“Еўропа заплюшчвае вочы…”

previewШтрафы за ўдзел у рознага кшталту акцыях па-ранейшаму прыходзяць актывістам і палітыкам. Хтосьці аплочвае, нехта прынцыпова адмаўляецца гэта рабіць.

Моладзевы актывіст апазіцыі Павел Вінаградаў, які вядомы частымі затрыманнямі і суткамі арышту, распавёў сайту palitviazni.info пра “новую тактыку” беларускіх уладаў.

“І Захаду, і беларускім уладам нестабільнасць у рэгіёне пасля Украіны не патрэбна, – адзначае актывіст. – Таму яны і стараюцца нейкім чынам адзін да аднаго прыцерціся. Улады выпусцілі палітвязняў і перасталі адпраўляць за краты, а Еўропа заплюшчае вочы на штрафы”.

Пасля падзей у снежні 2010 году Павел Вінаградаў быў арыштаваны, а затым асуджаны на 4 гады зняволеньня. 14 верасня 2011 г. актывіст быў вызвалены паводле ўказу аб памілаванні, падпісанага кіраўніком дзяржавы.

Усяго на “сутках” актывіст быў 19 разоў. З іх 17 разоў – пачынаючы з 2012 году. Усяго ж па адміністрацыйных справах ён правёў за кратамі больш за 200 сутак.

“Зараз на “суткі” зусім не адпраўляюць, а даюць штрафы, і асабіста мне дзіўна, чаму ўлады раней да гэтага не дадумаліся, – кажа Павел Вінаградаў. – Навошта было кідаць людзей у ізалятар часовага ўтрымання, праводзіць рэпрэсіі, якія звязаны з турмой, калі можна было папаўняць бюджэт і “чысціць кішэні” актывістаў. І, калі зыходзіць з гэтага, то штрафы – гэта ўсё-такі больш лёгкая форма рэпрэсій. У гэтым плане яны змягчыліся, хаця не думаю, што аддаваць уласныя грошы – гэта асалода”.

Па словах моладзевага актывіста, ён усё ж-такі вырашыў аплочваць штрафы за ўдзел у акцыях.

“Пагражалі забраць машыну, таму давялося хутка заплаціць, – паведаміў ён. – Непрыемна, безумоўна, але так склалася сітуацыя. Я падзяляю прынцыповасць тых людзей, хто адмаўляецца нешта аплочваць, бо не лічыць судовыя рашэнні законнымі, але я так, на жаль, не магу. Могуць зрабіць невыязным, а мне трэба бываць за мяжой. Не хачу, каб з’явіліся праблемы ў маёй жонкі, якой і так шмат давялося прыносіць мне перадачы ў следчыя ізалятары”.

Са слоў Паўла Вінаградава, Еўропа на такія “прыхаваныя рэпрэсіі” закрывае вочы, а таму ў бліжэйшы час нічога не зменіца:

“Улады зразумелі, што такі расклад не вельмі абурае дэмакратычную Еўропу. Да таго ж, гэта выгодна бюджэту. З аднаго чалавека – 10 мільёнаў рублёў (500 долараў), а такіх штрафаў назбіралася ўжо багата. Як казаў Раскольнікаў у Дастаеўскага, калі ў яго запыталі, навошта ён забіў бабулю за 20 капеек: “А пяць бабулек – гэта ўжо рубель”. Наколькі я разумею, калі б Захад прынцыпова паставіў пытанне з гэтай нагоды, такой бы сітуацыі не здарылася. Але ж маем тое, што маем. Звароты ж апазіцыі да еўрачыноўнікаў вялікага эфекта не дадуць. І Захаду, і беларускім уладам нестабільнасць у рэгіёне пасля Украіны не патрэбна. Таму яны і стараюцца нейкім чынам адзін да аднаго прыцерціся. Улады выпусцілі палітвязняў і перасталі адпраўляць за краты, а Еўропа заплюшчвае вочы на штрафы”.

palitviazni.info    

Іншыя палітычныя вязьні

  • Арцём Дубскі
  • Іван Гапонаў
  • Эдуард Пальчыс
  • Антон Койпіш
  • Аляксандар Васільеў