Наталля Пінчук: Вечар арышту Алеся быў самым страшным у жыцці

Сёння спаўняецца два гады з дня арышту беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Алесь Бяляцкі быў узяты пад варту 4 жніўня 2011. Праз некалькі месяцаў суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйной суме і прыгаварыў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Грошы, што паступалі на іх, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Цяпер Бяляцкі адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска.

Жонка палітвязня Наталля Пінчук дала інтэрв’ю сайту charter97.org напярэдадні гадавіны арышту свайго мужа.

– Раскажыце, калі ласка, аб тым, у якіх умовах знаходзіцца цяпер Алесь Бяляцкі.

– Сітуацыя ў Алеся, на жаль, не змяняецца і застаецца дастаткова цяжкай. На мінулым тыдні я атрымала ад яго ліст. Ён не апісвае ўмовы, у якіх цяпер знаходзіцца. Звычайна на такое пытанне Алесь адказвае, што ўсё нармальна. Але аб умовах утрымання вядома ад тых, хто ў свой час адседзеў тэрмін у калоніі, у тым ліку і ад тых людзей, якія трапілі туды паводле палітычных прычын. Нагадаю, у гэтай калоніі сядзеў і кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў.

Ціск на Алеся не паменшыўся. Толькі ў гэтым годзе ён быў пазбаўлены магчымасці кароткатэрміновага і доўгатэрміновага спатканняў, яму нельга было перадаць прадуктовую перадачу. Акрамя таго, паводле інфармацыі, атрыманай ад іншых зняволеных, што не так даўно знаходзіліся ў калоніі ў Бабруйску, мы ведаем, што ў дачыненні да яго ўжываецца і псіхалагічны ціск. Зняволеным пад пагрозай адмовы ў УДВ альбо пад пагрозай спагнанняў забараняюць уступаць у кантакт з Алесем. Вядома, што з некаторымі вяліся прэвентыўныя размовы. Людзям, якія пакідалі калонію, забаранялі распаўсюджваць інфармацыю аб тым, што там адбываецца. Але не ўсе зняволеныя гатовыя ісці на повадзе ў адміністрацыі, таму гэтыя звесткі сталі вядомыя.

Наколькі дазваляюць умовы, Алесь займаецца напісаннем кнігі, пра якую ён казаў раней. Я не выпадкова кажу «наколькі дазваляюць умовы». Ён працуе сем дзён у тыдзень і зразумела, што трэба яшчэ знайсці час для таго, каб нешта напісаць. Разам з тым, ён вядзе досыць актыўную перапіску з тымі, хто займаецца падрыхтоўкай кнігі.

– Як змянілася Вашае жыццё пасля арышту мужа?

– 4 жніўня 2011 года цалкам змянілася маё жыццё. Іншая рэч, што паволі даводзіцца адаптавацца да новай сітуацыі, да новых рэалій, якія склаліся пасля арышту мужа. Я засталася зусім адна. Алесь знаходзіцца ў зняволенні. Пасля ягонага арышту пачаўся ціск і на нашага сына, які быў затрыманы ў тым жа месяцы. У выніку такога збегу акалічнасцей, мне даводзіцца адной развязваць праблемы, якія раней размяркоўваліся на ўсіх сямейнікаў.

– У гадавіну арышту Алеся Бяляцкага праваабаронцы правядуць акцыі ў яго падтрымку ў розных краінах свету. Наколькі важная такая падтрымка?

– Акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў, у тым ліку і тыя, якія пройдуць 4 жніўня, вельмі важныя. Я адчула гэта на сабе. Для мяне не было больш страшнага часу, чым вечар арышту Алеся. Пасля ператрусаў мы з сынам вярнуліся ў пустую кватэру і засталіся сам-насам з гэтай бядой. Было абсалютнае маўчанне – ні аднаго званка, ні аднаго голасу. І гэтая пустэча і маўчанне былі самымі страшнымі. На наступны дзень усё змянілася, таму я ведаю кошт падтрымкі.

Што да Алеся, то зразумела, што ён знаходзіцца ў значна больш складаных і цяжкіх варунках. Гэтая падтрымка вельмі важная для яго. Яна наўпрост уплывае на ягоны лёс. Досвед паказвае, што салідарнасць вялікай колькасці людзей, якія выказваюцца ў падтрымку палітычных зняволеных – гэта тая барацьба, якая ў перспектыве дасць свой плён.

– Як вы мяркуеце, наколькі сённяшняя пазіцыя Еўрапейскага Звязу спрыяе вызваленню палітвязняў і, у прыватнасці, Алеся Бяляцкага?

– Што да міжнароднага фактару, то я уважаю яго за ключавы ў пытанні вызвалення Алеся. Я б хацела нагадаць, што прысуд, які яму вынеслі, быў неправамерны нават з пункту гледжання беларускага права. Суд прыняў пастанову, кіруючыся дакументамі, сапраўднасць якіх так і не была даведзеная. Нават сведкі са стараны абвінавачвання, каментуючы дакументы, на якія спасылаўся пракурор, казалі пра тое, што гэтыя паперы не могуць быць прызнаныя сапраўднымі. Парушалася і права абароны. Яе просьбы праверыць дакументы, пададзеныя абвінавачваннем, звярнуцца да пэўных арганізацый, якія маглі б пацвердзіць тыя ці іншыя словы Алеся, не былі задаволеныя.

Я спадзяюся, што краіны Еўрапейскага Звязу і далей будуць выступаць з пазіцый салідарнасці з палітычнымі вязнямі і прадоўжаць змагацца за іх вызваленне і рэабілітацыю.

– Некалькі дзён таму еўракамісар Штэфан Фюле сказаў, што спадзяецца хутка ўбачыць Алеся Бяляцкага ў Бруселі. Ці падзяляеце Вы ягоны аптымізм?

– Мне прыемна чуць такія аптымістычныя прагнозы, але да заяваў падобнага характару я стаўлюся скептычна. Размовы аб вызваленні палітычных зняволеных вядуцца ужо больш за два гады, але сітуацыя не мяняецца. Казаць аб вызваленні Алеся можна будзе толькі тады, калі яно адбудзецца.

charter97.org

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Завадскі
  • Уладзімер Сяргееў
  • Арцём Дубскі
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў