
25 верасня, у дзень 50-годдзя намінанта на Нобелеўскую прэмію міру, беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, кіяўляне і госці горада на майдане Незалежнасці падпісвалі для яго паштоўкі з відамі гарадоў Украіны.
Таксама ўсе ахвотныя атрымлівалі настольныя календары з партрэтам Алеся і з цытатай з яго апошняга слова ў судзе: “Я не шкадую ні аб адным сваім кроку, зробленым за гэтыя 30 гадоў, у плане абароны дэмакратыі, правоў чалавека ў Беларусі. Я гэта рабіў свядома”.
“Атмасфера каля нашага століка вельмі цёплая, — дзеліцца ўражаннямі адна з арганізатараў акцыі, якая прадстаўляе ініцыятыўную групу “Беларускі дэсант”. — Многія дзякуюць нам за тое, што робім добрую справу, распытваюць пра праваабаронцу. Нам вельмі важна, каб пра беспрэцэдэнтны выпадак з Бяляцкім ведалі не толькі ў Беларусі. Сярод тых, хто падпісаў паштоўкі, дарэчы, шмат іншаземцаў, якія пра Беларусь наогул мала чулі”.
Група “Беларускі дэсант” сабрала і адправіла з Кіева больш чым 250 паштовак Алесю Бяляцкаму.
БелаПАН