Зміцер Дашкевіч: Ніколі не здраджваў свайму сумленню і людзям, з якімі працаваў

timthumb.php Адзін з самых вядомых маладзёжных лідараў Беларусі, сябра “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як і чаму ў свой час прыйшоў у апазіцыю, праз што яму давялося прайсці, адстойваючы ўласныя перакананні, а таксама пра тое, чаму беларускім дэмакратам позна аб’ядноўвацца.

– Зміцер, давайце з самага пачатку… Што падштурхнула вас да прыходу ў шэрагі беларускай апазіцыі?

– Я вырас у звычайнай беларускай інтылегентнай сям’і. Бацькі былі журналістамі. У працы выкарыстоўвалі беларускую мову, але ў побыце мы размаўлялі па-расейску. Не скажу, што я адразу стаў цікавіцца гісторыяй, палітыкай, але моцны ўплыў на мяне аказалі вынікі рэферэндуму, на якім наш гістарычны бел-чырвона белы сцяг быў замененены на той, што мы маем зараз. Я не мог даць сабе рады, душу свідравала пытанне: “Як?! Як беларусы добраахвотна змаглі адмовіцца ад сваёй гісторыі, ад сваіх каранёў?!” Тады мне было гадоў чатырнаццаць. Пазней я пераехаў у Мінск, было гэта недзе ў 2000-м годзе. У Беларусі тады стала ўмацоўвацца дыктатура, шыралася беззаконне. Я працаваў на адным з хімічных прадпрыемстваў у Зялёным Лузе. У размовах з калегам па працы мы прыйшлі да таго, што, каб змагацца з беззаконнем, трэба сыходзіць у апазіцыю. Таварыш сказаў: “Я ведаю, дзе месцяцца апазіцыянеры”. Аднойчы мы селі ў трамвай і прыехалі ў знакамітую управу партыі БНФ – на Варвашэні, 8. Так усё і распачалося…

– Хацелі зменаў у краіне?

– Тады, напярэдадні выбараў 2001 года, калі адзіным кандыдатам ад апазіцыі быў Уладзімір Ганчарык, унутры апазіцыі сапраўды была эйфарыя. Гэта зараз, калі апазіцыйная акцыя збірае 1000-2000 чалавек, яна ўжо лічыцца паспяховай. А шаснацаць гадоў таму ў кожную з дзевяці раённых мінскіх Радаў партыі БНФ штотыдня прыходзіла па 50-100 чалавек. Людзі і сапраўды верылі ў хуткія перамены, працавалі на гэта. Вынікі кампаніі 2001 году вядомыя: апазіцыйны лідар заклікаў разыходзіцца па дамах усіх тых, хто прыйшоў яго падтрымаць. З прыхільнікамі “Маладога фронту” тады асабліва ніхто не лічыўся, маўляў, што з вамі шкалярамі размаўляць. Я памятаю, што было крыўдна да слёз. Хаця ў маладзёжных арганізацый на той момант можа і не было ўнутранага аўтарытэта, унутранай моцы. Але мы шчыра верылі ў тое, што вось шкаляры падрастуць, змогуць галасаваць і ў 2006-м мы абавязкова пераможам.

– Але і ў 2006-м перамогі не адбылося, а вас у першы раз прыцягнулі да крымінальнай адказнасці.

– Так, і было гэта па артыкуле “За дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Для таго, каб збіць пратэстную хвалю, уладзе трэба было нешта тэрмінова прыдумаць. І прыдумалі гэты артыкул. Тая мая справа цягнулася месяцаў дзевяць, і я ведаў, што мяне чакае зняволенне. Хаця следчыя супакойвалі: “Дзімка, не хвалюйся, штраф табе дадуць і выйдзеш”. Ага, думаю, выйду… Сталі б мяне на Валадарцы трымаць для таго, каб у выніку штраф выпісаць. Ці было страшна? Я проста ведаў, што мяне пасадзяць. Што тычыцца ўмоў, у якіх мяне тады ўтрымлівалі, то пісхалагічна я быў да гэтага гатовы. Да таго, як трапіць на Валадарку, у мяне быў досвед знаходжання на “сутках” на Акрэсціна. Таму “Валадарка” не спалохала – тая самая драўляная “сцэна”, тое самае смярдзючае паветра. Я сядзеў і чакаў суда. Хаця магчымасць пазбегнуць пакарання была. Той крымінальны артыкул напісаны вельмі хітра. У выпадку, калі ты прызнаеш, што дзейнічаў ад імя незарэгістраванай арганізацыі, падпісваеш адпаведныя паперы, то адказнасць з цябе здымаюць. Але я не мог так паступіць. Дзеля сябе, дзеля ўласнага сумлення, не мог здрадзіць людзям, з якімі працаваў. Таму абраў тактыку ніяк не кантактаваць са следчымі – я ўпэўнены, што гэта б нічога не змяніла.

— Наступным разам пад “крыміналкай” вы апынуліся ў 2010-м. Няўжо не ведалі, што супраць вас магчымыя правакацыі?

