Палітвязень Аўтуховіч ускрыў жывот у турме

Мікалай Аўтуховіч пайшоў на крайнія меры, пратэстуючы супраць незаконных спагнанняў.

Прадпрымальнік з Ваўкавыска, які адбывае прысуд у гродзенскай турме №1, нанёс сабе цяжкія цялесныя пашкоджанні – ускрыў сабе лязом жывот.

Пра гэта са спасылкай на ўласную крыніцу паведамляе сайт праваабарончай установы «Платформ інавейшн».

Два гады запар Мікалаю Аўтуховічу выносяць незаконныя спагнанні менавіта ў той момант, калі ў яго павінны пагасіцца ўсе раней накладзеныя на яго пакаранні. 4 верасня 2013 года, калі ў палітвязня заставалася каля месяца да пагашэння ўсіх парушэнняў, на яго зноў было накладзенае новае спагнанне, што фактычна пазбавіла яго магчымасці атрымання пасылкі і перадачы, сустрэчы з роднымі ў аб’ёмах, якія прадстаўляюцца астатнім зняволеным.

Па непацверджанай інфармацыі, прычынай стала нібыта адсутнасць Мікалая Аўтуховіча 26 жніўня 2013 года на сваім спальным месцы пасля адбою.

Па версіі той жа крыніцы, рашэнне, прынятае палітвязнем пасля накладання спагнання тлумачыцца тым, што ён старанна сыходзіць ад любых парушэнняў, не даючы для іх ніякай падставы адміністрацыі.

«Яму, як ваеннаму, не цяжка ўстаць раніцай да пад’ёму і своечасова легчы спаць. Ён прывык да такога рэжыму. Прывык і па паўгода ні з кім не размаўляць, кажучы ў дзень па пары дзяжурных фраз – толькі б не даваць падставы да далейшых правакацый», – кажа крыніца.

Такім чынам, адміністрацыя турмы імкнецца трымаць Мікалая Аўтуховіча ў статусе «злоснага парушальніка рэжыму ўтрымання». Менавіта ў дадзеным статусе яго лёгка асудзіць па арт. 411 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі) і дадаць дадатковы тэрмін, альбо прызначыць прэвентыўны нагляд пасля вызвалення.

«Калі мэты адміністрацыі менавіта такія, то Мікалай Аўтуховіч можа яшчэ доўга не выйсці на волю. Знаходзячыся ў зняволенні даўжэй іншых палітвязняў, ён цудоўна гэта разумее і ўсведамляе, што даваць лішнюю нагоду для пакаранняў адміністрацыі турмы – занадта вялікая раскоша, і ўсяляк пазбягае гэтага. Атрыманая намі інфармацыя сведчыць пра тое, што на яго ўзмацніўся ціск», – лічыць «Платформ інавейшн».

Па факце інцыдэнту праваабаронцы накіравалі запыты ў гродзенскую турму №1 і Дэпартамент выканання пакаранняў МУС.

Ветэран афганскай вайны Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны ў траўні 2010 года на пяць гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму за захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй.

Charter97

Іншыя палітычныя вязьні