Марына Лобава: “Усё жыццё круціцца вакол сына і калоніі”

Кожны пражыты намі дзень — для кагосьці чарговы дзень у вязьніцы альбо калоніі. Як жывецца за кратамі ды калючым дротам людзям, асуджаным за палітычную актыўнасць? З якімі праблемамі яны штодня сутыкаюцца? Ці ўдаецца вырашыць іх і калі так, то якім коштам? Рэдакцыя сайту palitviazni.info распытала пра гэта Марыну Лобаву — маму палітвязьня Эдуарда Лобава, які адбывае 4-гадовы тэрмін зьняволення ў калоніі “Ваўчыныя норы” каля горада Івацэвічы. Напярэдадні нашай сустрэчы было вядома, што ў Эдуарда з’явіліся праблемы са здароўем, і бацькі паслалі яму бандэроль з вітамінамі, якую маладафронтавец доўга не мог атрымаць…

— Марына, скажыце, калі ласка, якія апошнія навіны ад Эдуарда? Ці дайшла да яго бандэроль?  Ці палячыў ён зубы?

— Я атрымала ўчора ад яго ліст, караценькі, менш чым на старонку. Ён піша, што з моманту апошняй размовы па тэлефоне навін асаблівых ў яго няма, кожны дзень падобны адзін на другі, таму піша вельмі мала. Мяркуючы па лісце, паколькі ён не згадаў бандэроль — напэўна, яна яшчэ да яго не дайшла. Гэта вельмі доўгі працэс, яна можа ісці — дакладней, ляжаць у іх на складзе — тыдні і тры. Ніхто не спяшаецца вымаць са склада і аддаваць зьняволенаму, ўсе занятыя… Наконт зубоў — ён піша, што на бліжэйшыя выходныя плануе пайсьці і паспрабаваць палячыць зубы, калі яго прымуць. Ну, калі не прымуць — тады ўжо мне паведаміць у наступным лісце або тэлефоннай размове, прыйдзецца мне зноў ехаць да адміністрацыі і неяк спрабаваць вырашыць гэтае пытанне.

Гэта ўсё досыць складана. Любая дробязь вельмі складана прабіваецца ў калоніі. Любая дробязь! Ствараюцца велізарныя праблемы, трэба не адзін раз патэлефанаваць у калонію, з’ездзіць, каб нечага дамагчыся там, хоць, здавалася б, гэта элементарна …

— Шмат разоў даводзілася езьдзіць да адміністрацыі, каб вырашаць розныя пытанні?

— Адміністрацыю я бачу літаральна кожны раз, як еду. Кожны раз у мяне да іх нейкія пытанні, якія я вырашаю пастаянна. Яшчэ ні разу не было, каб я туды езьдзіла і з кім-небудзь з адміністрацыі не сустрэлася. Гэта абавязковая з’ява. На кожнае спатканне або наведванне адваката я сама еду таксама і сустракаюся з кімсьці з адміністрацыі. Акрамя гэтага, я яшчэ тэлефаную пастаянна. І першы час са мной размаўлялі ў аператыўным аддзеле, потым перасталі адказваць на мае пытанні там, далі тэлефон намесьніка начальніка па рэжымнай рабоце.

— Вы адчуваеце прадузятае стаўленне да сабе? І да свайго сына — з-за таго, што ён «палітычны»?

— Я б не сказала, што гэта прадузятае стаўленне. Думаю, што да звычайных зьняволеных там яшчэ горшае стаўленне. Пакуль яшчэ не было вядома, што мой сын — «палітычны», са мной нават па тэлефоне практычна не размаўлялі. Першы час, калі я тэлефанавала, калі яшчэ невядома было, хто такі да іх паступіў, мяне “адфутбольвалі” тым, што казалі: “Уся інфармацыя прыйдзе да вас у лісьце, ніякіх гутарак па тэлефоне”. І, размаўляючы са сваякамі іншых зняволеных падчас паездак на спатканні, я даведваюся, што не хочуць ніякіх кантактаў па тэлефоне прадстаўнікі адміністрацыі падтрымліваць. Толькі калі ты прыязджаеш асабіста. У асноўным вельмі складана нечага дамагчыся, даведацца пра стан або пра нейкія пытанні, не прыехаўшы асабіста.

— Ці ёсць інфармацыя аб тым, як да Эдзіка ставяцца іншыя зьняволеныя?

