Сяргей Скрабец: Краіну я пабачыў з “аўтазака”…

Былы палітычны вязень Сяргей Скрабец напісаў успаміны пра сваё знаходжанне ў беларускіх турмах.

“На жаль, усё тое, што пісаў за кратамі, прымусілі спаліць, таму зараз давялося аднаўляць усё па памяці”, – распавёў ён сайту palitviazni.info.

Нагадаем, што былы генеральны дырэктар ЗАТ “Белбабаеўскае” і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец узначальваў дэпутацкую групу “Рэспубліка”, якая была ў адкрытай апазіцыі да ўлады.

15 мая 2005 году палітык быў арыштаваны і абвінавачаны ў выманьванні крэдытаў. У лютым 2006 году яго асудзілі да двух з паловай гадоў папраўчай калоніі. Адбываў пакаранне ў калоніі “Віцьба-3” разам з былым кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Казуліным. Разам яны трымалі галадоўку.

Рашэннем пракуратуры тэрмін зняволення Скрабца быў скарочаны на адзін год, яго вызвалілі 15 лістапада 2006 году.

“Закончыў працу над кнігай пад назвай «Цана волі, альбо Адкрыцці апазіцыйнага палітыка, – кажа Сяргей Скрабец. – Увогуле, яна была напісана яшчэ ў турме, але ў калоніі мяне прымусілі яе спаліць. Там было каля 200 лістоў. Зараз праваабаронца Алесь Бяляцкі прапанаваў мне аднавіць па памяці тыя запісы і напісаць кнігу”.

Палітык успамінае, што творчы працэс у турмах ішоў досыць складана.

“Я сядзеў і ў брэсцкім СІЗА, быў на перасылцы ў Баранавічах, Мінску, Віцебску, – адзначае суразмоўца. – Так што ўсю краіну бачыў з “аўтазака” і падчас такога “падарожжа” нешта занатоўваў.

Але мяне проста не выпусцілі б на волюі, каб не знішчыў свае нататкі разам з досыць цікавымі дакументамі. Напрыклад, быў ліст з банка на імя начальніка калоніі, каб мяне прызначылі на больш жорсткую працу. І нават той самы начальнік шчыра мне прызнаваўся: “Колькі гадоў працую, а з такім зваротам сутыкаюся ўпершыню”.

Таксама, калі я трапляў пад амністыю, мне прыходзілі лісты з абсалютна смешнымі адмовамі з Дэпартамента выканання пакаранняў. Гэтыя лісты можна было б вывешваць на дошку ганьбы, але ж таксама яны знішчаны.

Не ўсё я, натуральна, успомніў, але шмат што і не забылася”.

Сяргей Скрабец дадае, што, магчыма, кнігу давядзецца яшчэ дапрацоўваць, і каля яна пабачыць свет пакуль яшчэ дакладна невядома.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Рамашэўскі
  • Андрэй Клімаў
  • Алег Гнедчык
  • Віталь Мацукевіч
  • Анатоль Паўлаў