Алесь Бяляцкі: “Справа прафсаюзаў” не паспрыяе паляпшэнню палітычных і эканамічных стасункаў з Захадам

 Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі пракаментаваў сайту palitviazni.info вызваленне с СІЗА бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка, які быў прызнаны палітвязнем, а таксама зрабіў прагноз, па якому сцэнару можа далей развівацца гэтая справа.

“Няма палітычнай волі на дэмакратызацыю ў краіне, а таму сітуацыя застаецца даволі трывожнай”, – кажа праваабаронца.

Як паведамлялася, бухгалтара Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Ігара Комліка на гэтым тыдні вызвалілі з СІЗА №1 Мінска ў сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, інфармуе spring96.org.

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

– Праз два месяцы пасля затрымання Ігара Комліка следчыя павінны былі вырашыць – адпускаць на волю прафсаюзнага бухгалтара альбо працягнуць тэрмін утрамання пад вартай, – кажа Алесь Бяляцкі. – Таму тут усё выканалі па законе. Іншая справа, што сама сітуацыя неадназначная. Напрыклад, Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч абвінавачваліўся ў адным і тым жа, але Фядыніча адпусцілі дадому адразу пасля допыту, а Комлік правёў за кратамі два месяцы. Гэта адразу насцярожвала і паказвала, што справа палягае ў палітычнай плоскасці, а не ў законнай.

– Відавочна, улады асцерагаліся міжнароднай рэакцыі на зняволенне прафсаюзнага лідара…

– Безумоўна, але і сітуацыя з Комлікам доўга працягвацца не магла. Да таго ж, былі актыўныя дзеянні прафсаюза РЭП, які падключыў міжнародныя арганізацыі. Сказалі сваё гучнае слова і праваабаронцы. Беларуская грамадскасць адназначна ацаніла вышэйзгаданую справу, як палітычную, і дасылала сігналы ў Брусель, Жэневу, у Страсбург. Гэта, безумоўна, стварала негатыўную рэакцыю на арышт Комліка з боку міжнароднай супольнасці.

Увогуле, калі “справа прафсаюзаў” распачыналася ў жніўні, то гэта быў не вельмі палітычна актыўны месяц. Для многіх еўрапалітыкаў – час адпачынкаў. А актыўнае палітычнае жыццё якраз і пачалося ў верасні, таму за месяц найперш міжнародная супольнасць, відаць, давяла да беларускага ўраду, што будзе лепей, калі Ігар Комлік апынецца на волі. Таму, безумоўна, гэта цалкам  палітычнае рашэнне.

– Фігуранты справы на волі, але самая яна працягваецца. Якія сцэнары могуць быць далей?

– Будзем спадзявацца, што ўладам стане канчаткова зразумела, што падставаў для крымінальнай справы няма.

– На ваш погляд, ці дасягнулі ўлады сваёй мэты?

– Відавочная мэта, якую ставіла ўлада, – гэта прэвентыўна папярэдзіць магчымыя сацыяльныя хваляванні, якія вельмі іх насцярожылі гэтай вясной. І ўдар быў нанесены па прафсаюзе РЭП, які быў адным з актыўных суб’ектаў падчас вясновых пратэстаў.

Гэтая тактыка – выпрабаваная. Падчас небяспекі моцна б’юць па няўрадавых арганізацыях, палітычных партыях і па грамадскіх актывістах. Ствараюць ім праблемы і прымушаюць займацца гэтымі праблемамі. У сітуацыі з прафсаюзамі было зроблена тое самае. Сілавікі дэзарганізавалі на пэўны час прафсаюз РЭП – канфіскававлі тэхніку, арыштавалі маёмасць. Хаця прафсаюз не паддаўся на гэты ціск. І гэта, як мне падаецца, таксама важны чыннік, які паспрыяў вызваленню Ігара Комліка. Калегі не сядзелі ў разгубленасці, а працягвалі сваю працу і адназначна выступалі ў яго абарону.

Адным словам, такія прэвентыўныя меры напярэдадні восені былі выкліканы боязню перад пратэстамі. Гэта відавочна. Таму ў пэўнай ступені ўлады праз “справу прафсаюзаў” дасягнулі сваёй мэты. А ў пэўнай – і не дасягнулі. Я думаю, што ўсё-такі ў звязку з арыштам улады ў чарговы раз паказалі, што яны не настроены на дыялог з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, а міжнародная супольнасць гэта ўбачыла. І гэта падкрэсліла, што ў Беларусі па сутнасці нічога не змяняецца. Гэты негатыўны вынік для беларускіх уладаў нават перавышае тыя бонусы, што яны атрымалі ад застрашвання грамадства і яе актыўных сябраў.

– Адным словам, адной рукой улады б’юць па галаве актывістаў унутры краіны, а другой вітаюць заходніх палітыкаў, якім даводзяць, што з правамі чалавека ў нас няма аніякіх праблем.

– Так, але ў выніку такая палітыка не прыносіць вялікіх палітычных дывідэндаў. Заходнія палітыкі – не дурні і бачаць, што адбываецца. Не думаю, што заведзеная крымінальная справа на прафсаюзных актывістаў паспрыяе паляпшэнню палітычных і эканамічных стасункаў з Захадам.

– Ці могуць у бліжэйшы час з’явіцца новыя палітычныя справы?

– Безумоўна. Наш вопыт паказвае, што такія справы з’яўляюцца падчас актывізацыі грамадскага і палітычнага жыцця. Чым вышэйшы накал у грамадстве, чым вышэйшае супрацьстаянне паміж грамадствам і ўладамі, тым больш крымінальных спраў, якія маюць палітычны падтэкст. Таму сама схема не змянілася.

У нас не зачыненая “справа патрыётаў”, працягваецца “справа прафсаюзаў”, у краіне застаюцца палітвязні Зміцер Паліенка і Міхаіл Жамчужны. Пастаянна ідуць адміністратыўныя арышты. І ўлады не звяртаюць увагі на асобы, таму і адзін з найлепшых паэтаў Беларусі Уладзімір Някляеў таксама апынуўся за кратамі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту. Ідзе поўная знявага да грамадскасці. Няма палітычнай волі на дэмакратызацыю ў краіне і сітуацыя застаецца даволі трывожнай і напружанай.

palitviazni.info

 

, , - у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

24.09.2020 Ігар Комлік: Ужо больш за месяц, як з мяне знялі пакаранне

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

07.07.2020 Ігар Комлік: Мне яшчэ год знялі па амністыі, тэрмін пакарання павінен закончыцца 14 жніўня

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

01.06.2020 Ігар Комлік: Маё вызваленне магчыма ўжо ў гэтым годзе

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

19.03.2020 Ігару Комліку зрабілі “ільготны” рэжым адбыцця пакарання

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Марыніч
  • Аляксандар Атрошчанкаў
  • Ільля Васілевіч