— Наколькі я ведаю з размоваў з ім падчас працяглых спатканняў, у яго асабліва праблем з іншымі  зьняволенымі няма. Некаторыя з іх, што сядзяць там па розных дробных крадзяжах, не разумеюць, чаму ён не падпісвае прашэнне аб памілаванні, калі можна проста падпісаць гэтую паперку ​​і выйсьці на волю. Для іх гэта не адыгрывае ніякай прынцыповай ролі. Яны лічаць, што ён паступае па-дурному. Некаторыя былі, напэўна, падасланыя адміністрацыяй — тыя, хто пачынае зьвяртацца да яго пачуцця абавязку перад бацькамі, перад сваякамі, казаць, што ён дастаўляе велізарнае гора маці тым, што знаходзіцца ў калоніі, і не хоча падпісваць прашэнне аб памілаванні, і «не хоча выходзіць ». Ну, на гэта ён адказваў ім, што ён, знаходзячыся ў калоніі, з большай карысьцю праводзіць час, чым яны, знаходзячыся на волі. Што, выйшаўшы з калоніі, яны пачынаюць піць, красьці і пра бацькоў не думаюць. І трапляюць па новай. А ён нават у калоніі выкарыстоўвае час для таго, каб чытаць пэўную літаратуру, каб развіваць свае здольнасці. У яго ёсць свае зацікаўленні – гэта гісторыя, і ён займаецца гэтым.

Але асноўная маса, асабліва «эканамічныя», разумеюць яго такое прынцыповае стаўленне —  адмову пісаць прашэнне аб памілаванні, калі ён ні ў чым не вінаваты.

— А вы самі як ставіцеся да таго, што сын не хоча падпісваць гэтае прашэнне? Бо ўсё ж такі вам было б лягчэй, калі б ён яго падпісаў? Думкі такія бываюць?

— Гэта вельмі складанае пытанне. Я як маці мару, мару кожную секунду, каб ён выйшаў на волю, і як мага хутчэй! Але ў той жа час я не хачу, каб сын выйшаў — і ў яго на сумленні засталося, што ён паступіў няправільна, што узяў на сябе віну неабгрунтаваную… Я хачу, каб ён выйшаў з чыстым сумленнем. Ён ужо досыць дарослы чалавек, і любое яго рашэнне заўсёды буду вітаць.

— Калі вам належыць мець наступнае спатканне? Як яны праходзяць? Як часта адбываюцца працяглыя спатканні?

— Доўгія спатканні — адзін раз у паўгода. У кастрычніку мусяць быць і працяглае, і кароткатэрміновае. Кароткатэрміновых толькі тры на год: праз шкло, дзьве гадзіны, праз тэлефон. Нельга нават дакрануцца да рукі… І ніколі не ведаеш, ці адбудзецца яно, могуць пазбавіць ў апошні момант. Ужо вопыт паказаў на прыкладзе Францкевіча, якога напярэдадні дня нараджэння, літаральна за тры ці чатыры дні, калі ўжо мама была гатовая, пазбавілі спаткання. Таму ніколі не ведаеш, патрапіш ты ці не… Заўсёды збіраешся, усё купляеш, бо едзеш на спатканне — вязеш і перадачу. Але гэта ўсё можа застацца ў цябе дома! Можаш не перадаць перадачу ці не убачыцца нават, могуць пазбавіць і таго, і іншага. Жыццё поўнае сюрпрызаў у нас: ніколі не ведаеш, што будзе заўтра…

— Адзін з сюрпрызаў – тое, што Эдуард не змог трапіць пад амністыю, бо было сем спагнанняў па дысцыпліне?

— Так. І ён ужо «злосны парушальнік», да яго ўжыты 117-ы артыкул, ён пазбаўлены з-за гэтага грошай, на якія можа атаварвацца ў краме, яму пакінулі 100.000 рублёў… У наш час гэта наогул капейкі.

— А ці атрымаў Эдзік часопісы — тыя самыя вайсковыя выданні, якія ён заўсёды любіў?

— Часопісы — гэта ўвогуле праблема, яны не дайшлі, ні адзін! І нават у лісце ён напісаў: няма часопісаў. Мы яму яшчэ ў траўні выпісалі “Замежны ваенны агляд”. Не ведаю, што такога знайшлі ў гэтых часопісах, але чамусьці яны да сына не даходзяць, хоць усю астатнюю прэсу ён атрымлівае.  Я вось зараз буду адпраўляць скаргу на пошту, бо зампаліт сказаў, што часопісы не дайшлі да калоніі. Я яшчэ разумею, калі б за адзін месяц, але раз так ужо трэці месяц, то не можа быць такога!

— Гэта прыгожы часопіс пра ваенную тэхніку розных краін? Можа быць, камусьці самому цікава пачытаць, і ён вырашыў іх канфіскаваць?

