Эдуард Пальчыс: З боку ФСБ былі спробы выцягнуць з мяне паказанні, каб я застаўся ў Расіі

gi-24322-120862-bigБлогер Эдуард Пальчыс, над якім днямі закончыўся судовы працэс, распавёў сайту palitviazni.info пра справу жыцця, якая ў выніку перарасла ў крымінальную справу.

“На сайце, які я рэдактаваў, хацелася асадзіць тых расійскіх прапагандыстаў, якія ў 2014-м пачалі інфармацыйна атакаваць Беларусь, – кажа Эдуард. – Тыя проста страчвалі рэальнасць…”

Нагадаем, што Эдуард Пальчыс – блогер і публіцыст, больш вядомы пад нікам “Джон Сільвер”. Заснавальнік сайта 1863x.com. Даволі доўгі час яго сапраўднае імя заставалася невядомым, аднак пасля раптоўнага арышту у Расіі імя Пальчыса было раскрытае.

У лістападзе 2015 года Эдуард Пальчыс паведаміў, што яго пераследуюць у Беларусі, пасля чаго з’ехаў ва Украіну.

Аб затрыманні ў Расіі Эдуарда стала вядома напрыканцы студзеня 2016 году. Пазней адно расійскае нацыяналістычнае выданне паведаміла, што беларус быў затрыманы пры перасячэнні украінска-расійскай мяжы і ўтрымліваецца ў бранскай турме.

Напрыканцы мая 2016 года блогера экстрадзіравалі ў Беларусь, дзе ён быў узяты пад варту.

25 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінску разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Пазней праваабаронцы прызналі Пальчыса палітвязнем.

Суд над Эдуардам Пальчысам распачаўся 14 кастрычніка, усе судовыя пасяджэнні праходзілі ў закрытым рэжыме.

У выніку Пальчыс быў прызнаны вінаватым па двух артыкулах КК: распальванне варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130), а таксама выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).

З улікам утрымання пад вартай (дзевяць месяцаў, але дзень ідзе за два пры прызначэнні так званай „хатняй хіміі”), а таксама судова-медыцынскай экспертызы ў спецыяльнай медустанове (амаль месяц, дзень ідзе за дзень) Пальчыс ужо адбыў 19 месяцаў пакарання з 21 месяца прызначанага. Такім чынам, пад наглядам яму застаецца прабыць усяго два месяцы.

– Распавядзіце крыху больш пра сябе… Чым захапляліся ў дзяцінстве і юнацтве, пад чыім уплывам фарміраваліся вашы погляды?

– Дзяцінства ў мяне было звычайным, як і для ўсіх, хто нарадзіўся напрыканцы 80-х-пачатку 90-х. Гульні ў двары, потым набыццё камп‘ютара, камп‘ютарныя гульні, інтэрнэт і гэтак далей. Таксама даволі рана мне сталі цікавыя гістарычныя раманы, напрыклад, “Тры мушкецёры”. Дзякуючы літаратуры і бацькам ў мяне і з’явілася цікавасць да вывучэння гісторыі Беларусі.

– А як прыйшла ідэя стварыць сайт? Якая была першапачатковая канцэпцыя сайту і ці захоўвалася яна з цягам часу?

– Сайт задумаваўся, як адказ тым расійскім прапагандыстам, якія ў 2014-м пачалі інфармацыйна атакаваць Беларусь. Хацелая даволі рэзка іх асадзіць, бо яны як тады ўжо страчвалі рэальнасць, скажалі яе. Жылі ў нейкім сваім шызафрэнічным свеце. Таксама ў блогу вельмі шмат скрытага гумару і іроніі. Канцэпцыя была такая, каб стылістыка напісання нагадвала гэдакі панк-рок. То бок, каб было эмацыйна, бадзёра і рэзка.

– Чаму вы доўгі час захоўвалі ананімнасць і ці было гэта насамрэч ананімнай працай, бо, як вядома, Інтэрнэт у Беларусі кантралюецца?

– Фактычную ананімнасць на працягу першых месяцаў змог зберагчы, але потым з-за чалавечага фактару, мяне знайшлі. А так і праўда – Інтэрнэт кантралюецца.

– Як прымалася рашэнне з’ехаць з краіны ва Украіну? Чым займаліся там, калі былі вымушаны з’ехаць у вымушаную эміграцыю?

– Выехаць было патрэбна, каб трохі адпачыць ад пераследу і давесці людзям пра мае прыгоды. Там я працягваў працаваць над сайтам, але з жонкай усё роўна сумавалі па Беларусі.

– Вас затрымалі на ўкраінска-расійскай мяжы, затым нейкі час вы правялі ў расійскім СІЗА. Распавядзіце пра адносіны да вас расійскіх сілавікоў і пра ўмовы ўтрымання…

– Умовы ўтрыманная ў Бранску былі так сабе, мяне трымалі пад поўным наглядам, ў камеры-каранціне. Хаця не скажу пра нейкія асаблівыя адносіны да мяне з боку супрацоўнікаў СІЗА. Яны былі, хутчэй, нейтральныя, ім было ўсё роўна, хто такі Пальчыс. Як і на любой працы, работнікі СІЗА, напэўна, марылі хутчэй пайсці дадому.

– Былі, скажам так, задаволены экстрадыцыяй у Беларусь ці чакалі суда ў Расіі?

– З боку ФСБ былі спробы выцягнуць з мяне паказанні на тое, каб я застаўся ў Расіі, але ў іх нічога нічога не атрымалася. Таму, па вялікаму рахунку, быў рады, калі мяне адправілі дадому.

Пасля таго, як вас перавезлі ў Беларусь, якія прагнозы па сваёй справе рабілі?

– Ніякіх, бо проста быў шчаслівы апынуцца дома. Нават радаваўся беларускаму акцэнту ў расійскай мове маіх вартаўнікоў

– Ці моцна адрозніваюцца расійскія СІЗА ад беларускіх?

– Даволі моцна. Турмы ў Беларусі больш “бедныя” – менш фінансуюцца, што, безумоўна, адбіваецца і на бытавых ўмовах. Таксама беларускія турмы нашмат больш стражэйшыя па правілах паводзін.

– А як да вас ставіліся іншыя зняволеныя?

– Альбо нейтральна, альбо з падтрымкай. У турмах усе роўныя, хто б ты не быў. Таму ўсе стараліся падтрымліваць адзін аднаго.

Як даведаліся, што праваабаронцы прызналі вас палітвязнем і што думалі з гэтай нагоды?

– Даведаўся праз адваката. І быў вельмі ўдзячны за падтрымку, бо, мяркую, гэта таксама сыграла не апошнюю ролю ў маім прысудзе.

– Рашэнне суда не стала для вас нечаканасцю?

– З аднаго боку, я лічу сябе цалкам невінаватым. Але, ведаючы агульную правапрымяняльную практыку ў судовых справах, мой прысуд – юрыдычны падарунак аотбоі цуд.

–  Калі б адкруціць час назад, што б зрабілі па-іншаму, якія б памылкі не дапусцілі?

– Пастараўся, каб мяне ўсё ж-такі не знайшлі, і захаваў бы ананімнасць да канца.

– Якія далейшыя планы?

– Буду адпрацоўваць перад грамадствам тую падтрымку, якую яны мне аказалі.

palitviazni.info

Фота: БелаПАН

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў