Мікалаю Аўтуховічу затрымліваюць медыцынскую перадачу

Па словах Лідзіі Аўтуховіч, 15 снежня яна адправіла сыну неабходныя лекі. Аднак 26 снежня ад яго прыйшоў ліст, што медыкаменты яму не перадалі. “Пасылка з Ваўкавыску да Гродна ідзе максімум два дні, – кажа маці палітвязня. – Таму я вельмі хвалююся, чаму яму затрымліваюць бандэроль. І дагэтуль не маю інфармацыю, ці дайшла яна ўсё ж да яго”.

Суразмоўца дадала, што за час знаходжання ў турме ў Мікалая ўзмацніліся старыя хваробы – болі ў спіне, праблемы з зубам; і дадалі новыя – павышаны цукар у крыві.

“Сказваецца нервовая абстаноўка, няякаснае харчаванне,” – лічыць спадарыня Лідзія.

Сам Мікалай, нягледзячы на складаныя ўмовы ўтрымання, трымаецца бадзёра і ў сваіх лістах адзначае, што годна вытрымае гэта выпрабаванне.

Маці палітвязня паведаміла, што ён працягвае вучыць за кратамі беларускую і англійскую мову, вядзе актыўнае ліставанне. “Больш як 80 чалавек яму стала пішуць, – адзначае суразмоўца. – Найбольш карэспандэнцыі прыходзіць з Мінску, але ёсць лісты і з Еўропы, Амерыкі, Расіі, Канады. Падтрымка ад людзей яму вельмі моцна дапамагае перажыць несправядлівае пакаранне”.

У сваіх лістах Мікалай Аўтуховіч цікавіцца актуальнымі пытаннямі – увядзенне падатку на аўтамабілі, прыняцце бюджэта на 2014 год, пратэстныя акцыі ва Украіне.

Нагадаем, прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч адбывае пакаранне ў гродзенскай турме №1. Яго пакаралі пазбаўленне волі на 5 гадоў і 2 месяцы нібыта за захаванне пяці патронаў. Вызваленне палітвязня чакаецца сёлета, 8 красавіка.

spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Васьковіч
  • Сяргей Гумінскі
  • Іван Шыла
  • Эдуард Лобаў
  • Андрэй Рамашэўскі