Сяргей Скрабец: Мяне б у любым выпадку не выпусцілі на волю…

Былы палітвязень Сяргей Скрабец распавёў сайту palitviazni.info пра тое, ці падтрымлівае ён беларускіх бізнесменаў, якія звярнуліся да сілавікоў з просьбай не “закрываць” іх падчас папярэдняга следства.

“У Беларусі рашэнні аб заключэнні пад варту не заўсёды следчыя прымаюць, каманды часам ідуць з больш высокіх кабінетаў, – адзначае суразмоўца. – Будзе каманда – ніхто не дапаможа”.

Як вядома, прадстаўнікі дзелавых колаў выказаліся за тое, каб сілавыя ведамствы менш выкарыстоўвалі меры ўтрымання пад вартай у выглядзе затрымання.

Маўляў, “закрыццё” бізнесменаў падрывае дзейнасць кампаній, што нярэдка прыводзіць да іх банкруцтва.

Прадстаўнікі бізнеса адзначылі таксама, што нават асобныя выпадкі затрыманняў за здзяйсненне парушэнняў у эканамічнай сферы вельмі негатыўна адбіваюцца на функцыянаванні як канкрэтных суб’ектаў бізнеса, так і бізнес-асяродка ў цэлым.

“Па вялікім рахунку, калі нейкі бізнесмен патрапіў пад увагу сілавікоў, то яго і так “пачысцяць”, – кажа былы бізнесмен і палітык Сяргей Скрабец. – І нават калі чалавека пакінуць на волі, то гэта не азначае, што ён не страціць свой бізнес. Увогуле, рашэнне аб тым, ці трымаць чалавека пад вартай, прымае следчы”.

Сяргей Скрабец – былы генеральны дырэктар ЗАТ “Белбабаеўскае” і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў, дзе ўзначальваў дэпутацкую групу “Рэспубліка”, якая была ў адкрытай апазіцыі да ўлады.

15 мая 2005 году палітык быў арыштаваны і абвінавачаны ў выманьванні крэдытаў. У лютым 2006 году яго асудзілі да двух з паловай гадоў папраўчай калоніі. Адбываў пакаранне ў калоніі “Віцьба-3” разам з былым кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Казуліным. Разам яны трымалі галадоўку.

Рашэннем пракуратуры тэрмін зняволення Скрабца быў скарочаны на адзін год, яго вызвалілі 15 лістапада 2006 году. Па рашэнні суда, за палітыкам і зараз застаецца вялікі доўг, які ён павінен выплочваць – каля 150 тысяч рублёў.’

“Я таксама прасіў не ўтрымліваць мяне пад вартай, калі была распачата крымінальначя справа, – адзначае Сяргей Скрабец. – Тым больш, што ў той час праводзіў прэзідэнцкую кампанію. Але мяне закрылі, бо, маўляў, абвінавачванне вельмі складанае. А затым яно ў судзе проста развалілася. Але мяне ў любым выпадку не выпусцілі б на волю, бо справа была палітычная.

Таму шмат у Беларусі рашэнні аб заключэнні пад варту не заўсёды следчыя прымаюць, каманды ідуць з больш высокіх кабінетаў. Будзе каманда – ніхто не дапаможа”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Францкевіч