Марына Лобава: Ад сына лістоў няма, але ён нарэшце пазваніў

Пасля працяглага перапынку дахаты пазваніў палітзняволены маладафронтавец Эдуард Лобаў. “У яго ўсё нармальна,” — кажа Марына Лобава, маці Эдуарда. Яе толькі здзіўляе, што званок адбыўся амаль адразу пасля яе каментароў у прэсе, у якіх яна сказала, што да сына ў Івацэвіцкую калонію збіраецца ехаць адвакат.

Марына Лобава:

– Амаль чытыры тыдні не было лістоў. Званіў, казаў, што пакуль адваката не трэба, ён паведаміць, калі трэба будзе прывезці. Пакуль у яго больш-менш усё нармальна. Планую доўгатэрміновае спатканне на лістапад. Хацеў на кастрычнік, але ўжо позна заяву пісаць, таму будзе пісаць на лістапад. Званкі непрацяглыя – 3-4 хвіліны. Толькі паспяваеш спытаць як у яго справы.

Эдуард Лобаў сказаў, што ў дадзены момант на яго не аказваецца ціску з мэтай прымусіць напісаць прашэнне аб памілавінні.
Лобаў асуджаны на 4 гады зняволення нібыта за хуліганства. Ён праходзіў па адной справе з лідарам Маладога Фронту Змітром Дашкевічам, які атрымаў 2 гады. На судзе іх віна не была даказаная. Наадварот, сведкі казалі, што на маладафронтаўцаў быў здейснены напад двух асоб у цывільным, якія затрымалі і збілі Дашкевіча і Лобава. Аднак суд не прыслухаўся да гэтых сведчанняў.

racyja.eu

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сьвятаслаў Барановіч
  • Міхаіл Марыніч
  • Васіль Старавойтаў
  • Аляксандар Казакоў
  • Анатоль Паўлаў