Гары Паганяйла: Дзіўна, што суд па такой гучнай справе – закрыты

imagesУ Мінскім гарадскім судзе ўжо каторы дзень працягваецца разгляд крымінальнай справы рэдактара сайта 1863х.com і блогера Эдуарда Пальчыса. Працэс, як вядома, праходзіць у закрытым рэжыме.

“Калі суд закрылі ад грамадскасці, такі будзе і давер да разгляду гэтай справы, і да таго рашэння, што прыме суд”, – распавёў сайту palitviazni.info юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэту Гары ПАГАНЯЙЛА.

Нагадаем, што Эдуард Пальчыс абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай розні) і ч.2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі.

25 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінску разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

У Мінскім гарадскім судзе разгляд “справы Пальчыса” пачаўся 14 кастрычніка.

Беларускія праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітвязням.

“Абвінавачванне ў распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай розні – дастаткова рэдкі выпадак у беларускіх рэаліях, – кажа Гары Паганяйла. – Такія справы – адзінкавыя. Таму, калі гэта агульназначныя рэчы, то якраз іх і патрэбна шырока прапагандаваць і працаваць на прафілактыку. А тут што атрымліваецца? Дзіўна, што суд над Пальчысам зрабілі закрытым, таму і праваабаронцаў, і грамадскасць пазбавілі ўсялякай інфармацыі. Тыя, хто праглядалі раней гэты сайт, сачылі за публікацыямі, яшчэ могуць мець нейкае ўяўленне пра справу. Але, як мне падаецца, большасць наогул не ведаюць пра тое, ці ўтрымлівалі публікацыі прыкметы экстрэмізму”.

Па словах юрыста, невядома таксама, хто праводзіў экспертызу артыкулаў, якія прызнаны экстрэмісцкімі.

“Мы ж не ведаем, ці дастаткова ў іх вопыта і кваліфікацыі для такога рода ацэнак, бо заключэнне экспертаў у судзе будзе разглядацца, як адзін з важнейшых доказаў вінаватасці, – працягвае ён. – А мы не можам нават даведацца, якія крэтэрыі так званыя эксперты ўзялі за аснову пры ацэнцы матэрыялаў з сайта”.

Гары Паганяйла мяркуе, што рашэнне зрабіць працэс закрытым улады прынялі таму, што, магчыма, бачаць усю слабасць сваёй пазіцыі:

“На сёняшні момант стаіць задача – заткнуць рот блогеру Пальчысу, які жорстка крытыкаваў дзеянні Расіі ў адносінах да Украіны. Гэта такі своеасаблівы прыклад і для іншых. Хаця, можа быць, нічога злачыннага ў працах Пальчыса і не было. Таму сёння мы бачым закрыты працэс і звычайную барацьбу з іншадумствам. У гэтым плане ў краіне нічога не змянілася. І, калі суд закрылі ад грамадскасці, такі будзе і давер да разгляду гэтай справы, і да таго рашэння, што прыме суд”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні