На “сутках” у Паўла Севярынца канфіскавалі рукапіс кнігі і патапталіся па аркушах ботамі

Зараз былы палітвязень Павел Севярынец адправіў у Генеральную пракуратуру заяву пра канфіскацыю рукапісу з другой кнігі “Беларусаліма” на “сутках” на Акрэсціна.

“Патрабую вярнуць мне рукапіс і пакараць асобаў, вінаватых у парушэнні маіх правоў”, – кажа Павел.

“У перыяд з 30 чэрвеня па 10 ліпеня гэтага года я, Севярынец Павел Канстанцінавіч, пісьменнік, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, адбываў 10 сутак адміністрацыйнага арышту за абарону Курапатаў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама ( ЦІП), у камеры №9, – гаворыцца ў заяве. – 5 ліпеня каля 09.00 падчас праверкі у мяне забралі 11 старонак рукапісу рамана “Беларусалім. Сэрца святла”, які я пісаў у камеры – старонкі фармату А4, спісаныя зялёнай шарыкавай ручкай. Рукапіс забралі, нягледзячы на мае пратэсты.

У той жа дзень Павел Севярынец напісаў заяву на імя начальніка ЦІП, якую перадаў дзяжурнаму на праверцы 6 ліпеня. Але адказу на сваю заяву так і не атрымаў.

“Больш таго, на наступнай праверцы супрацоўнікі ЦІП дэманстратыўна раскідалі аркушы белай паперы з маіх рэчаў па ўсёй камеры і патапталіся па іх ботамі, – распавёў Павел у заяве. – Паводле ўсіх нарматыўных дакумантаў, супрацоўнікі ЦІП не могуць канфіскоўваць асабістыя запісы – гэта мая маёмасць. Больш таго, паколькі я пісьменнік, гэта мой хлеб. Факт канфіскацыі рукапісу і здзекаў я збіраюся данесці да як мага больш шырокіх колаў беларускай і міжнароднай грамадскасці. Лічу гэты факт барбарскім і абуральным. Патрабую вярнуць мне рукапіс і пакараць асобаў, вінаватых у парушэнні маіх правоў.”

Нагадаем, што Павел Севярынец выйшаў на волю 10 ліпеня. Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі быў асуджаны на 10 сутак за абарону Курапатаў.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Малчанаў
  • Алег Гнедчык
  • Арцём Пракапенка
  • Мікіта Сасім
  • Уладзімер Плешчанка