— Я ўжо пыталася ў намесніка па рэжымнай працы: можа быць, камусьці трэба — я выпішу другі асобнік! Калі ўжо такая патрэба ёсьць у калоніі ў гэтым часопісе… Патлумачылі тым, што ён не дайшоў. Таму пачынаю я з пошты, буду падаваць скаргу на пошту. Паглядзім, што адкажуць мне з пошты, і калі акажацца, што мяне падманулі — будзем падаваць скаргу на калонію.

— Я памятаю, што вы зьбіраліся пісаць таксама скаргу ў ААН. Не перадумалі?

— Мы яшчэ не пісалі гэтую скаргу, гэта даволі складаны працэс, і трэба знайсьці чалавека, які б склаў гэтую скаргу пісьменна. Паколькі ў нас вельмі вялікая маса жадаючых напісаць гэткія скаргі, выстройваюцца літаральна чэргі. Таму што ўсіх спраў вельмі шмат, і будуць падаваць скаргі практычна ўсе. І тэрміны ва ўсіх адны. Амаль у адзін час усіх асудзілі, і практычна адначасова ўсе падавалі ў вышэйстаячыя інстанцыі, у выніку ўжо прайшлі ўсе інстанцыі ў Беларусі, і ўжо можна падаваць далей. Так, гэта доўгі працэс, не настолькі хутка гэта робіцца. Але мы зьбіраемся.

— У вас яшчэ ёсць другі сын, малодшы, таксама палітычна актыўны чалавек, які ўсім цікавіцца. Вы калі-небудзь стрымлівалі дзяцей у іхніх зацікаўленняхі? У наш час, калі дзеці актыўныя, разьвітыя, дапытлівыя і неабыякавыя, гэта, напэўна, небяспечна?

— Гэта вельмі цяжка, калі, з аднаго боку, адзін сын у турме, і ўсё жыццё ў цябе круціцца вакол яго. Ты прачынаешся і засынаеш з тымі пытаннямі, якія табе трэба вырашыць для палягчэння яго жыцця ў калоніі. І жыццё пасля таго, як яго пасадзілі, сканцэнтраванае ў асноўным толькі на ім. Але ў той жа час і трэба адцягваць увагу на малодшага, таму што ўвесь мінулы год яго таксама пастаянна затрымлівалі, пастаянна мне трэба было яго ехаць забіраць з розных РУУС. Але паколькі ён яшчэ быў непаўнагадовы, то абмяжоўвалася тым, што штрафы давалі і адпускалі, складалі пратаколы. У выніку ён быў адлічаны з інстытута.

— Ён жа ўдзельнічаў у шмат якіх акцыях пратэсту ў Менску?

— Так. У “маўклівых” акцыях ён літаральна ва ўсіх ўдзельнічаў. Я яго прасіла: «Будзь асцярожны!». Але, можа быць, сілавікі твары ўжо настолькі ведаюць – пад канец пачалі затрымліваць яго на падыходзе, так што ён проста не даходзіў нават да месца чарговай акцыі. З-за гэтага ён нават зьмяніў імідж, прычоску, пастрыг свае шыкоўныя валасы. Але гэта не дапамагло, усё роўна яго працягвалі затрымліваць. Потым быў Народны сход, сын разносіў улёткі — запрашэнні на Народны сход і зноўку быў затрыманы. Пасьля другога Народнага сходу таксама трапіў у міліцыю і быў  зьбіты ў апорным пункце. Таму хапала праблем і з малодшым сынам. Гэта, вядома, вельмі цяжка — калі пакутуюць дзеці, асабліва калі іх збіваюць. І гэтая жорсткасць міліцыі мяне вельмі абурае. Нават часам не ведаю… Вось старэйшы сын выйдзе, і яго таксама будуць затрымліваць, зьбіваць…  Гэта такая дылема: не ведаеш, дзе лепш цяпер бывае часам, на волі ці ў калоніі! Калі ў нас цяпер на любой акцыі, нават самай бяскрыўднай, могуць затрымаць або зьбіць, нават у кватэру прыйдуць, адчыняць дзьверы сваім ключом і паб’юць, як гэта было са многімі маладафронтаўцамі… Таму, чытаючы такія навіны, я нават думаю: дзе лепш у нас — у калоніі ці на волі?! Вось нават такія пытанні ў мяне ўзнікаюць!

— Што дапамагае вам чакаць вашага сына з турмы? Што падтрымлівае ў гэтым жыцці?

— Надзея на будучыню. Я думаю, што рана ці позна ўсё ж нешта зьменіцца, і мой сын дасягне ўсяго, да чаго імкнецца ў жыцці. І рэалізуе ўсе свае надзеі і мары.

— І стане вайскоўцам?..
— …у нашай незалежнай і свабоднай Беларусі. Сапраўды незалежнай.

 

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Сурган
  • Анатоль Лябедзька
  • Мікалай Дзядок
  • Андрэй Кім
  • Юлія Чыгір