Адміністрацыя калоніі не адмяніла спагнанні ў дачыненні да Алеся Бяляцкага

Адміністрацыя папраўчай калоніі № 2 Бабруйска, дзе адбывае пакаранне праваабаронца Алесь Бяляцкі, не знайшла падставаў для адмены накладзеных на яго спагнанняў. Пра гэта сказана ў лісце начальніка калоніі Аляксандра Какуніна ў адказ на зварот грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ), членам якой з’яўляецца Бяляцкі.

Афіцыйны зварот арганізацыі быў накіраваны ў калонію ў пачатку жніўня. Прадстаўнікі БАЖ паведамлялі, што маюць інфармацыю пра ўжыванне да Бяляцкага «неабгрунтаваных мер пакарання», у прыватнасці, пазбаўлення запланаванага на ліпень спаткання з жонкай і магчымасці атрымаць чарговую прадуктовую перадачу. Журналісты прасілі адмяніць гэтыя пакаранні і бліжэйшым часам дазволіць праваабаронцу сустрэчу з жонкай.

Як вынікае з адказу начальніка калоніі, асуджаны Бяляцкі «неаднаразова дапускаў парушэнні ўстаноўленага парадку адбывання пакарання». Какунін таксама адзначае, што сам Бяляцкі не абскардзіў «указаныя ў звароце спагнанні». Такім чынам, робіць выснову аўтар ліста, «падставаў для адмены спагнанняў або іх замены на іншыя няма».

«Крымінальна-выканаўчае заканадаўства РБ заснаванае на прынцыпах законнасці, гуманізму, дэмакратызму, роўнасці асуджаных перад законам, дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі выканання пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, рацыянальнага ўжывання мер прымусу і сродкаў выпраўлення асуджаных, стымулявання іх правапаслухмяных паводзін, спалучэння прымусовых мер з выхаваўчым уздзеяннем», — цытуе адказ начальніка калоніі прэс-служба БАЖ.

Варта адзначыць, што 7 жніўня, праз некалькі дзён пасля таго, як асацыяцыя журналістаў адправіла ў калонію зварот, Бяляцкаму ўсё ж дазволілі перадаць прадукты — гэта была першая з пачатку года прадуктовая перадача.

Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна», асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры. Праваабаронца быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года, у лістападзе таго ж года над ім адбыўся суд.

Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Бяляцкага замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не з’яўлялася магчымым, бо «Вясна» працуе нелегальна — улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не ўзяў пад увагу тое, што ўрон, які нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, быў цалкам кампенсаваны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Праваабаронца афіцыйна прызнаны вязнем сумлення.

belapan.com

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікола Астрэйка
  • Павал Сырамолатаў
  • Яраслаў Грышчэня
  • Зьміцер Завадскі
  • Васіль Парфянкоў