Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі распавёў сайту palitviazni.info пра перспектывы “справы прафсаюзаў”.

“Вельмі спадзяюся, што ў бліжэйшы час у Беларусі не з’явяцца новыя палітвязні”, – кажа праваабаронца.

Нагадаем, што Следчы камітэт абвінавачвае кіраўніка незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і бухгалтара Ігара Комліка ў нясплаце падаткаў. Ім пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без яе.

Да 8 чэрвеня прафсаюзныя лідары будуць вывучаць матэрыялы сваёй крымінальнай справы, а затым яна будзе перададзена ў пракуратуру і суд.

З самага пачатку было зразумела, што гэтая справа палітычная, – кажа Алесь Бяляцкі. Нягледзячы на тое, што яна рухалася вельмі млява, распачалася ў жніўні мінулага году, але ж непазбежна ідзе да суда. Задаемся пытаннем: каму ж патрэбны сёння  гэты дэкларатыўна-паказальны суд? Спецслужбам, сілавікам, каб даказаць сваю патрэбнасць, што яны пільнуюць за тымі, хто нелаяльны, апазіцыйна настроены да сёняшняй улады. Прэзідэнту – каб паказаць усяму беларускаму грамадству, што драконаўскі кантроль за грамадствам і актывістамі ў краіне быў і застаецца, любая актыўнасць будзе пакарана і зменаў вам не дачакацца. Такія працэсы, як у 30-я гады, ахутваюць усю краіну туманам страху і безнадзейнасці.

“Справа прафсаюзаў” найперш накіравана на абмежаванне актыўнасці дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці. Падчас вясновых пратэстаў мінулага году актывісты прафсаюза РЭП прымалі ўдзел ў шэрагу сацыяльных акцыяў, якія адбываліся па ўсёй Беларусі. Яны  актыўна выступалі у абарону сацыяльных правоў беларускіх гарамадзян. Таму іх і выбралі ў якасці ахвяры для расправы.

– “Справа прафсаюзаў” базуецца на сумнеўных дадзеных, якія былі ў сілавікоў яшчэ ў 2011 годзе і шэсць гадоў ляжалі ў шуфлядцы. На ваш погляд, чаму яны так позна “прачнуліся”?

– Гэта яшчэ болей падкрэслівае палітычны характар усёй гэтай ганебнай  крымінальнай справы. Зараз Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік з ёй знаёмяцца, а перад гэтым па ўсёй краіне ў рамках расследвання былі дапытаны сотні сябраў прафсаюза. Ціск на прафсаюзных лідараў і простых актывістаў прафсаюзу РЭП працягваецца. Зразумела, што допыты заўсюды маюць моцны псіхалагічны ціск на людзей, якіх выклікаюць да следчых.

У ідэале для сябе ўлады імкнуцца паралізаваць іхнюю актыўнасць у абарону правоў працоўных. Імкнуцца, каб яны болей не выступалі з патрабаваннямі грамадска-палітычнага характару.

Відавочна, што будзе суд. Межы пакаранняў прадугледжаны даволі шырокія – ад “хіміі” да рэальнай калоніі, і мы натуральна будзем вельмі ўважліва адсочваць гэты судовы працэс. Беларускія праваабаронцы ўжо прымалі заяву па гэтай справе, дзе асудзілі палітычны пераслед прафсаюзных лідэраў.

– Некаторыя мяркуюць, што рэальнага зняволення не будзе, бо, маўляў, уладам зараз не патрэбны новыя палітвязні.

– Вельмі спадзяюся, што ў бліжэйшы час у Беларусі не з’явяцца новыя палітвязні, але ніхто гэта на сто працэнтаў гарантаваць не можа. Відавочна, што рашэнне будзе прымацца на самым высокім узроўні. Я перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць, не тая зараз палітычная сітуацыя. Але ў любым выпадку рашэнне будзе менавіта палітычным, якое да рэальнага аб’ектыўнага суда не мае ніякага дачынення.

– У 2011 годзе вам вынеслі прысуд у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на чатыры з паловай гады за “ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры”. Ці можна параўнаць вашу справу і “справу прафсаюзаў”?

– Справы вельмі падобныя. Дзяржава абмяжоўвае дзейнасць няўрадавых арганізацый, прафсаюзаў праз шэраг недэмакратычных законаў. Таму не варта дзівіцца, што абвінавачванні падобныя. Відавочна, што ўлады выкарыстоўваюць адны і тыя ж распрацоўкі-клішэ для пераследу грамадзянскіх актывістаў і арагнізацый.

– Але да вас былі ўжыты больш жорсткія меры: да суда – СІЗА, затым – калонія…

– Тады быў іншы час. Справа супраць мяне, як старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”, распачыналася ў 2010 годзе, перад прэзідэнцкімі выбарамі. І развівалася ў 2011 годзе, пасля і падчас  масштабных рэпрэсій супраць кандыдатаў у прэзідэнты, актывістаў выбарчых штабоў, проста грамадскіх актывістаў. Улады вырашылі ўсю грамадзянскую прастору ў краіне закатаць у бетон.

Улічваючы, што я не прызнаваў сваю віну, то і быў узорна-паказальна пакараны, атрымаў чатыры з паловай гады зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Каласальная маральная падтрымка ў краіне і міжнародная салідарнасць, а таксама рэжым санкцыяў, якія ўвялі супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў Еўрапейскі Саюз і ЗША, прывялі да таго, што мяне праз тры гады зняволення выпусцілі па амністыі.

Зараз беларускі рэжым спрабуе манеўраваць і актыўна наладжвае стасункі з Еўропай. Вось, ужо Лукашэнку запрашаюць у Аўстрыю. Таму я перакананы, што гэтым разам   прафсаюзныя лідары застануцца на волі. Што б ім не прысудзілі, мяркую, што любая форма пераследу грамадскіх актывістаў

недапушчальная і павінна выклікаць агульнае абурэнне.

На жаль, гэты рэжым не можа жыць без палітычных зняволеных. Яны яму патрэбныя, як паветра. Зараз у зняволенні па палітычных матывах  знаходзяцца Міхаіл Жамчужны і Зміцер Паліенка. На іх спіс палітычных зняволеных у Беларусі не скончыцца. Толькі рашучая змена ўнутранай палітыкі ўціску і абмежавання грамадзянскіх і пралітычных правоў у Беларусі ў бок яе дэмакратызацыі прывядзе нас да больш справядлівага грамадства.

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ірына Халіп
  • Вінцук Вячорка
  • Андрэй Кім
  • Уладзімер Някляеў
  • Арцём Брэўс