Ігару Комліку зрабілі “ільготны” рэжым адбыцця пакарання

Пра гэта адзін з лідараў прафсаюза РЭП паведаміў сайту palitviazni.info.

“Магчыма, крымінальна-выканаўчая інспекцыя Фрунзенскага раёна пайшла на такі крок, таму што за ўвесь час адбыцця пакарання да мяне не было ніякіх заўваг і прэтэнзій”, – кажа Ігар Комлік.

Нагадаем, што 24 жніўня 2018 г. суд Савецкага раёна Мінска асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год.

Іх асудзілі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Праваабаронцы прызналі гэтую справу палітычна матываванай.

Ігар Комлік пачаў адбываць “дамашнюю хімію” з 19 снежня 2018 году, Генадзь Фядыніч – са студзеня 2019 году.

У лістападзе мінулага году стала вядома, што Фядыніч і Комлік патрапілі пад дзеянне закона аб амністыі, прынятага да 79-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тэрмін адбыцця пакарання ім скарацілі на год.

“Днямі мне змянілі некаторыя правілы адбыцця пакарання, зрабілі іх, так бы мовіць, больш “ільготнымі”, – кажа Ігар Комлік. – Калі раней трэба было адзначацца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Фрунзенскага раёна раз на тыдзень, то цяпер — толькі раз на месяц. Магчыма, гэта з-за таго, што я ўжо адбыў пэўную частку пакарання і за гэты час да мяне не было ніякіх заўваг і прэтэнзій.

Гэта даволі зручна, бо не трэба кожны тыдзень бегаць у інспекцыю і траціць на гэта частку свайго працоўнага часу”.

Генадзь Фядыніч дадае, што ў сувязі з каранавірусам кантроль за адбыццём пакарання не зменшыўся.

“У мінулым месяцы прыходзілі на адным тыдні тры разы запар, – кажа Генадзь Фёдаравіч. – Два разы — каля 12 гадзін ночы. Увогуле, прыходзяць калі хочуць, але, на шчасце, ноччу пакуль не з’яўляліся. Я іх папярэдзіў: “У мяне добры сон, таму будзеце стаяць і грукаць у дзверы вельмі доўга”.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні