Павел Вінаградаў: Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах

12190817_833355196780332_7518434494272385462_nМоладзевы актывіст апазіцыі Павел Вінаградаў, які вядомы частымі затрыманнямі, распавядае сайту palitviazni.info пра сябе, свае захапленні, затрыманні, арышты і палітыку.

“Тое, што ўсе называюць апазіцыяй, хутчэй нагадвае групу разрозненых дысідэнтаў, – кажа моладзевы актывіст. – Але гэта не адмяняе важнасці ўдзелу людзей у пратэстах. Заўсёды некаму патрэбна падстаўляцца. Нельга без намаганняў змяніць краіну да лепшага, як нельга прыгатаваць яешню не разбіўшы яйка”.

– Павел, распавядзіце напачатку пра сябе. З якой вы сям’і, дзе вучыліся?

– У гэтым плане ў мяне ўсё даволі празаічна: звычайная сярэдняя сям’я, звычайная школа, у якой я вучыўся хаця і сярэдне, але без троек. Была яшчэ музычная школа, якая адказвала, так бы мовіць, за маё духоўнае развіццё. Карацей, “усё, як у ва ўсіх”.

–  А ўвогуле, як прыйшлі да грамадска-палітычнай дзейнасці? І як да гэтага паставіліся вашыя блізкія?

– Аднойчы ў каледжы, дзе я атрымліваў прафесію цырульніка, нам аб’явілі, што пасля заняткаў усе абавязаны застацца яшчэ на дзве гадзіны. Пайшлі чуткі: гэта, маўляў, з-за таго, што дзесьці ў горадзе павінен адбыцца мітынг апазіцыі. Мне было абсалютна ўсё роўна на той мітынг, я проста хацеў дадому. Тады я падыйшоў да чалавека, які адказваў за “выхаваўчую працу”, і папрасіў яго адпусціць мяне. І, калі атрымаў адказ, то падумаў: “А што на самай справе адбываецца ў горадзе такое, што мяне закрылі ў школе?” У выніку я забраў сваю куртку і адправіўся паглядзець на акцыю пратэсту. З таго часу, як кажуць, і панеслася…

Што датычыцца блізкіх, то яны, безумоўна, спачатку былі супраць, а пасля, як гэта звычайна здараецца, пачалі падтрымліваць.

– Ваш першы вопыт зносінаў і працы з палітыкамі не расчараваў?

– Не расчараваў ні першы, ні другі, ні трэці вопыты. А вось дзесяты ўжо прынёс расчараванне. Зрэшты, я да гэтага адношуся абсалютна нармальна і заўсёды люблю перафразаваць вядомы выраз: кожны народ заслугоўвае тую апазіцыю, якую мае.

 – Моладзь шмат у чым радыкальная і выступае за змены жыцця да лепшага. Ваша вулічная пратэстная дзейнасць – наколькі яна была эфектыўная і прыносіла вынік?

– Калі ў Беларусі не змянілася ўлада, пратэстны рух не набраў сілу, а прызрыстых выбараў, як не было, так няма і да гэтага часу, значыцца і мэты не дасягнуты. З іншага боку – людзі ў краіне ўбачылі, што не ўсё так безнадзейна ў беларускім балоце і нехта яшчэ гатовы змагацца. Некага мы сваімі акцыямі, магчыма, павесялілі, міліцыю і КДБ не пакінулі без працы. Ды і нам было весела.

– Пасля падзей у снежні 2010 году вас арыштавалі, быў суд… Як тыя падзеі ўспрымаюцца сёння, праз шэсць гадоў?

– Я не вельмі шмат думаю пра тое, што было і засталося ў мінулым. Лічу, што лепш варта думаць пра будучыню, таму што яе можна нейкім чынам змяніць. Але забываць урокі, якія дае нам гісторыі, забвываць дакладна нельга.

– Арышт стаў для вас нечаканасцю?

– Абсалютнай! Мяне ж арыштавалі толькі ў студзені 2011 году, і я пасля снежаньскіх падзей ужо пачаў верыць, што за мной ніхто не прыйдзе. З таго часу я так не раслабляюся.

– Вас вызвалілі толькі ў снежні 2011 году. Якія самыя складаныя перыяды былі падчас знаходжання за кратамі? І што найбольш урэзалася ў памяць?

– Больш за ўсё запомніўся самы класны момант за ўвесь час майго знаходжання за кратамі – гэта маё вяселле ў калоніі. Гэта была на самай справе ПАДЗЕЯ! Упершыню за доўгі час атрымалася, хаця і няшмат, але пабыць разам з блізкімі, сябрамі і жонкай.

А самы складаны перыяд для мяне – гэта пачатак тэрміна, калі толькі-толькі прывезлі ў следчы ізалятар на Валадарскага. Пастаянныя допыты, ціск… Але нічога. Праз месяц прызвычаіўся.

– Як зняволеныя адносіліся да “палітычных”?

– Да шэраговых актывістаў, куды адношуся і я, нейкіх асаблівых “палітычных” адносінаў не было. Па меншай меры, адразу. Глядзелі ў першую чаргу на тое, які ты чалавек. І зносіны былі такія, што і на волі: з добрымі людзьмі – добра, з дрэннымі – дрэнна. Былі там, натуральна, і людзі, у задачу якіх уваходзіла разгаварыць мяне “ў інтарэсах следства”. З гэтымі ўжо неабходна было трымаць вуха востра.

– Павел, а ці нечаканым стала для вас памілаванне і вызваленне?

– Вось якраз тут нечаканасцей і не было, бо перад маім вызваленнем ўжо выйшлі на волю дзве партыі “палітычных”, якія напісалі прашэнні аб памілаванні. Для мяне было відавочным, што ў Лукашэнкі проста не будзе іншага выйсця, каб адпускаць людзей далей. І гэта незалежна ад таго, ці напісаў ты прашэнне. Таму я проста сядзеў і чакаў свайго вызвалення без хваляванняў.

– Далей былі новыя пасадкі, “суткі”, Беразіно, куды вам настойліва параілі адправіцца сілавікі… Як адносіцеся да “беразінскага этапа” ў сваім жыцці?

– Дзесяць вымушаных месяцаў жыцця ў правінцыі – гэта вельмі важны для мяне этап. З’явіўся час выдыхнуць і падумаць. Асэнсаваць, што Мінск – не Беларусь. Не хачу называць гэта ссылкай, як раней пісалі ў прэсе. Безумоўна, мяне прымусілі пераехаць са сталіцы пад пагрозай накіраваць у лячэбна-працоўны прафілакторый, але ўмовы там былі ў мяне дастаткова камфортныя. Ужо хаця б таму, што там ніводнага разу не адправілі на “суткі”.

– Што вам больш за ўсё спадабалася ў правінцыйным жыцці?

– Непасрэдная простасць і размеранасць жыцця. У Мінску пастаянна нейкі рух – мітынгі, акцыі, журналісты, пастаянныя “зносіны” з міліцыяй. А там гэтага нічога няма. Прырода, ціха, птушачкі спяваюць…

Не ведаю, як наконт усёй правінцыі, але ў Беразіно палітыка ў людзей нават не на трэцім месцы. А на першых – работа, сям’я, гаспадарка… Хаця ў мяне, безумоўна, цікавіліся людзі і пра палітыку. Але, мяркую, толькі таму, што я быў нейкай экзотыкай для іх.

– Увогуле, як у рэгіёнах адносяцца да ўлады і апазіцыі?

– Як мне падаецца, уладу не любіць амаль ніхто, а ў апазіцыі амаль ніхто не бачыць сілу. Такое вось беларускае “се ля ві”.

– Як бы вы ахарактаразавалі тое, што адбываецца ў Беларусі? Я маю на ўвазе ўнутранае палітычнае поле. Ці ёсць, на ваш погляд, сёння ў Беларусі рэальная апазіцыя?

– Тое, што ўсе называюць апазіцыяй, хутчэй нагадвае групу разрозненых дысідэнтаў. Але гэта не адмяняе важнасці ўдзелу людзей у пратэстах. Заўсёды некаму патрэбна падстаўляцца. Нельга без намаганняў змяніць краіну да лепшага, як нельга прыгатаваць яешню не разбіўшы яйка.

– Якія галоўныя ўрокі вы зрабілі для сябе за гэты час?

– Першы ўрок – калі нічога не рабіць, то і выніка ніякага не будзе. Як кажуць, пад ляжачы камень вада не цячэ. Другі – заўсёды знойдуцца людзі, якім ты не падабаешся, і яны пастараюцца да цябе гэта данесці. І тут трэба абавязкова памятаць выраз “Сабака гаўкае, караван ідзе”.

– Збіраецеся працягваць удзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці?

– Безумоўна. Як кажуць, ёсць яшчэ порах у парахаўніцах.

palitviazni.info

 

АСАБІСТАЯ СПРАВА

Павел ВІНАГРАДАЎ. Нарадзіўся 24 красавіка 1988 году ў Мінску. Скончыў прафесійна-тэхнічны ліцэй № 4 па спецыяльнасьці “цырульнік”, а таксама музычную школу па класе фартэпіяна. Некаторы час вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце Мінскага педагагічнага ўніверсітэта.

Некалькі гадоў быў актывістам кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, уваходзіў у склада руху “За свабоду”. За сваю палітычную дзейнасць неаднаразова затрымліваўся міліцыяй. У 2008 г. з’яўляўся фігурантам так званай “справы 14-ці” па арт. 342 КК,  заведзенай за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 г. За гэта быў асуджаны на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы. Праз год амніставаны.

Адзін з рэкардсменаў па адбыцці пакарання на “сутках”. Усяго па адміністрацыйных справах Павел Вінаградаў правёў за кратамі больш за 200 сутак.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Шалайка
  • Уладзімер Плешчанка
  • Алесь Круткін
  • Юры Казак
  • Аляксей Бондар