Павал Вінаградаў гадзіну тлумачыў міліцыі, дзе быў 27 ліпеня

2 жніўня былы палітвязень Павал Вінаградаў даў тлумачэнні транспартнай міліцыі. Гутарка з міліцыянерамі цягнулася каля гадзіны і, насуперак практыцы апошняга часу, не прывяла да арышту.
“Выклікаюць у транспартную міліцыю “на падставе фотаздымкаў у сацыяльных сетках”. Нешта мне падказвае, што гаворка пойдзе пра сцяг і электрычку. А яшчэ нешта мне падказвае, што заўтра туды трэба ісьці са складзенай сумкай”, — напісаў апазіцыйны актывіст на сваёй старонкі у Фэйсбуку за дзень да візіту ў міліцыю.
Павал Вінаградаў з’яўляецца лідэрам “Zмены” — моладзевага крыла грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!”. Арганізацыя набыла вядомасьць дзякуючы дасьціпным і нестандартным формам пратэсту супраць несвабоды ў краіне (адной з першых такіх акцый, прыкладам, стаўся “пікет цацак” ля менгарвыканкаму). Павал Вінаградаў неаднарозова затрымліваўся сілавымі структурамі, у тым ліку прэвентыўна, і асуджаўся да адміністратыўных арыштаў за ўдзел у акцыях. Паводле расповядаў Паўла, калі яго не было за што пасадзіць у камеру, некаторыя ягоныя арышты грунтаваліся на паказаннях невядомых “сьведак”, быццам малады апазіцыянер “лаяўся матам”.  Таму Павал пачаў хадзіць на гутаркі па запрашэнні сілавікоў адразу падрыхтаваным да зьмяшчэння ў камеру ізалятара на вул. Акрэсьціна.
Але на гэты раз сабраная сумка з рэчамі не спатрэбілася (сам Павал Вінаградаў жартам назваў тое, што яго не пасадзілі, “цудам”). “Узялі тлумачэнні аб “разьмяшчэнні на цягніку бел-чырвона-белаго сьцяга 27.07.2013″ на станцыі такой і такой ды адпусьцілі дахаты, — паведаміў Павал праз сацыяльныя сеткі. — Адзінае што я хутка магу быць прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасьці за нематываваную адмову ад дачы паказанняў сьведкі, бо адмовіўся патлумачыць, які менавіта сябар даслаў мне тыя самыя фатаграфіі, якія я ў сябе запасьціў”. Гутарка ідзе пра фота з акцыі невядомых актывістаў “Zмены” у дату былога Дня Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь — 27 ліпеня. У той дзень у Менск з боку Маладэчна прыбыў прыгарадны электрацягнік з прычэпленым да яго 4-мэтровым нацыянальным сьцягам. Як вядома, бел-чырвона-белы сьцяг забаронены ўладамі Беларусі і лічыцца сімвалам барацьбы з дыктатурай. Па словах Паўла Вінаградава, сам ён увесь дзень 27 ліпеня 2013 года знаходзіўся ў Менску, пра што і паведаміў супрацоўнікам транспартнай міліцыі. Падозранні сілавікоў выклікала з’яўленне ў СМІ фотаздымкаў, на якіх невядомыя нібыта чапляюць сьцяг на цягнік. Пры гэтым твары людзей на здымку былі нябачныя.
palitvizni.info

Іншыя палітычныя вязьні