Эдуард Пальчыс: Я сваю справу раблю таму, што перажываю за лёс краіны

gi-24322-120862-big14 снежня быў перанесены суд аб прызнанні сайта 1863x.com экстрэмісцкім, чыім заснавальнікам з’яўляецца блогер Эдуард Пальчыс.

Эдуард Пальчыс распавёў сайту palitviazni.info пра гэтую “маленькую перамогу” і выказаў сваё стаўленне да арышту беларускіх аўтараў, якія пісалі артыкулы для расійскіх сайтах.

– Пасяджэнне было закрытым, але мы атрымалі з адвакатам невялікую перамогу, – кажа Эдуард Пальчыс. – Суд перанесены на месяц, будзе новая экспертыза для часткі артыкулаў. Але гэта і добра, нам трэба, каб сайт працаваў як мага больш. Больш справы паспеем зрабіць да закрыцця сайта, а гэта вельмі рэальная перспектыва.

– Зараз шмат размоў і дыскусій ідзе наконт затрымання ў Беларусі прарасійскіх аўтараў, якіх арыштавалі за артыкулы на сайтах, а некаторыя нават праводзяць паралелі паміж гэтай справай і вашай. Наколькі, на вашую думку, карэктнае такое параўнанне?

– Абсалютна некарэктнае, бо ўжо прыводзяцца дадзеныя, што гэтыя людзі пісалі свае артыкулы за расійскія грошы. Таму ў гэтай сітуацыі размова нават не ідзе пра нейкую ідэйную частку. Людзі захацелі зарабіць і пісалі ўсё, што ім загадвалі. Гэта, можна сказаць, наёмнікі, там абсалютна няма ідэйнасці. А я сваю справу раблю таму, што перажываю за сваю краіну, за яе незалежнасць. Як тады можна параўноўваць гэтыя дзве справы?

Напярэдадні суда праваабаронцы прызналі вас палітвязнем. Арыштаваныя прарасейскія журналісты таксама “палітычныя”?

– У справе ёсць палітычны падтэкст, але, калі людзі абражаюць сваю краіну, абражаюць нацыю і народ, то толькі ненармальны чалавек будзе казаць, што зараз за кратамі знаходзяцца палітвязні.

– Ёсць меркаванне, што ўлады, каб прытрымлівацца балансу, могуць “прэсануць” услед за прарасейскімі журналістамі і каго-небудзь з дэмакратычнага лагеру.

– Нас ужо 20 гадоў прэсуюць, а вось нашых апанентаў кінулі за краты, бадай што, упершыню. Так што “ідэйныя” выжывуць, нягледзячы на рэпрэсіі.

***

Эдуард Пальчыс – блогер і публіцыст, больш вядомы пад нікам “Джон Сільвер”. Заснавальнік сайта 1863x.com. У кастрычніку гэтага году быў асуджаны да “хатняй хіміі”, але яшчэ перад пачаткам судовага працэсу праваабарончая супольнасць прызнала Пальчыса палітвязнем.

Нагадаем, 25 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінску разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Пазней праваабаронцы прызналі Пальчыса палітвязнем.

Суд над Эдуардам Пальчысам распачаўся 14 кастрычніка, усе судовыя пасяджэнні праходзілі ў закрытым рэжыме.

У выніку Пальчыс быў прызнаны вінаватым па двух артыкулах КК: распальванне варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130), а таксама выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).

З улікам утрымання пад вартай (дзевяць месяцаў, але дзень ідзе за два пры прызначэнні так званай „хатняй хіміі”), а таксама судова-медыцынскай экспертызы ў спецыяльнай медустанове (амаль месяц, дзень ідзе за дзень) Пальчыс ужо адбыў 19 месяцаў пакарання з 21 месяца прызначанага. Такім чынам, пад наглядам яму застаецца прабыць усяго два месяцы.

28 кастрычніка Мінскі гарадскі суд прысудзіў блогера да абмежавання волі тэрмінам у 1 год і 9 месяцаў. Але ў ягоным выпадку дзень у СІЗА лічыцца за два.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні