Асоба і свядомасць нацыі

Вось і закончыўся чарговы нобелеўскі тыдзень. Ужо доўгі час, штогод, ён трымае ў напрузе і надзеі даволі вялікую колькасць людзей розных краін. І ўсе мараць, каб іх зямляк атрымаў званне нобелеўскага лаўрэата. Бо яно яшчэ ў большай ступені чым іншыя званні належыць не толькі яго ўладальніку, але і цэламу народу. І ёсць прадметам гонару усёй нацыі.

У гэтым спаборніцтве за Нобеля няма бачнай перамогі. Затое тут кожны заўзятар, які хоць крыху цікавіцца гэтым працэсам, не толькі прыхільнік або антыпод канкрэтнага прэтэндэнта на Нобеля, але і кваліфікаваны суддзя. Суддзя, ад якога нічога не залежыць, але які мае кожны раз сваё ўстойлівае меркаванне пра тое, ці насам рэч гэтым разам нобелеўская камісія хоць прыблізна выканала запавет нябожчыка Альфрэда.

Беларусы таксама ўжо не першы раз уважліва і з надзеяй сочаць за гэтым закулісным шоу. Такія намінацыі як фізіка, хімія ці медыцына нас мала цікавяць. Дастаткова зайсці ў хоць якую неспецыялізаваную паліклініку, каб зразумець, што даваць нам узнагароды ў галіне медыцыны, гэта здзек над медыцынай. Ну а самамэта камерцыйнага набору студэнтаў з Азіі ў беларускія ВНУ перакрэслівае ўсе надзеі на развіццё сапраўднай навукі, і яскрава паказвае, якое да яе ў нашага кіраўніцтва стаўленне. Таму калі ў Беларусі ўзнікне геній-самародак фізік, то яго або затопчуць па месцы працы, або ён атрымае прэстыжную ўзнагароду ў якасці грамадзяніна другой краіны.

Іншая справа літаратура, або прэмія міру. Тут мы ўжо не першы год фігуруем. У першай намінацыі нас прадстаўляла пісьменніца Святлана Алексіевіч. У другой праваабаронца, і таксама пісьменнік Алесь Бяляцкі. Людзі гэта даволі вядомыя. Калі ў гуглі набраць па-беларуску слова Святлана, то першым працягам вылазіць надпіс Алексіевіч. Ну а калі набраць Алесь, то як працяг бачым слова Бяляцкі. Зрэшты, калі слова Алесь набраць пераключыўшыся на рускую мову, або па-ангельску, то працягам усядно будзе Бяляцкі.

Іншая справа з Алексіевіч. У рускай і ангельскай версіях яе апярэджваюць другія Святланы. Хоць піша яна па-руску, а жыве ў Еўропе.

Вось і ў бурных дыскусіях на сацыяльных сетках, якія разгарнуліся вакол яе кандыдатуры, найбольш абмяркоўвалі моўны аспект. Ці можа рускамоўны аўтар прадстаўляць беларускую літаратуру і, адпаведна, культуру? І вельмі багата рэспандэнтаў сказалі што не. Маўляў, гэта будзе толькі яе асабістая прэмія. Калі будзе. Мажліва, яна як асоба яе заслугоўвае сваім талентам і працавітасцю. Але мы, нацыя, не хочам лічым гэту прэмію сваёй. Бо нам трэба не беларуская прапіска, а беларуская творчасць.

Зусім іншы характар набыло абмеркаванне кандыдатуры Бяляцкага. Тут пераважала думка, што калі нобелеўскі камітэт не дасць гэтую прэмію беларускаму праваабаронцу, то гэта недасведчанасць самога камітэту. Бо каго ж тады ўзнагароджваць, як не Бяляцкага!

Як не парадаксальна гэта гучыць, але на гэтым прыкладзе бачна, што беларусы, прынамсі актыўная частка, пасля незразумелага перапынку зноў пачынаюць заяўляць пра сябе як пра самадастатковую, цалкам сфармаваную старадаўнюю нацыю. Мы ўжо не цешымся як дзеці сусветнаму прызнанню тых прадстаўнікоў свайго народу, да якіх маем заўвагі. І не шукаем адабрэння і пахвалы іншых, як школьнікі сярэдніх класаў. Мы ўжо самыя сабе надаём права даваць высокую адзнаку тым, каго хочам узвялічыць. А калі хтосьці іншы іх недастаткова заўважыў, то гэта праблема кагосьці, а не наша. Мы абыдземся і без Нобеля. Але не абыдземся без Бяляцкіх. Бо да нас зноў дайшло, што Бацькаўшчына гэта не толькі тэрыторыя, як думаюць захопнікі і марыянеткавыя рэжымы, але і сума подзвігаў і здзяйсненняў лепшых прадстаўнікоў нашага народу, перамножаная на нацыянальную свядомасць.

Гэтым годам беларусы Нобеля зноў не атрымалі. Але мы, беларуская нацыя, свайго Нобеля Алесю Бяляцкаму ўжо далі. Мы яго дзейнасць, і яго ахвяру ацанілі належным чынам. Ну а нобелеўскі камітэт яшчэ не згубіў апошняга шанцу рэабілітавацца ў нашых вачах. Пачакаем наступнага году.

harodniaspring.org

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікіта Ліхавід
  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Аляксандар Казулін