Эдуард Лобаў

Эдуард Лобаў

Актывіст “Маладога Фронту”. Нарадзіўся ў Вільні 1-га сьнежня 1988 года. Ужо ў 8-м класе сярэдняй школы вырашыў зьвязаць сваё жыццё з войскам. Чытаў адмысловую літаратуру, займаўся спортам. На службу трапіў у Віцебскі дэсант. Па вяртанні з войска Эдуард актыўна ўключыўся ў працу “Маладога Фронту”, неўзабаве стаў кіраўніком менскай гарадской арганізацыі.

Храналогія перасьледу

Эдуард Лобаў быў асуджаны да чатырох гадоў зьняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое рашэньне абвясьціла 24 сакавіка 2011 г. у судзе Маскоўскага раёну Менска суддзя Алена Шылько. 22-гадовы актывіст МФ быў прызнаны вінаватым на падставе часткі 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса — “асабліва злоснае хуліганства”.

Эдуард Лобаў разам са старшынёй !Маладога Фронту” Зьмітром Дашкевічам быў затрыманы ў Менску 18 сьнежня 2010 года. Паводле інфармацыі ГУУС Менгарвыканкаму, у двары жылога дома па вуліцы Янкі Брыля яны нібыта зьбівалі мінакоў — Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Затрыманьне Лобава і Дашкевіча было прэвентыўнай мерай сьпецслужбаў і міліцыі напярэдадні выбараў прэзідэнта, якія адбываліся на наступны дзень.

Да суда Эдуард утрымліваўся ў Жодзінскім СІЗА, з пачатку сакавіка 2011 г. — у Менскім СІЗА па вул. Валадарскага.

З 7 красавіка 2011 г. адбывае прысуд у Івацэвіцкай калоніі № 22 (так званых “Ваўчыных норах”). У адным з лістоў напачатку 2012 г. вязень піша, што ён сячэ дровы, і што ў калоніі, якая знаходзіцца ў лесе, не вельмі добра з радыяцыйным фонам: яна знаходзіцца на месцы былой вайсковай часткі.