Павел Вінаградаў: Хацеў перадаць “прывітанне” – і я яго перадаў

0626_vinagr_action_01-yymqoУплывовая праваабарончая арганізацыя асудзіла адвольнае пакаранне беларускага актывіста і заклікала ўлады скасаваць прэвентыўны нагляд, накладзены на Паўла Вінаградава.

Сам Павел Вінаградаў, за якім быў устаноўлены прэвентыўна нагляд на 6 месяцаў, адказаў уладам на гэтым тыдні па-свойму крэатыўна – правёў дзёрзкую акцыю па вывешванні бел-чырвона-белых сцягоў ў Маскоўскім раёне Мінска і своеасаблівымі плакатамі падзякаваў суду і міліцыі за «клопат» пра яго.

“Паколькі “Міжнародная амністыя” выступіла с заявай, можа быць, нават з мяне здымуць прэвентыўны нагляд, – распавёў моладзевы актывіст сайту palitviazni.info. – Хаця ў гэта слаба верыцца”.

Нагадаем, Amnesty International асуджае адвольнае пакаранне ў дачыненні да Паўла Вінаградава, які 7 чэрвеня 2016 года быў прысуджаны да шасці месяцаў “прэвентыўнага нагляду” ў сувязі з яго ўдзелам у мірных, але несанкцыянаваных акцыях пратэсту. Amnesty International заклікае беларускія ўлады скасаваць гэтыя абмежаванні.

Пакаранне было накладзенае на той падставе, што Вінаградаў чатыры разы цягам года быў асуджаны за адміністратыўныя правапарушэнні. Усе гэтыя прысуды былі звязаныя з удзелам у мірных, але несанкцыянаваных акцыях пратэсту. Тым часам, права на мірныя сходы гарантаванае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога з’яўляецца Беларусь.

“Калі задумваў правесці акцыю, хацеў перадаць прывітанні міліцыянтам і суддзям, якія “паклапаціліся” пра тое, каб сёння я меў прэвентыўны нагляд, – распавядае Павел. – Я яго і перадаў. Акцыя, мяркую, атрымалася даволі гучная, і я гэтым задаволены”.

Пра наступствы актывіст разважае пакуль толькі тэарэтычна.

“Калі па законе, то на мяне могуць “павесіць” несанкцыянаванае пікетаванне, але ж з такім рашэннем, натуральна, не пагаджуся, – кажа Павел Вінаградаў. – Тэарэтычна можна разглядаць маю акцыю і як парушэнне гарадскога добраўпарадкавання. І з гэтым, можа быць, нават пагаджуся. Але да гэтага часу з нагоды акцыі мне наогул ніхто не тэлефанаваў з міліцыі і ніхто не прыходзіў. У мяне нават думкі з’яўляюцца: можа наверсе паразумнелі і маю акцыю ўвогуле праігнаруюць?

Са слоў Вінаградава, пасля таго, як “Міжнародная амністыя” зрабіла заяву з нагоды ўвядзення прэвентыўнага нагляду за актывістам, улады будуць дзейнічаць больш асцярожна.

“Уладам жа патрэбна “чыстымі” застацца пасля выбараў, каб атрымаць крэдыт, – адзначае ён. – Я падаў з нагоды ўвядзення прэвентыўнага нагляду скаргу ў Мінскі гарадскі суд, таму, можа быць, нават здымуць нагляд. Хаця, напэўна, спадзявацца на гэта не даводзіцца. Асабліва пасля маіх “прывітанняў”.

Павел Вінаградаў дадае, што прэвентыўны нагляд дзейнічае з 7 чэрвеня:

“Хаджу у пэўныя дні, адзначаюся. Правяраюць прыкладна раз на два з паловай дні, як я сябе паводжу і рыхтуюся да парламенцкай кампаніі”.

palitviazni.info

 

З ДАВЕДКІ

Павел Вінаградаў быў ахвярай шматлікіх арыштаў і затрыманняў, у асноўным у сувязі з ажыццяўленнем свайго права на свабоду мірных сходаў. Сярод інашага, ён быў асуджаны на два гады хатняга арышту ў 2008 годзе за ўдзел у мірным пратэсце супраць новых правілаў падаткаабкладання і найму на працу для малога бізнесу. У выніку, Amnesty International абвясціла яго вязнем сумлення і заклікала да адмены прысуду.

Ён таксама быў арыштаваны пасля пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года і прысуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі (памілаваны ў верасні 2011 г.).

У агульнай складанасці, Вінаградаў правёў 66 дзён у зняволенні ў перыяд паміж 30 снежня 2011 года і 12 снежня 2012 года па васьмі асобных адміністратыўных справах. Усе яны звязаныя з абвінавачваннямі ў дробным хуліганстве або парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. У прыватнасці, 30 снежня 2011 года ён быў выкліканы ў РУУС Маскоўскага раёна г. Мінска для “прафілактычнай гутаркі”, у выніку чаго ён быў прысуджаны да сямі сутак арышту па абвінавачванні ў нецэнзурнай лаянцы. Новы год яму давялося сустракаць у зняволенні. 2 сакавіка 2012 года ён быў прысуджаны да сямі сутак арышту за нецэнзурную лаянку, а 25 красавіка — да пяці сутак за аналагічнае правапарушэнне. 7 верасня 2012 г. ён быў затрыманы каля ўласнага дома і дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёна г. Мінска, дзе яго абвінавацілі ў лаянцы ў грамадскім месцы. У выніку, ён быў прысуджаны да пяці сутак арышту. Ва ўсіх выпадках сведкамі нецэнзурнай лаянкі ў грамадскім месцы выступалі супрацоўнікі міліцыі.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Кіркевіч
  • Аксана Новікава
  • Валер Сядоў