На былога палітвязня Змітра Паліенку “павесяць” яшчэ адзін крымінальны артыкул?

Змітру Паліенку могуць дадаць яшчэ адзін крымінальны артыкул. Абвінавачванні могуць дапоўніць артыкулам 369 КК Рэспублікі Беларусь (Абраза прадстаўніка ўлады).

Пра гэта паведаміла сяброўка Змітра Марына Касінерава.

Не так даўно пракуратура Мінска вярнула ў Завадскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

Дакладныя прычыны, па якіх пракурор вярнуў справу следчым, да апошняга часу не былі дакладна вядомыя.

“Новае абвінавачванне можа быць звязана з ролікам, стварэнне і распаўсюд якога таксама прыпісваюць Змітру, – кажа Марына Касінерава. – Напрыканцы роліка прысутнічаюць карцінкі, з-за якіх у справе з’явіліся новыя крымінальныя артыкулы. Артыкул 130 КК РБ – гэта распальванне сацыяльнай варожасці. Як мы зразумелі, міліцыя чамусьці сябе лічыць сацыяльнай групай.

Таксама магчыма, што яшчэ адзін артыкул 369 КК РБ, які “вешаюць” на Паліенку (Абраза прадстаўніка ўлады), звязаны з крытыкай у роліку былога міністра ўнутраных спраў”.

Са слоў Марыны Касінеравай, на гэты момант у Зміцера Паліенкі ўжо ёсць тры крымінальныя артыкулы і чацвёрты маецца патэнцыйны.

Нагадаем, што экс-палітвязню Зміцеру Паліенку, які быў затрыманы 20 сакавіка, выстаўлена абвінавачанне на падставе некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), распальванне іншай сацыяльнай варожасці (арт. 130), а таксама апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341).

Зараз актывіст анархісцкага руху знаходзіцца ў СІЗА-1.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні