Ігар Комлік: Ужо больш за месяц, як з мяне знялі пакаранне

Адзін з лідараў прафсаюза РЭП Ігар Комлік распавёў сайту palitviazni.info пра тое, што з 14 жніўня ён “практычна вольны чалавек”.

“Пакаранне, якое я адбываў у рэжыме “хатняй хіміі” знялі, але пакуль не магу займаць кіруючыя пасады”, – распавёў Ігар Комлік сайту palitviazni.info.

Нагадаем, што 24 жніўня 2018 г. суд Савецкага раёна Мінска асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год.

Іх асудзілі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Праваабаронцы прызналі гэтую справу палітычна матываванай.

Ігар Комлік пачаў адбываць “дамашнюю хімію” з 19 снежня 2018 году, Генадзь Фядыніч – са студзеня 2019 году.

У лістападзе мінулага году стала вядома, што Фядыніч і Комлік патрапілі пад дзеянне закона аб амністыі, прынятага да 79-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тэрмін адбыцця пакарання ім скарацілі на год.

Ігар Комлік даведаўся, што ён патрапіў пад дзеянне і гэтага дакумента.

З 14 жніўня я ўжо вольны чалавек, – кажа Ігар Комлік. – Пра гэта мне паведамілі ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Фрунзенскага раёна. Адзінае, што засталося дадатковае пакаранне – да 2023 года не маю права займаць кіруючы пасады. Такім чынам, я адбываў пакаранне 1 год і 8 месяцаў”.

Прафсаюзны актывіст адзначае, што ніякіх афіцыйных папер з гэтай нагоды яму не выдавалі.

“Тэрмін закончыўся – і ўсё, – адзначае Ігар Комлік. – Калі б адбываў пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, то пры вызваленні, безумоўна, выдалі б даведку. А так сказалі проста ў вуснай форме.

Больш адзначацца ў інспекцыі мне не трэба, хаця мяне яшчэ можа пры неабходнасці выклікаць інспектар, які курыруе маё дадатковае пакаранне. Можа проста выклікаць на прафілактычную размову. Я ведаю, што аднаго чалавека, які знаходзіцца ў такім жа статусе, як і я зараз, злавілі на нейкай акцыі, а таму ў інспекцыю на гутаркі выклікаюць штодзень”.

Са слоў Ігара Комліка, адбываць пакаранне яму было не вельмі складана.

“З часам звыкся з тымі абмежаваннямі, што былі, – кажа суразмоўца. – У выхадныя сядзеў дома і працаваў, бо працы заўсёды хапала. Так што ва ўсім можна знайсці нешта станоўчае”.

Тым часам, Генадзь Фядыніч працягвае адбываць пакаранне ў рэжыме “хатняй хіміі”.

“Відаць, для ўладаў я яшчэ застаюся небяспечным элементам”, – кажа Генадзь Фёдаравіч.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Віктар Івашкевіч
  • Славамір Адамовіч
  • Аляксандар Фядута