У Камітэт па правах чалавека накіраваная скарга палітвязьня Эдуарда Лобава

У Камітэт па правах чалавека ААН накіравана скарга палітвязьня Эдуарда Лобава. Пра гэта сайту “Вясны” паведаміла кіраўнік ПУ “Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар” Раіса Міхайлоўская.

Індывідуальнае паведамленьне, накіраванае ў КПЧ 14 ліпеня, падрыхтавана юрыстамі «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтра». У скарзе прыводзяцца доказы парушэньня Рэспублікай Беларусь у асобе праваахоўных і судовых органаў пры затрыманьні, арышце і разглядзе крымінальнай справы Эдуарда Лобава, паведамляе ПЦ “Вясна”.

Такім чынам, гэта ўжо трэцяя скарга фігурантаў так званай справы «аб масавых беспарадках» 19 сьнежня 2010 г., падрыхтаваная юрыстамі БДЦ. Раней былі падрыхтаваныя скаргі Фёдара Мірзаянава, экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча (сумесна з амэрыканскай адвакацкай фірмай Hogan Loves).

Нагадаем, што індывідуальнае паведамленьне ў Камітэт па правах чалавека ААН падаецца ў тым выпадку, калі вычарпаныя ўсе нацыянальныя сродкі прававой абароны.

Касацыйныя скаргі, пададзеныя Эдуардам і яго адвакатам у судовую калегію па крымінальных справах Мінскага гарадскога суду, пакінуты без задавальненьня, а прысуд суда Маскоўскага раёна г. Менска бязь зьмены. Наглядная скарга, пададзеная ў Вярхоўны суд РБ, таксама пакінутая без задавальненьня. У 2013 годзе Эдуард Лобаў падаваў скаргу пракурору г. Мінска С. К. Хмаруку. У скарзе Эдуард прыводзіў доказы парушэньня яго правоў і прасіў прынесьці пратэст на прысуд суда Маскоўскага раёна г. Менска і вызначэньне судовай калегіі па крымінальных справах Менскага гарадзкога суда на прадмет іх адмены і спыненьня вытворчасьці па справе. Пракуратура г. Менска перадала скаргу ў Сьледчы Камітэт, які парушэньняў у справе Лобава не ўгледзеў, і скарга была пакінутая без задавальненьня.

Актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў быў затрыманы 18 сьнежня 2010 году, напярэдадні выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Па хлусьлівым абвінавачваньні ў бойцы зь мінакамі судзьдзя суда Маскоўскага раёна г. Менска Алена Шылько 24 сакавіка 2011 г. прысудзіла яго да 4 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пасьля вынясеньня прысуду Amnesty International прызнала Эдуарда Лобава вязьнем сумленьня. У цяперашні час Эдуард Лобаў адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 22 Брэсцкай вобласьці.

 

Іншыя палітычныя вязьні