Палітвязень Мікола Аўтуховіч выйшаў на волю: Каб не было падтрымкі, мяне б згнаілі б

Аўтуховіч выйшаў на волю а 07:55. Ад самай раніцы, з 5:30, ля сценаў турмы яго чакалі каля 50 чалавек, у тым ліку палітыкі Павел Севярынец і Аляксандр Мілінкевіч, а таксама многа журналістаў.

Па выхадзе з турмы, Аўтуховіч сказаў, што галоўнае зараз — паправіць здароўе, трэба здаць аналізы.

«Каб не было падтрымкі, мяне б згнаілі», — зазначыў ён.

Аўтуховіч кажа, што такіх людзей шмат у турмах, якіх ніхто не ведае, ніхто не падтрымлівае, і яны проста гінуць.

На пытанне, ці не задумваецца ён пра эміграцыю, Мікола Аўтуховіч сказаў, што «Не, не задумваюся, — праз секунду падумаўшы. — Пакуль не».

Ён зазначыў, што яго некалькі разоў прасілі пісаць памілаванне на імя Лукашэнкі, але Аўтуховіч сказаў, што для яго гэта непрымальна, як непрымальна любое супрацоўніцтва.

«У камеры былі розныя людзі, былі і стукачы, якіх пастаянна падсылалі».

Зараз Аўтуховіч паедзе да мамы, яна зараз знаходзіцца ў Гродне.

Ён таксама сказаў, што мае цяжкасці з рукой, якая ледзь вырушыцца.

Мікола Аўтуховіч, яму 51 год, правёў за кратамі 5 гадоў і 2 месяцы (быў арыштаваны 8 лютага 2009 года).

У маі 2010-га за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі Вярхоўны суд Беларусі прызнаў яго вінаватым на падставе часткі 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і прыгаварыў да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.

Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітвязнем, асуджаным за сваю актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй. У студзені 2012 года суд зрабіў больш жорсткімі ўмовы адбывання пакарання Аўтуховічу, прызнаўшы яго «злосным парушальнікам рэжыму». Асуджанага перавялі з калоніі №5 у Івацэвічах (Брэсцкая вобласць) у гродзенскую турму №1.

Мікалай Аўтуховіч неаднаразова адмаўляўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Першы раз Аўтуховіча арыштавалі ў кастрычніку 2005 года, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў. Тады яго асудзілі на тры з паловай гады. Ён быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых пад уплывам ЗША і Еўрасаюза.

За кратамі ў Беларусі застаецца сем палітвязняў.

Гэта экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, праваабаронца Алесь Бяляцкі, маладафронтавец Эдуард Лобаў, анархісты Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка.

Сёлёта павінны выйсці на волю Эдуард Лобаў (снежань). Бяляцкі мае выйсці на волю 4 сакавіка 2015 года.

Зміцер Панкавец, Сяргей Гудзілін, Гродна

nn.by

Іншыя палітычныя вязьні