– Ведаў. За некалькі дзён да выбараў “маладафронтаўцы”, якія збіраліся быць на Плошчы, пакінулі ўласныя кватэры, адключылі мабільныя тэлефоны. Груба кажучы, мы проста бадзяліся па горадзе. Хто і як нас вылічыў – для мяне дагэтуль загадка. А правакацыя, пасля якой мяне абвінавацілі ў “хуліганцы”, была выканана дастаткова непрафесійна. Іду, бачу, што стаяць нейкія людзі. Адзін кажа па мабільніку: “О, вось тут Дашкевіч, што з ім рабіць?” І адразу ж: “Міліцыя, нас збіваюць!”. Ну і міліцыя, натуральна, у момант з’явілася. Потым, на судзе, я заявіў два хадайніцтвы. Па-першае, настойваў на тым, каб “пацярпелыя” паказалі свае твары, а не давалі паказанні праз сцяну. І другое – я настойваў на тым, каб падчас судовага следства былі ўлічаны размовы з мабільных у тым раёне, дзе адбылося здарэнне. Проста гэта б яскрава засведчыла, што правакацыя з маім затрыманнем была арганізавана. Але суд адхіліў іх.

– Падчас гэтай крымінальнай справы да вас ставіліся, як да рэцэдывіста?

– Гэтай справай займаліся супрацоўнікі аддзела па раскрыцці цяжкіх злачнстваў – людзі, якія павінны лавіць забойцаў, гвалтаўнікоў і іншых небяспечных элементаў. А тут я, лідар “Маладога фронту”. Памятаю, як на допыты следчы прыносіў мне шакалад, неяк нават падбадзёрваў. А яшчэ быў адзін ахоўнік, перадпенсійнага ўзросту, які скардзіўся на жыццё: Ён казаў: “Навошта мне ўсё гэта, што я раблю? Звольнюся, не магу болей трываць”. Я пасля таго, як выйшаў з турмы, аднойчы сустрэў яго ў ГУМе. “Ну, што, – пытаюся, – звольніліся?” Якое там! Як працаваў чалавек, так і працуе. І людзі па-рознаму гэта апраўдваюць: у мяне, маўляў сям’я, дзеці… Гэтым можна, здаецца, апраўдаць усё.

— На вашую думку, рэпрэсіўная сістэма ў Беларусі ўжо адпрацавана?

– Безумоўна. І галоўнае, на што я звярнуў бы ўвагу, дык гэта на тое, што сумлення там застаецца ўсё менш. Калі яшчэ з дзесяць гадоў таму суддзя мог прымусціць перапісаць міліцыянтаў пратакол і замест таго, што “Дашкевіч у тры гадзіны ночы лаяўся матам”, там з’яўлялася “Дашкевіч развешваў бел-чырвона-белыя сцягі” (што і было праўдай), то з часам нават да гэтых фармальнасцяў у судах сталі ставіцца больш вольна. Усё, што скажуць сведкі абвінавачання, прымаецца.

– Апошнім часам нешта не чуваць пра гучныя акцыі з удзелам сябраў “Маладога Фронту”.

– Скажыце, а каго зараз чуваць? У краіне быццам бы ёсць палітычныя партыі, апазіцыйныя сілы са спісачным складам у тысячы людзей. Іх чуваць? Таксама не. А “Малады фронт” не мае фінансавання, зарэгістраваны мы не ў Беларусі, усё што робіцца намі, робіцца за ўласныя сродкі.

– Дык можа ў адзінстве сіла? Можа трэба аб’яднацца?

– Я чуў пра ідэю Міколы Статкевіча правесці Кангрэс дэмакратычных сіл. Ідэя добрая, хоць і не новая. Але, на маю думку, зараз весці гаворку пра поўнае аб’яднанне позна. Апазіцыя раздроблена. Аб’ядноўвацца трэба было гадоў дзесяць таму. А зараз… Увогуле, лідары многіх апазіцыйных партый самі па сабе нядрэнныя людз, але за многімі цягнецца цэлы шлейф нявыкананых абавязальніцтваў. Таму казаць пра суцэльнае аб’яднананне дэмакратычных, на маю думку, проста не выпадае.

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

24.12.2020 Зміцер Дашкевіч: Я натхніўся, што трэба і далей асвятляць палітвязняў лістамі з волі

28.09.2020 Зміцер Дашкевіч: На мяне паабяцалі скласці восем пратаколаў

22.07.2020 Зміцер Дашкевіч: Калі раней кандыдатаў у прэзідэнты саджалі ў турму ў дзень выбараў, то зараз за два месяцы да гэтага

12.11.2019 Зміцер Дашкевіч: Людзі павінны ўмець карыстацца зброяй

24.10.2019 Зміцер Дашкевіч: Правакатару, які распыліў пярцовы газ абаронцу Курапат, далі толькі штраф…

15.10.2019 Зміцер Дашкевіч: Рэклама гэтаму мерапрыемству не патрэбна

23.07.2019 Зміцер Дашкевіч: Гэта быў адзіны выразна палітычны артыкул у Крымінальным кодэксе

11.06.2019 Зміцер Дашкевіч: Ад змены складнікаў у рэпрэсіўным беларускім апараце нічога не зменіцца

27.03.2019 Зміцер Дашкевіч: У ізалятары сядзеў, як у прыбіральні…

26.03.2019 Мікола Статкевіч: Арышты выбітных музыкаў – красамоўныя сведчанні пра канец нават уяўнай “лібералізацыі”

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Гнедчык
  • Яўген Васьковіч
  • Аляксандар Квяткевіч