Павел Вінаградаў: Мы асуджаныя на посьпех!

Павел Вінаградаў — чалавек, які зараджае сваім аптымізмам. Стаміліся ад беларускіх рэалій — пагутарце з гэтым маладым чалавекам і… “Былым палітвязьнем”, — ледзь не вырвалася ў мяне, але назваць гэтак Вінаградава проста не паварочваецца язык: даўно памілаваны па крымінальнай справе, Павел застаецца пад наглядам і перыядычна вымушаны бавіць “суткі” за кратамі. Нездарма ў адным з нядаўніх інтэрв’ю малады палітык пажартаваў, што бачыць міліцыянтаў часьцей, чым уласных сваякоў.

Palitviazni.info задалі Паўлу Вінаградаву некалькі пытанняў.

— Павел, Вашыя акцыі пратэсту бачацца такімі непасрэднымі і крэатыўнымі, часам гэткімі “мімімі!” (чаго варты “пратэст цацак”)… а Вас за іх пастаянна арыштоўваюць! Вас “вяжуць” нават прэвентыўна, “для гутаркі”, на ўсялякі выпадак… Як чалавек дзеяння, дзе бераце столькі энергіі дзейнічаць?

— Энэргія пастаянна прыходзіць з розных месцаў. Часам гэта злосьць (на ўладу, на “памяркоўнасьць” беларусаў). Часам — проста жаданне добранька так патроліць (зноў жа: альбо ўладу, альбо, зрэдку, але бывае — і ўладу, і сваіх саюзьнікаў па апазіцыйным лагеры). Напэўна, ёсьць яшчэ нешта, што дае энэргію, але сфармуляваць гэта даволі цяжка.

— У якіх умовах давялося сядзець у турмах? Што было найгоршым у іх з пункту гледжання правоў чалавека? Ці можна да гэтых умоў прызвычаіцца?

— Умовы былі розныя паўсюль: быў стары ЦІП, дзе ў камеры не было нічога, а агульная абстановачка нагадвала харор; была Валадарка, з яе пастаянным перанасяленнем; была транзітная турма ў Баранавічах з пясочнай падлогай і насякомымі; была “зона” (ПК-22), якая нагадвала мне вельмі кепскі санаторый (але ўсё-ткі санаторый)… Ну, а цяпер пастаянна даводзіцца сядзець у ІВС, які, кажуць, пабудаваны па еўрастандарту і за еўрапейскія грошы, таму там нават гарачая вада ёсьць.

Найгоршая рэч, з пункту гледжання правоў чалавека — гэта тое, што ты не вінаваты, а ўсё роўна сядзіш. Астатняе ў параўнанні з гэтым — дробязі. Ну, а прывыкнуць можна да ўсяго. Нават да насякомых, што поўзаюць па табе.

— Рэжым Лукашэнкі трымаецца 19 гадоў, праз год адзначым юбілей. Але некалі мы верылі, што ён вось-сыдзе. А Вы, які тут і цяпер, як думаеце: ці доўга яшчэ гэта працягнецца? Калі ўлада зьменіцца?

— Я раблю стаўку на наступныя прэзідэнцкія выбары. У любым выпадку — мы проста асуджаныя на посьпех. Гэта такая сусьветная тэндэнцыя: дыктатары сыходзяць, прыходзяць новыя, дэмакратычныя лідэры. А мы — у цэнтры Еўропы, і ад гэтага нікуды не падзенемся.

Palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Сырамолатаў
  • Юрый Бандажэўскі
  • Анатоль Паўлаў
  • Анатоль Букас
  • Алег Сурган