Алесь Бяляцкі: Тры новыя гады я сустрэў у няволі

Алесь Бяляцкі  Гутарка Міхася Скоблы з Алесем Бяляцкім на Сайце Радыё “Свабода”:

Як сустракаюць Новы год у беларускіх турмах? Ці ёсьць хоць мінімальныя ўмовы для творчасьці ў месцах пазбаўленьня волі? Аўтар кнігі — госьцем перадачы.

— Алесь, да Новага году засталося ўсяго некалькі дзён. А як гэтае сьвята табе даводзілася сустракаць у няволі?

— У няволі я сустрэў тры новыя гады: 2012-ы, 13-ы і 14-ы. Першы — у Жодзінскім СІЗА, у камэры на двух чалавек. Адбілі нас па раскладзе —

А ў дванаццаць гадзінаў пайшоў па камэрах гул — зэкі білі шлёмкамі (міскамі) і зэчкамі (алюміневымі кубкамі) па бэтонным доле і па сьценах

а дзясятай гадзіне вечара, разеткі былі выключаныя, так што і гарбаты не згатаваць. Кантралёры хадзілі і штохвілінна заглядалі ў вочкі, каб зэкі не гатавалі чыфір на падпаленых газэтах. А ў дванаццаць гадзінаў пайшоў па камэрах гул — зэкі білі шлёмкамі (міскамі) і зэчкамі (алюміневымі кубкамі) па бэтонным доле і па сьценах. Насіліся па калідоры кантралёры, цяжка тупацелі ботамі, крычалі: «Адставіць!». Але ніхто іх ня слухаў. Вось так Новы 2012-ы і адзначылі. Наступныя новыя гады я быў ужо ў бабруйскай калёніі, дзе размаўляць са мной, піць гарбату зэкам забаранялася. Таму сьвята сустракаў сам-адзін. Раскладаў на тумбачцы розныя прысмакі, што жонка перадавала, і піў сам з сабой гарбату. Употайкі хто-ніхто з прыхільных зьняволеных паціскаў руку ці віншаваў, і ўзаемна я віншаваў іх. Рабілі гэта хутка, з асьцярогаю, так, як быццам кралі штосьці. Але я не сумаваў. У душы быў унутраны супакой — так было трэба. І толькі не ўдавалася пазбыцца шкадаваньня, што яшчэ адзін год твайго жыцьця праляцеў незваротна, яшчэ адзін…

— Ты за сваё жыцьцё стварыў нямала розных арганізацый: Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», Музэй Максіма Багдановіча, Беларускую каталіцкую грамаду, праваабарончы цэнтар «Вясна»… Можа, і ў калёніі які гурток запачаткаваў? Ці там — кожны сам за сябе?

— Самай галоўнай задачай спэцаддзелу ў калёніі было не дазволіць мне што-небудзь стварыць. Нават гурток аматараў моцнай гарбаты… Неяк у гутарцы з кіраўніцтвам калёніі я сказаў: «Што вы мяне

Зьняволеным было забаронена ня толькі размаўляць са мною, але і перадаць мне газэту, кавалак мыла ці нейкую рэч

не па спэцыяльнасьці выкарыстоўваеце? У вас жа ёсьць бібліятэка, пусьціце мяне туды, я буду весьці літаратурны гурток для зьняволеных». А іх у калёніі больш за дзьве з паловай тысячы, і нямала нешта пісалі. Вершы, прозу — людзі стараюцца неяк заняць сябе. На маю просьбу мне далі зразумець: не, лепш сядзі ты ў швейным цэху і будзь пад кантролем«. Канешне, турэмная адміністрацыя абмяжоўвала мае кантакты. Таму зьняволеным было забаронена ня толькі размаўляць са мною, але і перадаць мне газэту, кавалак мыла ці нейкую рэч. Забаронена было неафіцыйна, але хто з гэтым не лічыўся, адразу пераводзіўся ў іншы атрад. Гэта стварала пэўную пустку вакол мяне, але ў нейкай ступені спрыяла пісьменьніцтву.

— Нядаўна ты стаў ляўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, якая ўручаецца за творы, напісаныя ў турме. Трыццаць гадоў таму, у 1994-м, пішучы прадмову да першага ў Беларусі выданьня «Ў капцюрох ГПУ», ты мог дапусьціць, што пісьменьнікі будуць сядзець, што зьявіцца такая прэмія?

— Не, ня думаў. На той час я працаваў у Музэі Максіма Багдановіча, быў дэпутатам Менскага гарадскога савету, актыўна займаўся грамадзкай дзейнасьцю. Але Францішак Аляхновіч ужо тады быў мне блізкі. У канцы 80-х у спэцфондзе Акадэміі навук я змог прачытаць ягоныя творы, і яны мяне дастаткова моцна ўразілі. Яшчэ больш уразіў трагічны лёс пісьменьніка, які шэсьць гадоў адсядзеў на Салаўках, пасьля вызваленьня працаваў па меры магчымасьці. Урэшце жыцьцё яго скончылася трагічна — ён быў забіты з-за сваёй беларускай пазыцыі, грамадзкай пазыцыі. Аляхновіч быў выкрасьлены зь беларускай літаратуры больш чым на паўстагодзьдзя, фактычна на тры пакаленьні. Самая вядомая яго кніга — «У капцюрох ГПУ». У ёй пісьменьнік нічога ня выдумаў. І тады, і цяпер інфармацыя пра жыцьцё вязьняў закрытая, і сёньня нашы турмы закрытыя для грамадзтва. Кніга Аляхновіча стала шокам і адкрыцьцём для Эўропы, бо небагата сьведчаньняў з таго, што адбывалася ў Гулагу, даходзіла да эўрапейскай супольнасьці. Тое, што зрабіў Аляхновіч, павінен быў зрабіць кожны сапраўдны пісьменьнік.

— Максім Танк, знаходзячыся на вяршыні сваёй савецкай славы, прызнаваўся, што найлепш яму пісалася ў польскай турме. Ты таксама ў няволі напісаў нямала — перад «Халодным крылом радзімы» выйшла кніга «Асьвечаныя беларушчынай». Значыць, нейкія ўмовы для творчасьці там усё ж былі?

— Максім Танк успамінаў пра сваю турэмную творчасьць праз колькі дзясяткаў гадоў. Я ўсяго некалькі месяцаў пасьля калёніі, таму мне яшчэ цяжка рабіць нейкія ясныя і катэгарычныя падсумаваньні. Але магу сказаць пэўна: у беларускай турме ніякіх умоваў для творчасьці няма. Ты там маеш даволі багата розных праблемаў, якія трэба вырашаць кожны дзень, кожную гадзіну. Да таго ж, я працаваў упакоўшчыкам у швейным цэху — восем гадзінаў штодня мусіў хадзіць на працу. Пакаваў

у беларускай турме ніякіх умоваў для творчасьці няма

вопратку для зьняволеных, прасьціны нейкія, навалачкі, рукавіцы для заводаў, і гэта займала значную частку дня. А калі сюды дадаць яшчэ і абавязковыя праверкі, перападлікі, дык вольнага часу на пісаньне заставалася ня так і багата. Я проста ледзь пасьпяваў запісваць тое, што мне хацелася сказаць. У «Халодным крыле радзімы» атрымалася даволі багата літаратуразнаўчых тэкстаў, а таксама ўспаміны з 80-90-х гадоў. Жыцьцё грамадзка-палітычнае тады бурліла, а мы з табой, пачынаючы з «Тутэйшых», фактычна знаходзіліся ў гушчы таго жыцьця. Таму нейкія свае ўспаміны, ня маючы ніякіх дакумэнтаў пад рукамі, я ўсё ж пастараўся занатаваць. Гэта было важна рабіць зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, мне важна было пасылаць пазытыўныя сыгналы з зоны, каб яны ішлі ў інтэрнэт, у часопісы і газэты, каб людзі бачылі, што я знаходжуся ў нармальнай псыхалягічнай і маральнай форме і сваёй актыўнасьцю выклікаю адваротную актыўнасьць. Нельга нам сядзець склаўшы рукі. Гэта была асноўная прычына. І другая прычына — пачуцьцё самарэалізацыі, бо гады мінаюць, і трэба пісаць. Мне хочацца выпускаць штогод па новай кніжцы.

