Сяргей Скрабец: Сэнсу ў акцыях не бачу, але ў душы пратэстоўцаў падтрымліваю

 Апошняя акцыя пратэсту, якая прайшла ў мінулыя выхадныя ў цэнтры сталіцы, была даволі нешматлюднай. Ці патрэбны такія мерапрыемствы?

“На жаль, выніковасць такіх акцый практычна нулявая”, – выказаў сваё меркаванне сайту palitviazni.info экс-палітвязень Сяргей Скрабец.

Былы палітвязень і экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Мікалай Статкевіч 21 кастрычніка праводзіў вулічную акцыю пратэсту «Марш абураных беларусаў 2.0». У выніку на мерапрыемства сабралася 150-200 чалавек.

“На мой погляд, ціснуць на ўлады такімі акцыямі бессэнсоўна, – выказвае сваё меркаванне сайту рalitviazni.info былы палітзняволены Сяргей Скрабец. – Гэта выклікае адваротную рэакцыю, пераважна – жорсткую. Суадносна ідзе запалоханне, і людзі баяцца выходзіць на акцыі. Таму сёння ў асноўным барацьбіты за дэмакратыю ў нас сядзяць у Інтэрнэце. Патлумачыць нешматлюднасць акцыі можна і тым, што напярэдадані былі арыштаваны многія актывісты апазіцыі. Таму, на жаль, выніковасць такіх акцый практычна нулявая”.

Тым не менш, Скрабец лічыць, што ў любым выпадку нейкія пратэстныя мерапрыемствы патрэбна арганізоўваць.

“Калі зусім нічога не рабіць, то ўлада і надалей будзе забіваць нашых дзяцей у арміі, – кажа палітык. – У нас і надалей будуць саджаць у турмы праваабаронцаў, судзіць незалежных журналістаў, надалей будуць фальсіфікаваць выбары. У нас па-ранейшаму няма асноўных свабод, якія гарантаваны Канстытуцыяй. Таму няхай нават такі малы пратэст будзе.Многія людзі, хаця і моўчкі, але падтрымліваюць такія акцыі. Няма па сутнасці сёння іншага выйсця. Сам я на такія акцыі не хаджу, бо не бачу ў іх сэнсу, але тых людзей, што пратэстуюць, таксама падтрымліваю”.

рalitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юрый Хадыка
  • Вадзім Лабковіч
  • Сяргей Парсюкевіч
  • Андрэй Рамашэўскі