Фірму былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча могуць пазбавіць ліцэнзіі

Автухович Прыкладна месяц таму некалькі кіроўцаў ваўкавыскай фірмы «Ніка-таксі 22222» (стваральнік кампаніі – былы палітзняволены Мікалай Аўтуховіч) заявілі пра тое, што гатовыя пачаць страйк. Таксісты пратэставалі супраць намераў мясцовай транспартнай інспекцыі аштрафаваць кіроўцаў за перапрацоўку.

Мікалай Аўтуховіч распавядае сайту palitviazni.info пра ціск уладаў на яго фірму.

“Нас хочуць пазбавіць ліцэнзіі”, – кажа ён.

Па словах Аўтуховіча, кіроўцы на самай справе перапрацоўвалі, але так было заўсёды.

“Яны самі гэтага хочуць, бо ўначы, калі прыходзяць цягнікі, больш грошай зарабляецца, – распавёў Мікалай. – Але ж мы ж з гэтых грошай падаткі плацім. І на такі крок пайшлі вымушана, бо ў сённяшніх умовах у людзей элементарна не хапае фінансаў на жыццё. Да таго ж нельга параўноўваць перавозкі таксі ў сталіцы ці абласным цэнтры з раённым. У Мінску чалавек адразу можа праехаць на 200 тысяч, а ў Ваўкавыску для пенсіянераў ільготны тарыф – 20 тысяч, для пастаянных кліентаў – 25 тысяч. Кліентаў мала, вадзіцелі большую частку працоўнага дня адпачываюць на стаянцы. За суткі за рулём могуць правесці ўсяго паўтары гадзіны. Калі я пасаджу на адну машыну чатыры чалавекі, як патрабуе таго закон, пражыве чалавек за 500 тысяч у месяц? Зараз вадзіцелі атрымліваюць у сярэднім па 2,5 мільёна ў месяц, і ў раённым горадзе гэта ўжо лічыцца добрым заробкам. З транспартнікамі і раней адбываліся канфліктныя сітуацыі, мяркую, што нас прэсуюць. Фірме проста помсцяць”.

– Зараз, наколькі вядома, нас хочуць пазбавіць ліцэнзіі, – кажа Мікалай Аўтуховіч. – За перапрацоўку, а таксама дачапіліся, што на некалькі дзён пратэрмінавалі праходжанне тэхнічнага агляду… Але ж гэта дробязі, дзяржава ад гэтага нічога не згубіла. Тым больш, у фірмы гэта першае парушэнне з 2007 году.

– Можа проста вырашылі папалохаць?

– Думаю, што ўсё дастаткова сур’ёзна, хоць правяраючыя з вобласці супакойвалі, што першае парушэнне не прывядзе да пазбаўлення ліцэнзіі. Але ж ёсць такая інфармацыя, значыцца справа кантралюецца вышэй. Я па-ранейшаму пад кантролем сілавікоў, а разам пад пільнай увагай і ўсё тое, што раблю. Хутчэй за ўсё, была дадзена такая каманда. Што скажуць – тое і зробяць. Мне зараз некаторыя раяць – вы, маўляў, хуценька адчыніце іншую фірму і атрымайце на яе ліцэнзію. Але што такое перарэгістраваць фірму? За кожную машыну трэба будзе заплаціць каля 5 мільёнаў рублёў. Навошта і за што? Мы ж не парушалі нічога такога, за што можна было б нас пазбаўляць ліцэнзіі. Гэта ж не фірма-аднадзёнка, а кампанія з рэпутацыяй. Таму пабачым, як будуць развівацца падзеі далей. Час пакажа, ці тырчаць тут нечыя вушы.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікола Маркевіч
  • Максім Дашук
  • Кацярына Садоўская
  • Зьміцер Завадскі
  • Іван Крук