Ігар Комлік: Маё вызваленне магчыма ўжо ў гэтым годзе

Лідары прафсаюза РЭП Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч распавялі сайту palitviazni.info пра тое, ці ёсць у іх шанцы на больш хуткае вызваленне.

Нагадаем, што 24 жніўня 2018 г. суд Савецкага раёна Мінска асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год.

Іх асудзілі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Праваабаронцы прызналі гэтую справу палітычна матываванай.

Ігар Комлік пачаў адбываць “дамашнюю хімію” з 19 снежня 2018 году, Генадзь Фядыніч – са студзеня 2019 году.

У лістападзе мінулага году стала вядома, што Фядыніч і Комлік патрапілі пад дзеянне закона аб амністыі, прынятага да 79-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тэрмін адбыцця пакарання ім скарацілі на год.

22 мая гэтага году пачаў дзейнічаць Закон аб амністыі, але я не ведаю, ці трапляю пад дзеянне гэтага закона,– кажа Ігар Комлік.Парушэнняў у мяне няма, я нават не выключаў умоўна-датэрміновае вызваленне.

Па маіх падліках, ужо ў жніўні з мяне могуць зняць пакаранне”.

Генадзь Фядыніч у гэтым плане больш песімістычны.

“У мяне значна горшыя перспектывы па вызваленні, – кажа Генадзь Фёдаравіч. – Па-першае, тэрмін адбыцця пакарання ў мяне пачаўся пазней. Па–другое, да маёй асобы, відаць, крыху іншае стаўленне.

Напрыклад, Ігару Комліку дазваляюць два разы на месяц з’ездзіць на лецішча і правесці там ноч. Мне дазволілі толькі адзін раз – у мінулыя выходныя. Звярнуўся ў інспекцыю, якая сочыць за выкананнем пакарання, каб паехаць за горад і ў гэтыя выходныя, але мне адмовілі.

Кажу: “З Ігарам Комлікам мы асуджаны па адным артыкуле, але законы ў Цэнтральным і Фрунзенскім РУУС розныя?» Нават і не ведалі, што адказаць. Сказалі толькі: “Будзем узгадняць”.

Калі не адпусцяць, то буду звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі. Трэба іх напружваць, бо гэта проста беззаконне”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Рамашэўскі
  • Алег Волчак
  • Яўген Васьковіч