інакш мяне проста адправілі б у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.

Увогуле, гэта сігнал усім. Расіі хацелі паказваюць, што ў краіне нацыяналістаў трымаюць пад кантролем. Еўропе – што за краты апазіцыю не кідаюць, а папярэджваюць і адпускаюць дадому. Беларусам – каб выходзілі бараніць незалежнасць. Мяркую, што можна сітуацыю раскласці менавіта на такія часткі”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Парсюкевіч
  • Антон Сурапін
  • Андрэй Пратасеня
  • Уладзімер Кудзінаў
  • Павал Шарамет