Алесю Бяляцкаму дазволілі атрымаць першую ў 2013 годзе харчовую перадачу

7 жніўня кіраўніку Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму, які адбывае пакаранне ў калоніі горада Бабруйска, сваякі змаглі перадаць харчовую перадачу. Да гэтага правабаронца не мог атрымліваць перадачы амаль 8 месяцаў.
Як распавяла жонка палітвязьня Наталля Пінчук, гэта была першая паўнавартасная 30-кілаграмовая перадача у бягучым, 2013-м годзе. Апошняя спроба перадаць Алесю Бяляцкаму прадукты харчавання мела месца тры месяцы таму — 6 траўня. Тады Наталля ПІнчук прыехала ў папраўчую калонію Бабруйска, але супрацоўнікі ўстановы абвясьцілі, што ў мінулым месяцы Бяляцкі быў пазбаўлены права атрымліваць харчовыя перадачы на паўгода.
Як паведамлялася раней, у мінулым годзе, а менавіта з сакавіка па чэрвень 2012 года, Алесь Бяляцкі атрымаў тры вымовы, у выніку чаго быў залічаны адміністрацыяй калоніі ў “злосныя парушальнікі”. У жніўні 2012 года Бяляцкаму вынесьлі яшчэ дзьве вымовы.
У выніку спагнанняў, частка якіх была атрымана Алесем за дробныя і нязначныя парушэнні, палітычны вязень, працуючы без выходных дзён, быў пазбаўлены харчовых перадачаў практычна на 8 месяцаў. Акрамя таго, яшчэ раней правабаронца згубіў права на амністыю 2012 года.

 

palitviazni.info

 

 

Іншыя палітычныя вязьні