— Не ўяўляю, як можна пісаць успаміны без архіваў, абапіраючыся выключна на ўласную памяць.

— Бывала па-рознаму, пераважна — так, без архіваў. Часам мае калегі прысылалі ксэракопіі ці патрэбную кніжку. У калёніі я распачаў даволі вялікае эсэ пра лёс бабруйскага пісьменьніка мінулага стагодзьдзя Барыса Мікуліча, які быў рэпрэсаваны ў 1936-м, адсядзеў 10 гадоў, вярнуўся, потым быў сасланы ў Сыбір, дзе і памёр. Я напісаў 50 старонак з 250-ці заплянаваных і быў выпушчаны. Трэба дапісваць — ужо на волі.

— Тыя, хто пасьля Плошчы-2010 трапіў у СІЗА КДБ, скардзіліся на адсутнасьць добрых кніг у тамтэйшай бібліятэцы. Скажам, Ірына Халіп прызнавалася, што яе ў дадатак да ўсяго «катавалі» любоўнымі раманамі. А ў тваёй сытуацыі як было?

— У менскім СІЗА я перачытаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

— Там быў Караткевіч?

— Быў. Прычым я перачытваў яго новымі вачыма, бо апошні раз чытаў гадоў дваццаць таму. А ў калёніі мне можна было атрымліваць кніжкі праз заказную пошту. Даволі багата кніжак мне прысылалі з тых, якія я прасіў, ды і бібліятэка там была немалая. Там упершыню я прачытаў раман

У турме зьяўляецца больш рэзкі погляд на тэкст, больш сфакусаваны

«Жыцьцё і лёс» Васілія Гросмана, да якога ў мяне рукі на волі не даходзілі. Вось што я там заўважыў. У няволі ў цябе нібы новыя вочы адкрываюцца на літаратуру. У турме зьяўляецца больш рэзкі погляд на тэкст, больш сфакусаваны. Гэта зьвязана з тым, што цябе не адцягваюць ні побытавыя, ні іншыя праблемы, хоць яны там таксама ёсьць. Але тут, на волі, шмат якія дробязі проста разьбіваюць тваю засяроджанасьць. А там ты застаесься сам-насам з кніжкай, якая зьяўляецца і крыніцай інфарамацыі, і крыніцай моцы, якой там таксама не хапае. І «Вайну і мір» я там перачытаў. Не магу сказаць, што там не было добрай літаратуры. Проста — што каму падабаецца. Каму — Дар’я Данцова, а каму — Леў Талстой і Ўладзімер Караткевіч.

— Па абедзьвюх тваіх «турэмных» кнігах відно, што ты сапраўды ўважлівы чытач. На многія выданьні, дасланыя з волі, ты напісаў зьмястоўныя водгукі. А якія першыя кнігі, прачытаныя табой на волі?

— З апошніх кніжак назаву «Хвілінку» Ігара Бабкова, якая атрымала прэмію Гедройца. На маю думку, гэта сапраўдная літаратура высокай якасьці. Таксама прачытаў том вершаў Віславы Шымборскай у перакладзе на беларускую. А цяпер чытаю публіцыстыку Вацлава Гаўла. Ну і некалькі кніжак успамінаў савецкіх дысыдэнтаў ляжаць на стале. Усё ж тэма турэмнай літаратуры мяне не пакідае.

— Якім табе бачыцца 2015 год?

— Мне падаецца, ён будзе дастаткова важным для Беларусі, цікавым, магчыма, драматычным, нават небясьпечным. Мы павінны зразумець, што наша актыўнасьць, наша грамадзянская пазыцыя багата што могуць вызначыць у наступным годзе і ў лёсе нашай краіны, і ў лёсе нашых дзяцей, і ў лёсе наступных пакаленьняў беларусаў. Мы не павінны страціць тое, што маем, я маю на ўвазе ў першую чаргу незалежную Беларусь. Але мы мусім набыць тое, чаго ў нас няма, — дэмакратыю і свабоду для ўсяго беларускага народу. Віншую ўсіх суачыньнікаў з Навагодзьдзем! Жыве Беларусь!

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні