Жонка Міколы Статкевіча сустрэлася з начальнікам Магілёўскай турмы

Марына Адамовіч, жонка палітзняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, сустрэлася з начальнікам Магілёўскай турмы №4 Аляксандрам Дзімітравым, дзе палітык адбывае 6 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у Плошчы 2010 года.Размова працягвалася прыкладна паўтары гадзіны. Было разгледжана шмат пытанняў, – кажа Марына Адамовіч:

– У мяне быў шэраг прэтэнзій. З той нагоды, што, парушаючы заканадаўства, мне вяртаюць у тым ліку прававыя дакументы, начальнік сказаў, што яны разбяруцца ў сітуацыі. Пры мне раздрукавалі гэты дакумент, ён заверыў, што дакумент будзе перададзены Міколу асабіста, каб канфлікт ці мае прэтэнзіі былі вырашаныя на месцы. Ён таксама мяне заверыў, што на наступны год пытанне з нормамі забеспячэння будзе вырашана.

Марына Адамовіч пацікавілася магчымасцю перагляду рэжыму ўтрымання Статкевіча. Па словах начальніка турмы, разгляд гэтага пытання адбудзецца ва ўстаноўлены тэрмін. Таксама жонка палітыка скардзілася на перашкоды ў перапісцы, на харчаванне, гаварыла пра асартымент у турэмным кіёску. Нават прапанавала перадаць у турму ў якасці гуманітарай дапамогі партыю цыбулі ці часныку. Для разбору прэтэнзій былі нават выкліканы цэнзар, начальнік забеспячэння, загадчыца крамы і іншыя. Начальнік турмы таксама паведаміў, што Статкевіч зараз рэгулярна сустракаецца са святаром.

Марына Адамовіч адзначыла, што цяперашняя адміністрацыя дэманструе волю выконваць закон. “Хаця гэтая сітуацыя раптам можа змяніцца. Так што расслабляцца нельга”, – кажа жонка палітыка.

- у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні