Чаму не пачынаецца суд над Змітром Паліенкам?

У Мінскім гарадскім суде пакуль не ведаюць, калі пачнецца разгляд справы актывіста і былога палітвязня Зміцера Паліенкі.

Пачатак працэса быў запланаваны на 25 верасня, але яго перанеслі на нявызначаны з-за хваробы суддзі.

“Гэта, безумоўна, толькі версія, але не выключаю, што працэс вырашылі перанесці не проста так, – кажа Вячаслаў Касінераў, паплечнік Змітра Паліенкі. – Магчыма, улады не ведаюць, што рабіць з гэтай справай. Якія сілавікі давялі да суда, а таму зараз і вызначаюць аптымальны для сябе варыянт”.

Са слоў Вячаслава Касінерава, вядома, што 25 верасня Змітра прывозілі ў суд, а таму працэс, відаць спачатку не збіраліся пераносіць.

“Няўжо акурат у дзень суда так моцна захварэў, што не здолеў весці працэс? – задаецца пытаннем суразмоўца. – Думаю, ён папярэдзіў бы пра гэта зараней, а таму Паліенку нават і не везлі б са следчага ізалятара у Мінскі гарадскі суд. Такія пытанні не вырашаюцца за паўгадзіны.

Таму неяк дзіўна выглядае ўся гэтая сітуацыя. Да таго ж, ужо тыдзень прайшоў, а дата працэса так і не прызначана”.

***

Нагадаем, Зміцер Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). Яго абвінавачваюць у тым, што ён распыліў газавы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы.

5 красавіка Паліенку было прад’яўлена абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339, арт. 341 і ч. 1 арт. 130. Абвінавачванне па арт. 341 КК Паліенку прад’яўлена за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай.

2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Але пракуратура г. Мінска вярнула ў Заводскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

Вынікам гэтага сталі два новыя крымінальныя артыкулы: 341 за графіці ў Курапатах і 369 за абразу міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

- у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні