Эдуард Пальчыс

indexЭдуард Пальчыс нарадзіўся ў Лідзе, яму 25 гадоў. Займаецца гісторыяй, жанаты. Не звязаны ні з адной палітычнай сілай альбо апазіцыйнай групоўкай.

Эдуард Пальчыс – блогер і публіцыст, больш вядомы пад нікам “Джон Сільвер”. Заснавальнік сайта 1863x.com. Даволі доўгі час яго сапраўднае імя заставалася невядомым, аднак пасля раптоўнага арышту у Расіі імя Пальчыса было раскрытае.

На сайце друкаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з рэзкай крытыкай уладаў Расіі і Беларусі. Лічыцца, што піку папулярнасці сайт дасягнуў пад канец 2015 года. На ім сабраныя ў асноўным публіцыстычныя артыкулы на гістарычныя і каляпалітычныя тэмы, шмат матэрыялаў, прысвечаных палітыцы Крамля ў дачыненні да сваіх суседзяў.

Відаць, найбольш папулярнай публікацыяй сайта стаў артыкул пад загалоўкам “Как Беларуская Православная Церковь готовит нас к “русскому миру”. Пры гэтым нельга сказаць, што сайт 1863x.com меў масавую папулярнасць.

Храналогія пераследу

У лістападзе 2015 года Пальчыс паведаміў аб затрыманні КДБ і прымусовым знаходжанні ў псіхіятрычнай лякарні. Пасля гэтага ён пераехаў ва Украіну.

Аб затрыманні ў Расіі Эдуарда Пальчыса стала вядома напрыканцы студзеня 2016 году. Пазней адно расійскае нацыяналістычнае выданне паведаміла, што беларус быў затрыманы пры перасячэнні украінска-расійскай мяжы і ўтрымліваецца ў бранскай турме.

Напрыканцы мая 2016 года блогера экстрадзіравалі ў Беларусь, дзе ён быў узяты пад варту.

22 июня старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч пацвердзіў, што Эдуарду Пальчысу прад’яўлена абвінавачванне. Ён абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

25 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінску разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

5 кастрычніка беларускія праваабаронцы прызналі блогера Эдуарда Пальчыса палітвязням, пра што гаворыцца ў сумеснай заяве закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна”, Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава (Вільня), ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”, камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” і ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Яны патрабуюць вызваліць Пальчыса з-пад варты, паколькі забеспячэнне яго яўкі ў суд можа быць гарантаванае і іншымі мерамі стрымання, не звязанымі з ізаляцыяй абвінавачанага, а таксама спыніць справу ў дачыненні да блогера па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса і забяспечыць правядзенне адкрытага судовага працэсу з захаваннем усіх гарантый справядлівага судовага разбору.

Суд над Эдуардам Пальчысам пачнецца 14 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе. Разгляд справы будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Клімаў
  • Валеры Леванеўскі
  • Аляксандар Францкевіч
  • Зьміцер Дашкевіч
  • Віктар Івашкевіч