Зміцер Паліенка: Статус палітвязня не даваў адміністрацыі калоніі магчымасці мяне “задушыць”

Палітвязень Зміцер Паліенка, якія 24 кастрычніка выйшаў на волю з Бабрускай калоніі, распавёў сайту palitviazni.info пра сваё жыцё ў калоніі, нечаканае вызваленне і будучыя планы.

“Зараз адно магу сказаць дакладна: актыўную грамадскую дзейнасць спыняць не збіраюся”, – кажа суразмоўца.

Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

Зміцер, як праводзілі апошнія дні перад выхадам на волю?

– Скажам так, была павышаная ўвага з боку адміністрацыі. Тым больш, што ў калоніі я быў на асаблівым уліку, таму кожныя дзве гадзіны заходзілі правяраючыя і сачылі за тым, каб не “адзначаў” з іншымі вязнямі заканчэнне тэрміна зняволення – не еў, не піў гарбату. Адным словам, сачылі за рэжымам.

– Здаецца, месяц таму ў вас павінна было адбыцца спатканне з бацькам у калоніі, але яго адмянілі…

– Так, прычапіліся да таго, што быццам бы ў рэчах знайшлі некалькі прадметаў, якіх не павінна быць. Думаю, гэта было ўсяго толькі нагода для зачэпкі, каб пазбавіць спаткання. Не было б гэтага, мяркую, знайшлі б нешта іншае. Я нават прасіў, каб замест пазбаўлення спаткання мяне пакаралі штрафным ізалятарам, але адміністрацыя нават і слухаць не хацела. Увогуле, за ўвесь тэрмін зняволення мне ні разу не далі доўгатэрміновага спаткання.

– Што ўвогуле можаце сказаць пра Бабруйскую калонію?

– А што добрага можна сказаць пра ўстанову, у якой знаходзішся ў няволі? Хаця, натуральна, што чалавек прызвычайваецца да любых умоў. Таму не магу сказаць, што адбываць пакаранне было лёгка, але і не ў санаторыі знаходзіўся.

– Было да вас нейкае асаблівае стаўленне з-за таго, што мелі статус палітвязня?

– Безумоўна. Гэты самы статус не даваў адміністрацыі калоніі мяне, што называецца, “задушыць”. Хаця была верагоднасць таго, што могуць “раскруціць” за розныя парушэнні па 411-м артыкуле Крымінальнага кодэкса («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі»). Але, паўтаруся, вакол маёй персоны з-за статуса палітвязня заўсёды быў грамадскі рэзананс, а таму, відаць, да гэтага і не дайшло.

– Колькі за ўвесь час знаходжання ў калоніі вы правялі ў ШІЗА?

– Каля месяца. У асноўным каралі за нейкія дробязі і звычайна перад тым, як павінна адбыцца спатканне з блізкімі.

– А з працай што за сітуацыя адбылася?

– Справа ў тым, што я працаваў у памяшканні, дзе было шмат пыла. А ў мяне на гэта алергія, умовы былі проста невыносныя. А затым здарылася новая непрыемная сітуацыя. На ўсю нагу з’явілася экзэма, паўгода турэмныя ўрачы яе лячылі і нічога не маглі зрабіць. І толькі пасля таго, як пра гэта стала вядома ў Дэпартаменце выканання пакаранняў, перавезлі ў бальніцу, дзе вылечылі нагу літаральна за некалькі дзён. І ўжо пасля вяртання ў калонію мне адмянілі працу на вытворчасці.

– Адміністрацыя не вельмі прэсавала?

– Адносіны былі, скажам так, нацягнутыя. Скажам, мог піць гарбату, побач знаходзіўся іншы вязень, і супрацоўнікі калоніі маглі падыйсці і скласці акт на абодвух. Але ціск з боку адміністрацыі быў у большай ступені маральным. І не толькі ціснулі на мяне, а на ўсіх, хто меў са мной зносіны.

– Як іншыя вязні ставіліся да вас?

– Нармальна, хаця адміністрацыя спрабавала нацкаваць на мяне іншых. Напрыклад, аднойчы, ведаючы, што я прытрымліваюся анархісцкіх поглядаў, пасадзілі мяне ў ШІЗА ў адну камеру з неанацыстам. Думалі, напэўна, што пачнем высвятляць адносіны, учынім бойку, а значыцца можна будзе яшчэ больш жорстка пакараць.

Але мы абодва ў камеры разумелі, дзеля чаго нам арганізавалі такую сустрэчу, а таму на правакацыю не паддаліся.

– На ўмовы ўтрымання вы ў сваіх лістах не асабліва скардзіліся.

– Як ужо кажаў, можна было жыць. У калоніі ёсць даволі нядрэнная бібліятэка, прыходзілі газеты “Народная Воля”, “Новы час”, “Свободные новости”. З ежай таксама сітуацыя была не крытычная. У абед нават я б сказаў, што добра кармілі, калі ўжо прызвычаіўся. А вось у першыя дні даводзілася больш складана.

– Ці шмат вашых лістоў на волю не праходзіла цэнзуру?

– І мае многія лісты не пакідалі сцен калоніі, і да мяне сяброўскія паштоўкі не траплялі. Хаця заказныя лісты практычна ўсе даходзілі. А ўвогуле, пісалі мне вельмі шмат, пры гэтым не толькі з Беларусі. Прыходзілі паштоўкі са словамі падтрымкі з Германіі, Аўстрыі, Францыі, Літвы і Расіі…

— Сёння вас выпусцілі ў 4 гадзіны раніцы. Былі гатовы да такога развіцця падзей?

– Шчыра кажучы, не. Відаць, у калоніі вырашылі, каб не было сустрэчы ля сцен іх установы, што мяне трэба адправіць дадому як мага хутчэй. У 4 гадзіны раніцы завялі на КПП, пасадзілі для канспірацыі на машыну “хуткай дапамогі” і адвезлі на вакзал у Бабруйску, дзе пасадзілі на цягнік. Я, дарэчы, выйшаў у Асіповічах і перасеў на элетрычку. Таксама не вельмі верыў адміністрацыі калоніі, баяўся, каб у цягніку якой правакацыі не было.

Зараз трэба дома аглядзецца ды нешта вырашаць з працай. Але адно магу сказаць дакладна: актыўную грамадскую дзейнасць спыняць не збіраюся.

palitviazni.info

Фота: svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні